Выбрать главу

Каб усцягнуць дзверцы на другі паверх, аддалі апошнія сілы. Паспрабавалі адразу прыладзіць іх, але ўжо не слухаліся рукі і ногі, усё цела дрыжала.

У Хуары была даволі прасторная камора, якую нехта выгарадзіў з тоўстых дошак і кавалкаў бляхі. Хто быў той чалавек ці тыя людзі, што зрабілі гэта, куды яны падзеліся пасля, хлопчык не ведаў. Можа, сапраўды тут жылі легіянеры, як сцвярджаў стары казапас? Але цяпер гэта належыць Хуары, і ён нікому не саступіць, будзе змагацца за сваё жытло, як толькі зможа. Добра, што камора на другім паверсе і туды вядзе лесвіца. Калі прывязаць вяроўку, можна ўсцягваць лесвіцу за сабой. Цяпер Хуары гэта не пад сілу, але ж ён падрасце і падужае! А пакуль што будуць рабіць гэта з Аклілем. Хопіць і для яго месца. Тут і чацвёра маглі б жыць.

Хуары вельмі не хацелася жыць тут у адзіноце. Але цешыў сябе вераю, калі перасяляўся сюды: вернецца бацька. Іншыя ж вяртаюцца! Нават той стары, што жыве цяпер унізе, на востраве. Казапас кажа, што стары раней жыў недзе ў Тунісе, а вярнуўся да сына.

Сонца раптам абрынулася за блізкія горы Кабіліі. Можа, якую хвіліну адтуль, з-за гор, выблісквалі яго промні, а потым і яны зніклі. Неба, астываючы, павольна страчвала свой нядаўні пякельна-крывавы колер, усё больш і больш пакрывалася попелам змроку. Яшчэ якія паўгадзіны — і на зямлю ўпадзе густая паўднёвая ноч.

А грузавік усё стаяў там, на абочыне шашы, і быў спачатку попельнага колеру, а потым раптам стаў чорны, бы галавешка, на якую добра лінулі вадой. Чаго тыя тры мужчыны так доўга не вяртаюцца ад Старога? Можа, ловяць з ім рыбу? А можа, чакаюць тых, што наведваюць Старога ўпрыцемку? Можна было б каўзануцца ўніз і паназіраць з-за якога-небудзь каменя, каб не пагаспадарыў у грузавіку гэты Акліль.

А Акліль разглядаў жытло Хуары з цікавасцю. Падышоў да вузенькага акенца, зірнуў уніз. Высока! Хуары, цікуючы за ім, раптам падумаў: «Возьме ды сцягне ноччу ў мяне ўсё, калі я засну. Можа, ён проста выдумаў пра сястру, каб я пашкадаваў яго?» Хуары не ўхваляў тых, хто крадзе. Усё роўна яны трапляюць за краты, нават самыя спрытныя. У яго быў свой план, як зажыць прыпяваючы. Яшчэ год назад ён вырашыў, што падрасце і будзе займацца бізнесам, як Селім па прозвішчу Павук. О, той нейкага падшыванца і бадзягу, які збег з дзіцячага дома, у сваю кватэру не пусціў бы. Бач ты — і ў грузавік залез, не пабаяўся, што зловяць. Але ж ён знаёмы з Арэзкі. А яго Хуары паважаў за сілу і за тое, што заўсёды заступаўся за слабейшых хлапчукоў.

Паказаўшы Аклілю, дзе класціся спаць, Хуары адсунуў полаг і выбраўся на цёплыя прыступкі. «А мо хай жыве са мной? — думаў ён пра свайго нечаканага кватаранта. — Кожны ж з некім жыве разам. А вернецца бацька, тады паглядзім». Ён успомніў, што вясной яго запрашаў да сябе Шакал, верны ахоўнік Селіма. Во хто асілак і ўмее біцца! Ад французаў нейкіх навучыўся, казалі. Але ў Шакала такі айчым, баншчык Алі, што яго нават Шакал пабойваецца.

Хуары насцярожыўся: каля машыны бліснуў агонь, хутка данеслася і гудзенне матора. Ну, слава алаху, грузавік паехаў да шашы.

На востраве таксама мільгалі водблескі агню. Відаць, Стары паліў у нейкай яміне вогнішча. Мора ляжала ціхае, і ўсё навокал прыціхла перад ноччу. Трава, што высахла без дажджоў яшчэ ў мінулы месяц, моцна шархацела, і далёка чуваць было, як дзесьці ў руінах паўзе змяя. Яшчаркі ці мышы шоргаюць не так. У іх і перабежкі кароткія. Прабяжыць — і прыціхне, слухае. Яшчэ прабяжыць… А змяя, асабліва вялікая, паўзе ўпэўнена — ш-ш-шорг, ш-ш-шорг… Ян гаспадыня гэтых старажытных руін. Яна і жыве тут спрадвеку. Можа, яшчэ і французы сюды не прывалакліся з-за мора, а ў яе тут было гняздо.

Потым Хуары падумаў, што трэба звадзіць Акліля да Селіма. Той абавязкова знойдзе яму які занятак, каб зарабіць на хлеб.

4. ШТО ПІСАЛА МАРЫЯМ СЯБРОЎЦЫ ЗУЛЬФІ

«Мая добрая Зульфі! Да гэтага часу не магу прывыкнуць, што ты ўжо ў Сеціфе. Калі пасля работы я вяртаюся дадому і бачу на трэцім паверсе, пад самым дахам, акно нашага пакойчыка, мне кожны раз здаецца, што зараз яно расчыніцца і ты паклічаш мяне. Строга, бы старэйшая сястра: «Марыям, дзе ты там? Ідзі хутчэй, тарэшта ў тваёй талерцы стыне!» О Зульфі! У цябе такі моцны і прыгожы голас. Дарэмна ты не згаджаешся спяваць у ліцэі. Смялей! Шабан падарыў мне пласцінку з песнямі Умм Кульсум, яе голас нагадвае мне твой.

