Выбрать главу

— Дай гэтую цацку сюды, прыяцель, — прамовіў Шабан, толькі цяпер зразумеўшы, што безнадзейна ўпусціў момант, калі можна было забраць рэвальвер без усякай рызыкі.— Прыяцель, не…

Паспеў толькі апусціцца на калені, як грымнуў стрэл. «Канец, — Шабан схапіўся рукамі за грудзі і раптам адчуў, які ён кволы і бездапаможны. — Трэба ж… Я не хацеў…»

Ён не паспеў дадумаць, чаго не хацеў, таму што ў наступны момант грымнуўся спінай на камяні і пасунуўся ўніз, да вады.

Стрэл з рэвальвера быў такім нечаканым і для Гедыфі.

— А, стары сабака… — Ён скіраваў аўтамат угору. Кулі пачалі крышыць камень вакол нерухомага цела Аіт-Хаммуша.

— Уцякае! — спалохана закрычаў Вільнаў, паказваючы рукой у бок пляжа. У другой руцэ ён трымаў свой сакваяж з прывязаным да яго скруткам, бо і сам збіраўся ўцякаць з гэтага праклятага месца.

Малады савет, бы дзікі казёл, імчаў да хмызнякоў. Гедыфі таропка даў кароткую чаргу. Уцякач пляснуўся ў лагчыну і ўціснуў галаву ў пясок. Гедыфі стрэліў яшчэ, але дарэмна — кулі ішлі вышэй. На такой адлегласці з аўтамата амаль немагчыма было страляць прыцэльна. Тут трэба вінтоўка.

— Вазьмі вінтоўку! — загадаў ён Вільнаву, паспешліва ўстаўляючы ў аўтамат новы і апошні магазін. — Каму сказана!

Вільнаў, адразу ўспацеўшы, падышоў да Шабана і пачаў выцягваць з-пад яго цяжкага цела вінтоўку.

— Ды піхні ты яго, ёлуп! — зноў закрычаў Гедыфі. — Вось так. А зараз у лодку і на той бераг!

Наліўшыся лютасцю на ўсіх на свеце, Вільнаў, перш чым сесці ў лодку, расставіў ногі і стрэліў у тое месца, дзе залёг гэты пракляты зямляк. «Прынесла ж нячыстая сіла, зблытаў усе карты», — Вільнаў рашуча клацнуў затворам, заганяючы новы патрон, калі са скалы грымнуў стрэл, потым другі…

Вільнаў асеў, працягваючы трымаць вінтоўку, і ашалела закруціў галавой. Ён бачыў, як стары прыўзняўся, каб стрэліць у яго зноў, і таргануўся ад жудасці.

— Не-е-е! — крыкнуў ён у бездапаможнай роспачы.

Гедыфі азірнуўся і даў па старому дзве кароткія прыцэльныя чаргі. Рэвальвер зваліўся ў ваду. Адразу ж пачуўся яшчэ адзін усплеск, значна мацнейшы. Гедыфі азірнуўся і ўбачыў, што ў ваду зваліўся Шабан. «Ну і шайтан з ім, — Гедыфі пачаў біць кароткімі чэргамі па ўцекачу на пляжы, бо ірум'ен выбраўся з лагчынкі і ўпарта поўз да хмызняку. — Ах, сабака, сцяміў, што трэба не бегчы, а рыць носам зямлю, калі хочаш ацалець». Не, яшчэ не ўсё згублена, сказаў ён сабе. Хутка сцямнее, а тады прыйдзе памочнік старога. «Ненадзейны быў стары, — падумаў яшчэ. — Казаў жа Рамдану — замяніць яго трэба неадкладна. Бач, як ён з рэвальвера… Але, здаецца ж, я яго паклаў напавал…»

Стукнула яшчэ тры стрэлы — і магазін апусцеў. Гедыфі вылаяўся, шпурнуў аўтамат у ваду і падаўся да вінтоўкі. Уцякач на тым беразе, відаць, добра бачыў яго, бо ўскочыў на ногі і нешта закрычаў. Адразу ж да хмызняку памчаў хлапчук, пра якога Гедыфі нават і забыў зусім.

— Ах, шайтан! — Гедыфі схапіў вінтоўку, але малы ўжо знік сярод камянёў, як яшчарка. Гедыфі раз за разам стрэліў у тое месца, дзе варушыліся галінкі хмызняку. Там выбіраўся з-пад яго агню савет. Вось ён мільгнуў на самым грэбені, Гедыфі стрэліў. Папаў ці не? «Усё роўна цяпер трэба як мага хутчэй з вострава, — сказаў сабе Гедыфі,— бо малы ўжо каля шашы і праз гадзіну тут будзе паліцыя».

Гедыфі кінуў у ваду і вінтоўку, схапіў сакваяж Вільнава і скокнуў у лодку… Ён ужо адплыў ад вострава метры на два, калі раптам успомніў пра хлопчыкаў: «Там жа шчанюкі засталіся! Вось каго пакідаць не трэба. Прывалок жа іх Рамдан на маю галаву!»

Гедыфі паспешліва выцягнуў з камянёў каля хаціны «бондэсант», які перадаў яму Рамдан. Укруціўшы запал, падышоў да спіжарні і адамкнуў дзверы. Хуары і Селім стаіліся ў самым дальнім кутку за гурбай старых кошыкаў. Прыкмеціўшы іх, Гедыфі пагрозліва крыкнуў:

— Устаць! Да мяне, хутка!

