Выбрать главу

Гатэль «Эль-Мінзаг» быў невялікі, але затое ля самага мора. Не цярпелася паставіць чамадан ля варот і бегчы да гаючай вады. Але ж не, парадак ёсць парадак. Трэба было паказаць пашпарты, атрымаць у дзяжурнага гатэля картачкі рэгістрацыі, запісаць у іх тое, што патрабавалася — прозвішча, імя, з якой краіны прыбыў.

— Ой, ды тут жа на арабскай мове! — залямантавала светлавалосая Іра, мантажніца з Баранавіч. І адразу пачуліся яшчэ панічныя галасы — як прачытаць арабскія словы? Хітрыя завітушкі і кропкі ў дужках і над дужкамі. Ды і чытаць, аказваецца, трэба з другога канца. Спрасонку не заўважылі, што пытанні прадубліраваны, паўтараюцца і на французскай мове. А яе ж таксама не ведалі! І чаму б не дамовіцца людзям, каб увесці паўсюдна хаця б аднолькавы алфавіт! Ды размовы-пажаданні адно, а запаўняць трэба тое, што прапануюць гаспадары і на той мове, якая ўказана. Юрыю Сяргеевічу, ледзьве скончыў запаўняць сабе рэгістрацыйную картачку, падсунула лісток Іра: «Вы ўжо і мне, калі ласка». Тут яшчэ пацягнуліся рукі з паперкамі: «І мне, калі ласка, і мне, і мне…» Юрый Сяргеевіч думаў дыктаваць, потым махнуў рукой і пачаў запісваць усё сам, нават галаву не падымаў.

— Ну, таварышы родныя, нельга так эксплуатаваць чалавека, — умяшаўся кіраўнік групы.

Юрый Сяргеевіч разумеў гэтых хлопцаў і дзяўчат: разгубіліся, трэба іх падтрымаць першы раз.

— Даліся вам у знакі мае няўмекі, Юрый Сяргеевіч? — спачуваў кіраўнік турысцкай групы. — Дзякуй, што памаглі. Але і наро-од! Усе ж пісьменныя, замежную мову з чацвёртага класа вывучалі, а за мяжой убачылі лацінскія літары і адразу спалохаліся… Вока ў вас пачырванела: мошка якая трапіла ці ад напружання? Ну, адпачывайце… Вось ключ ад пяцьдзесят дзевятага нумара. Другі паверх. Прабачайце, што не на аднаго, не атрымліваецца. Не супраць, калі я вам Савіліна ў суседзі? Ну — зямляк ваш…

Юрый Сяргеевіч не адразу зразумеў, што Савілін — гэта Радзім. Турыстаў, як ён чуў, раніцаю павязуць у горад Аран, за паўтысячы кіламетраў адсюль, у бок граніцы з Марока. Гэта на паўднёвы захад. Прыгожыя мясціны. Ад знакамітага старажытнага горада Тлемсена ўсяго паўтары сотні кіламетраў. Ну, а яму як пабачыць старых знаёмых у Аль-Джазаіры? Відаць, спачатку ён паедзе ў Кабільскія горы. Магчыма, Уадыяс наведаць давядзецца, бо і там зараз працуюць нашы мінскія трактары. Горныя ўмовы, паблізу Сахара. З пустыні не-не ды і нясе драбнюткі пясок, ад якога канструктарам так цяжка аберагаць маторы. Юрый Сяргеевіч думаў пра мінскія трактары, як пра жывыя істоты. Вось ужо амаль два дзесяткі гадоў ён вывучае іх на розных рэжымах работы, кіруе рамонтам, удасканальвае.

Вочы ў Юрыя Сяргеевіча проста зліпаліся, але ён прымусіў сябе ўсё ж прыняць душ. Потым дастаў маленькі электронны будзільнік, паставіў на шэсць гадзін па алжырскаму часу і паклаў ля сябе на тумбачку. Радзім Савілін таксама памыўся, сеў на ложак і, нягледзячы на стомленасць, як сапраўдны журналіст, імкнуўся распытваць Юрыя Сяргеевіча пра падарожжы. Але хутка і раптам заснуў сам. Юрый Сяргеевіч усміхнуўся і выключыў святло. Некаторы час ляжаў, прыслухоўваючыся да блізкага шапацення марскіх хваляў. Перш-наперш, вырашыў ён, трэба пазваніць заўтра доктару Антсу Кійку. Прыемна было ўяўляць, як яны пачнуць сяброўскую гаворку, па звычцы пакепліваючы адзін з аднаго.

