Выбрать главу

— Вось мы і дачакаліся. А зараз вы самі будзеце меркаваць, што атрымалася.

Як і большасць бурыльшчыкаў, Добыш чакаў, што пасля такога ўрачыстага пачатку Карнееў скажа вялікую прамову. Не толькі пра тое, колькі дзён і начэй яны тут змагаліся за ваду, але і наогул пра ваду Сахары як аснову жыцця ў гэтым краі. Ды і дзе яна не аснова? Успомніць, магчыма, у сувязі з гэтым таксама пра старажытную цывілізацыю ў тутэйшых мясцінах, што загінула ад сухавеяў і нашэсця пяску. Тайны яе да канца яшчэ не раскрыты, як і паходжанне цудоўных скульптур у гарах Ахагар, на самым поўдні Алжырскай Сахары, — нямых сведкаў таго, што людзі, якія некалі там жылі, дасягнулі высокай ступені культуры. Нарэшце пра эміра Абд аль-Кадзіра, які не толькі апяваў пустыню ў прыгожых вершах, але і ўзняў сцяг барацьбы за свабоду яе жыхароў. Пра ваданоса з Аль-Джазаіра — Бу-Зіана, які вярнуўся ў пустыню, каб тут прадоўжыць справу вялікага шэйха. Яшчэ пра аднаго яе мужнага сына — Бу-Амаму, які ўзняў паўстанне, каб калодзежы і зямля належалі тым, хто працуе сам. Ды тысячы іх былі, каго каланізатары расстрэльвалі ці адпраўлялі на катаргу ў руднікі Новай Каледоніі яшчэ разам з парыжскімі камунарамі! Усё гэта быў бы расказ і пра ваду.

Пасля кароткага маўчання Карнееў раптам павярнуўся да бурыльшчыкаў і прамовіў:

— Ну, рашайце, каму даручым, так сказаць, разрэзаць ганаровую стужку на адкрыцці новага калодзежа.

— Ды сам крутні, чаго там, — сказаў Сізоў.

— Юсуф-задэ, — прамовіў тады Карнееў,— табе выбіраць напарнікаў.

Буравы майстар уважлівым позіркам акінуў усіх сваіх паплечнікаў. Азірнуўся, некага шукаючы.

— Рабах, — звярнуўся ён да свайго новага памочніка, — пайшлі, таварыш… Амама, — паклікаў затым матарыста, — ты таксама.

У юнакоў выраз на тварах быў урачыста-трывожны.

Быццам гэта вельмі складаная справа — павярнуць вентыль, каб шуганула вада, падумалася Аклілю. Але і хлопчык глядзеў зараз на іх другімі вачамі.

— Давайце! — ціха сказаў юнакам буравы майстар і сам першы дакрануўся да вентыля, нібы яшчэ раз правяраючы яго безадказнасць.

Амама і Рабах адначасова крутнулі вентылі — у патрубку загуло, ён здрыгануўся, быццам патрывожаная сталёвая істота. Затым пачуўся клёкат, сіпенне, на нейкай ноце, быццам захлынуўшыся, усё гэта змоўкла, і раптам узнік магутны і нейкі мяккі гуд — шугануў белы слуп вады. Раскідваючыся, ён праз хвіліну ўзняўся ў вышыню пальмавым дрэвам і адтуль, раздрабіўшыся на мноства веерападобных струменяў, пенячыся і пабліскваючы, абрынуўся на сасмаглы гарачы дол.

Гледачы дружна закрычалі ад захаплення. Вада падала на раскрытыя далоні, на ўзнятыя твары, на голыя карычневыя целы малых дзяцей, якіх маці, смеючыся, падстаўлялі пад чароўны дождж. Людзі пілі ваду з прыгаршчаў, напаўнялі збаны, каб тут жа выліць іх на суседзяў, упершыню ў жыцці дазволіўшы сабе такое нечуванае ў пустыні марнатраўства. Дзяўчаты ў мокрых сукенках скакалі пад струменямі незвычайнага фантана. Асмялеўшы, яны са смехам уцягнулі ў сваё кола Юсуф-задэ, Сізова, Добыша. Пажылыя сейіды, ківаючы галовамі, абгорнутымі пакрываламі — тагельмуст, якія цяпер былі наскрозь прамоклыя, толькі лагодна пасміхаліся, пазіраючы на гэткія вольнасці сваіх супляменніц, і злізвалі з вусоў кроплі вады.

Вада нарэшце пабегла і па вузкім бетонным канале, дзеці весела кінуліся за ёю следам, коўзаючыся на вільготнай гліне і пырскаючыся.

Пад вечар з суседніх аазісаў прыйшлі бадай усе — ад малога да вялікага. Не было толькі сівабародага раіса. Старэйшыны загадалі прынесці да свідравіны асвячонае марабутам ягня. Па старому звычаю, ваду новага калодзежа неабходна было змяшаць з яго крывёю. Раздаваліся гукі тамбурынаў, адзін з юнакоў прынёс музычны старадаўні інструмент, падобны на сучасны габой. Сізоў хутка настроіў пад яго сваю гітару. Паэты пустыні паспелі скласці вершы пра жыватворную пальму з «вялікай» вады.