І, адступіўшы за каменную сцяну, шпурнуў «бондэсант» у сярэдзіну спіжарні. Спалоханы крык хлапчукоў, глухі выбух. Гедыфі нават не зірнуў у спіжарню, адкуль паваліў жоўты едкі дым. Як дзейнічае «бондэсант», ён ведаў добра.

* * *

Стары расплюшчыў вочы і глядзеў на Добыша. Позірк яго спачатку быў няпэўны, нібы шкляны, амаль нежывы, але хутка з'явілася як бы праталінка ў ледзяным акне.

— Даххм… — нешта сіліўся вымавіць Аіт-Хаммуш, углядаючыся ў Добыша, ад чаго таму было не па сабе. — Дахх…

— Нешта ён вам хоча сказаць, — прамовіў паліцэйскі, уважліва разглядаючы Добыша.

Аіт-Хаммуш ледзь прыкметна варухнуў рукой і зноў захрыпеў, працягваючы сачыць за Добышам.

— Ён глядзіць на вас, быццам нешта хоча спытаць, — зноў сказаў паліцэйскі.

Добышу і самому так здавалася. Але аб чым хацеў спытаць стары?

Падышоў паліцэйскі ўрач і марлевым тампонам з нейкай пякучай вадкасцю асцярожна абцёр Добышу скроню. Другі тампон загадаў прыкласці да вока і трымаць як мага даўжэй.

— Як вы мяркуеце, хлопчыкі выжывуць? — спытаў у яго Добыш.

— Аднаго, відаць, не давязём жывым нават да шпіталя. А другі — гледзячы на якога хірурга трапіць. Кажуць, савецкі доктар аднойчы выратаваў гэтага старога.

— Ведаю, — адказаў Добыш, гледзячы, як перабінтоўваюць старому грудзі.

— Але цяпер яго не ўратаваць, — паківаў галавой урач. — Кулі ў грудзях, у жываце, а яшчэ нажавая рана — яна смяртэльная.

Да Добыша падышоў доктар Кійк.

— Ну, як? — ён зірнуў на параненае вока і, як і паліцэйскі доктар, загадаў трымаць тампон. — А ў шпіталі адразу да акуліста.

Паліцэйскі камісар выгукнуў прозвішчы аператыўнікаў, якія застаюцца на востраве дзяжурыць.

— Астатнія хутка на катэр! — загадаў ён. — К ночы будзе добры шторм, на яго і разлічвалі кантрабандысты.

Добыш узяўся за насілкі, каб памагчы перанесці старога. Катэр падкідвала хвалямі, хаця ў бухтачцы яны былі значна меншыя, чым у адкрытым моры. Стары зноў расплюшчыў вочы і варухнуў пасінелымі губамі. Так, ён аб нечым хацеў спытаць у Добыша. Прыкра было ўсведамляць, што гэта застанецца назаўсёды невядомым.

— З Амамам будзе ўсё ў парадку, — сказаў доктар Кійк, які стаў побач. — Моцны хлопец.

Хоць адзіная радасная навіна.

Хваля з мора неяк спадцішка падкацілася пад сходні катэра і ўзарвалася ў камянях, як тарпеда. Усіх абдало буйнымі пырскамі. Паліцэйскі фатограф лаяўся: намачыла аб'ектывы.

Добыш стаяў, падтрымліваючы падвясныя насілкі з Аіт-Хаммушам, каб яны не так разгойдваліся. Побач трымаўся маўклівы Акліль. Ён за гэтыя апошнія дні прыкметна ўзмужнеў. Падышоў паліцэйскі камісар.

— Баліць? — паспачуваў ён. — Потым зойдзеце, калі ласка, да нас, запішам вашы паказанні… Нічога, гэткі выпадак не першы і не апошні. Барацьба… Вы нядаўна ў нас у Алжыры?

— Цяпер мне здаецца — даўно, — адказаў Добыш.

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА,

або Хто ўспомніць пра Аіт-Хаммуша?

Пасля дзесяцідзённага падарожжа па краіне Радзім Савілін вярнуўся ў Аль-Джазаір. Ён спадзяваўся, што Юрый Сяргеевіч ужо ў горадзе і павязе, як абяцаў, да магілы Аіт-Хаммуша. Але яго чакала расчараванне: па тэлефоне, які пакінуў Юрый Сяргеевіч, адказалі, што той яшчэ ў пустыні каля Таманрассета. Часу заставалася зусім мала — праз два дні дадому. Выходзіла, што сустрэцца ім не ўдасца. Так прайшоў дзень. Назаўтра Савілін распытаў у алжырскага журналіста, з якім пазнаёміўся ў часе падарожжа, на якіх могілках горада хаваюць рыбакоў. Аказалася — туды ходзіць аўтобус. Савілін купіў кветак і паехаў.

Канечне, нічога пра Аіт-Хаммуша ў вартаўніка ён не даведаўся. Дзе пахаваны стары рыбак, які загінуў на востраве? Вартаўнік паціскаў плячамі: ды такіх нямала, каго паклала бандыцкая куля. За новы Алжыр патрыёты багата сплацілі і крывёю і жыццямі.