Але раніцаю Юрый Сяргеевіч падняў тэлефонную трубку і зразумеў: за тыя паўтара дзесятка гадоў, пакуль яго тут не было, нават тэлефонныя нумары неаднаразова памяняліся — у яго былі запісаны чатырохзначныя, і дзяжурны атэля толькі прысвіснуў, зірнуўшы на іх. Юрый Сяргеевіч гартануў тэлефонны даведнік, які яму прапанавалі,— лічбы ўсюды былі шасцізначныя. Але яго чакала яшчэ адно расчараванне: не адказваў і тэлефон, які яму далі перад ад'ездам у камандзіроўку. Дзяжурны гатэля зноў прыйшоў яму на дапамогу: сёння ж дзень адпачынку, так што няхай месье не здзіўляецца, што тэлефон не адказвае. «Як дзень адпачынку? — разгубіўся Юрый Сяргеевіч. — Толькі ж пятніца». І тут жа пасмяяўся з сябе — гэта ж трэба, не ўлічыў такой драбязы, вось і сядзі тут зараз цэлыя суткі… Нават і ехаць зараз у горад няма ніякага сэнсу. Бо ўсе ж, вядома, дзе-небудзь ля мора, ратуюцца ад спёкі. Ад сонца нават у гэтыя ранішнія гадзіны пачынае звінець у галаве.

Вось так і здарылася, што Радзіму Савіліну пашанцавала. Ён слухаў расказы Юрыя Сяргеевіча з раніцы да позняга вечара. І, можа, таму, што тыя, з кім ён столькі гадоў марыў нарэшце сустрэцца, былі зусім блізка, але, як і раней, недасягальныя, Юрый Сяргеевіч расказваў пра іх з асаблівым пачуццём. Быццам, перш чым сустрэцца, хацеў для сябе ўзнавіць у памяці ўсё, што адбывалася з імі і ім самім раней. Ёсць у чалавека такая патрэба — успамінаць сваё мінулае.

Познім вечарам, калі яны вярнуліся з пляжа, Савілін зноў хацеў прадоўжыць роспыты. Але Юрый Сяргеевіч зірнуў на гадзіннік, потым на блакнот свайго маладога сябра і рашуча сказаў:

— Усё, Радзім. Астатняе пры наступнай сустрэчы.

— Дык калі тое яшчэ будзе! — запярэчыў Савілін. — Нават калі вернемся зноў у Саюз, то вы ў Мінск, а я ў Магілёў.

— Я запрашу цябе ў госці,— усміхнуўся Юрый Сяргеевіч. — А мо да таго часу гэтая гісторыя цябе перастане цікавіць.

— Не перастане, — рашуча заявіў Савілін. — Калі вы дазволіце, я нават напішу сёе-тое.

— Справа твая, — кіўнуў Юрый Сяргеевіч, пакуючы чамадан, каб не займацца гэтым раніцай. — А сустрэцца мы, магчыма, зможам дзён праз дзесяць. Ваша група, я чуў, у гэты час ужо будзе зноў тут. Я пазваню…

— Ну, тады апошняе пытанне, — сказаў Савілін. — Вось вы расказвалі пра адчайных алжырскіх хлапчукоў, пра старога Аіт-Хаммуша, пра сябе…

— Не, гэта не пра мяне, — рашуча запярэчыў Юрый Сяргеевіч. — Пра маіх блізкіх знаёмых. Між іншым, ведаеш што? Ты ж хочаш, як я зразумеў, напісаць аповесць?

— Аповесць, — згадзіўся малады журналіст, сарамліва апускаючы вочы.

— Вось бачыш, мастацкі твор. Значыць, захочаш выкарыстаць не толькі тое, што даведаўся ад мяне, а і яшчэ многа чаго… Так што, калі ласка, маё прозвішча не называй. Дамовіліся?

— Добра, — сказаў Савілін, са шкадаваннем загарнуў блакнот. — Але ўсё ж апошняе пытанне: хто з тых, пра каго вы расказалі, сапраўдны Сіндбад-Мараход? Можа, ваш знаёмы? Ведаеце, дарэчы, якое ў яго будзе прозвішча? Як у майго дзядулі, які некалі, да рэвалюцыі, марыў паехаць у Амерыку і нават прадаў апошнюю карову, каб заплаціць за дарогу, — Добыш яго прозвішча.

— Калі напішаш, то няхай самі чытачы і вырашаць, хто быў сапраўдны Сіндбад-Мараход у нашай гісторыі.

Савіліну падалося, што ў адказе Юрыя Сяргеевіча прагучаў прыхаваны недавер да яго здольнасцей, і ён пакляўся сабе: будзе працаваць хоць па дваццаць гадзін у суткі, а сваё дакажа. Гэта прымусіла яго неадкладна падняцца з ложка, хоць ён і страшэнна стаміўся за тлумны і спякотны дзень. На дыбачках пайшоў у пярэднюю, зачыніў за сабой дзверы, каб святло не турбавала Юрыя Сяргеевіча, і апусціўся на старэнькае крэсла пад лямпачкай. Ён ледзь трымаў аловак у руцэ, але рупіўся запісаць уражанні як мага паўней.