У настаўніка ўзнікла спрэчка са старэйшынамі аазіса — як лепей распарадзіцца новай вадой. Бо вады было больш, чым некалі маглі меркаваць. Хаця ў першую палову дня яна будзе цячы да плантацый вялікага аазіса, а ў другую — да суседзяў, усё роўна яе будзе багата. Значыць, можна дадаткова асвоіць новыя палі.

— Але ж зямля пустыні нікому не належыць! — казалі старыя.

— Нікому, — пацвердзіў марабут, які таксама прыйшоў зірнуць на дзіва.

— Яе нельга купіць ці арандаваць, — вырашылі старыя, — а таму нельга туды пускаць і ваду.

— Зямля належыць Алжыру, — прамовіў настаўнік. — Мы заплацілі за яе крывёю, калі ваявалі з каланізатарамі. Кожнаму належыць новая вада — так вырашыў алжырскі ўрад, і кожнаму з нас належыць гэтая зямля.

На настаўніка, які здаровай рукой адцягваў пусты рукаў ваенай курткі, старыя глядзелі з падазрэннем. Так, як ён думаў, яны не прывыклі і ўсё мералі на стары звычай.

Амама, які прагна прыслухоўваўся да размовы, падышоў бліжэй да настаўніка, стаў з ім плячо ў плячо. Ён цяпер знаходзіўся ля старэйшын так блізка, як раней ніколі не асмеліўся б. Ён глядзеў на настаўніка, быццам аддаў яму ўсе свае словы, якія жадаў, але не ўмеў яшчэ вымавіць услых. Затое малады туарэг, на якім была гэткая ж старая ваенная вопратка, як на настаўніку, дзёрзка пабліскваючы чорнымі вачамі, заявіў:

— Новую зямлю трэба аддаць тым, у каго няма!..

— А ці не лепей, браты, палі не драбніць, а апрацоўваць агульнымі сіламі, каб потым дзяліць ураджай у залежнасці ад таго, хто колькі працаваў? — прапанаваў настаўнік.

— Дык ты хочаш кааператыў, о Збіры? — пыталіся ў яго.

— Ці ж вы не ведаеце, што ў пустыні ў адзіночку яшчэ ніхто ніколі не выжыў, нават моцныя? — сказаў настаўнік. — Нашы продкі ведалі: калі не дапаможаш суседу, можаш загінуць сам…

Малады туарэг у ваеннай вопратцы весела крыкнуў:

— Гэта цячэ з зямлі наша багацце! Карыстаючыся нейкімі сваімі сродкамі перадачы навін, з пустыні падыходзілі новыя і новыя караваны. Прыехалі пераможцы мінулагодняга свята моладзі тутэйшых мясцін — ахаля. У аднаго з іх, прыгожага юнака з пранізлівымі змрочнымі вачамі, у руках быў рабаб — музычны інструмент накшталт скрыпкі. Другі юнак таксама меў музычны струнны інструмент — амзад, на якім ён акампанаваў сабе, калі спяваў. Вакол музыкаў адразу стоўпіліся старыя і маладыя, бо пераможцы на святах ахаль карысталіся вялікай славай сярод жыхароў пустыні. Іх імёны ведалі ва ўсіх аазісах і качэўях краю. Юнак, які іграў на амзадзе, пачаў спаборнічаць з мясцовымі паэтамі ў складанні эпіграм. Кожнае ўдалае выступленне сустракалася дружным смехам і воклічамі слухачоў. Бурыльшчыкам незразумелыя выразы перакладаў настаўнік.

У гэтай атмасферы свята да Добыша не адразу дайшлі словы Рабаха, што выдыхнуў:

— Амаму забілі!

Як, хто?! Ці ж у гэткай мітусні дазнаешся. Фельчара знайшлі праз чвэрць гадзіны. Ён цокаў языком, аглядаючы рану: гэта ж трэба — нож увайшоў дакладна пад сэрца, спрактыкаваная да забойства рука нанесла ўдар! Але жыццё яшчэ цеплілася ў юнаку.

Каб на аперацыйны стол ды да добрага хірурга… А што ён, фельчар, можа?!

Добыш адразу падумаў: Кійк! Доктар Кійк патрэбен. А як тэрмінова даставіць Амаму ў Аль-Джазаір? Карнееў ухапіўся за ідэю. Але ці ўдасца выклікаць санітарны самалёт! Пакуль той прыляціць сюды, пакуль вернецца…

Раптам Сізоў успомніў, што чуў ад геолагаў — да іх у аазіс Дзіў учора павінен быў прыляцець самалёт. Раптам ён яшчэ там! Тэрмінова звязаліся па рацыі з геолагамі — самалёт у Дзіве і вяртаецца ў Аль-Джазаір наступнай раніцай.

Трэба спяшацца!

Амаму перавязалі, паклалі на насілкі… Добыш адчуў, што яго нехта настойліва торгае за крысо. Акліль?

— Ты чаго? — прыгарнуў хлопчыка да сябе. — Эх, не ўбераглі мы Амаму!

— Яны ўцяклі! — на вачах у Акліля блішчалі слёзы.

— Ты пра каго? — здзівіўся Добыш.

— Пра Селіма і Хуары. О, Хуары выдаў нашу тайну! — Акліль сціснуў кулакі.— Ён здраднік!

— Дык куды гэта яны збеглі? — занепакоіўся Добыш.

— У Аль-Джазаір, узрываць сутарэнне. — Акліль у роспачы апусціўся на пясок і ўнурыў галаву.