А Шабан не такі ўжо добры, як табе здаецца. Па-першае, паводзіць сябе так, быццам мае на мяне нейкія правы. Сказаў нядаўна, калі я заўважыла, што пасля рэвалюцыі ў нас жанчына мае аднолькавыя правы з мужчынам: «Тады дазволь, Марыям, я буду тваім старэйшым братам». Я змаўчала, о Зульфі! Ведаю, ты б адказала на гэта як належыць, а мне пакуль не хапае смеласці гаварыць тое, што думаю. Памятаеш Хаджыру? Яе нядаўна выдалі замуж за нейкага мужчыну, якога яна, аказваецца, нават не бачыла да таго. Старэйшы брат сказаў ёй: «Пойдзеш за яго, гэта паважаны чалавек, мой начальнік». Не ведаю, што я вытварыла б, каб са мной гэтак зрабілі. А з братам мы павінны быць роўныя ва ўсім. О, колькі я ўжо шукаю яго, майго сапраўднага брата — Акліля! Сэрцам чую — ён недзе блізка, а не магу пакуль напасці на след. Іншы раз мне здаецца, што ён памёр без мяне ад голаду ці ад якой хваробы. Зусім жа яшчэ хлапчук!

Ну, а пра Шабана скажу трохі больш. Уяві сабе, ён па праву старэйшага брата забараніў мне наведваць міжнародны маладзёжны лагер у Сідзі-Феруш! А мы знарок туды паехалі, Надзія, Фузія і я. Можа, я адна і не адважылася б, дый Фузія таксама, але Надзія аказалася такім завадатарам! У Сідзі-Феруш яна ўжо была некалькі разоў з Буалемам. Ты яго, напэўна, не памятаеш. Да нядаўняга часу ён жыў у прыгарадзе, у Баб-эль-Уэд, а зараз перабраўся ў новы квартал — Кло Саламбрые і працуе ў аўтарамонтнай майстэрні, якую адкрылі кааператыўна былыя партызаны. Буалем — адзін з тых, хто будаваў маладзёжны лагер. Яго запрасілі студэнты з Эль-Біяра. Раней на тым месцы быў лагер французскіх легіянераў. Вакол лагера так і застаўся калючы дрот у тры рады. Там яшчэ і зараз трапляецца рознае ваеннае ламачча. Пры мне хлопцы знайшлі гранату на газоне, проста ў кусце руж! Не, ты ўяўляеш сабе гэта? Рааба выцягнуў з гранаты гэткі бліскучы аловачак — капсуль. А гранату — яе называюць «лімон» — папрасілі дзве дзяўчыны, францужанкі. Хлопец з Кеніі фатаграфаваў іх з ёю, а яны так вішчалі, што мы адвярнуліся.

Але гэта што! Вось потым было, о Зульфі! Спачатку мы глядзелі невялічкі спектакль пра муджахіда і феллаха, ролю якога выконваў Буалем. Феллах і муджахід спачатку не разумелі адзін аднаго і таму абодвум даставалася ад каланізатараў, а потым зразумелі — ім трэба дружыць, тады толькі яны перамогуць. А потым на той жа пляцоўцы пачаліся танцы. І Надзія (смелая!) танцавала ўвесь час. Нас з Фузіяй таксама запрашалі! З якіх толькі краін не прыехала, аказваецца, моладзь у наш Сідзі-Феруш! Гвінейцы, тунісцы, егіпцяне, італьянцы, маладыя французскія сацыялісты і камуністы, якія раней змагаліся са сваімі капіталістамі, каб яны спынілі вайну супраць алжырскіх патрыётаў. Наша моладзь з вялікай павагай адносіцца да такіх французаў, яны нам, як браты. Так казаў Буалем, і мы з ім згодныя.

А яшчэ былі савецкія. Мы да іх асабліва прыглядаліся — што за людзі? Яны не падобныя ні на нас, ні на французаў, жывуць далёка. Кажуць, улетку ў іх так холадна, як у нас зімой. Парадкі ў іх краіне таксама не такія, як у нас, а Буалем кажа, што каб не яны і іншыя сацыялістычныя краіны, мы не змаглі б перамагчы сваіх ворагаў. Разумееш? Я не ведала гэтага і Фузія таксама.

Але ты ўжо здагадалася, Зульфі! Так, мяне запрашаў танцаваць адзін хлопец, ірум'ен. Некалькі разоў падыходзіў. Я, канечне, гаварыла «не», а калі ён, надзьмуўшыся, вяртаўся да сваіх таварышаў, мы з Фузіяй смяяліся так, быццам нас шайтан які смяшыў. Мы спачатку падумалі, што гэта амерыканец. Потым ён пачаў гаварыць з Раабам, і аказалася, яны ведалі адзін аднаго! Ён пачаў гаварыць пра мора і так смешна вымаўляў французскія словы! Таму Фузія і спытала, ці не амерыканец ён. Хлопец засмяяўся, відаць, узрадаваўся, што загаварылі з ім, і адказаў, што з Кабіліі. Мы не паверылі, зразумела. У яго і вочы шэрыя, а ў нас у Кабіліі сустракаюцца чорныя, карыя з зелянкавым адценнем або такія, як у мяне, — блакітныя, амаль сінія. Я ветліва сказала, што ён гаворыць няпраўду і на кабіла зусім не падобны. Ён пачырванеў. Гэта было прыкметна, хоць скура ў яго вельмі загарэлая, арэхавага колеру, а на носе шалушыцца скура. Ён папрасіў прабачэння і сказаў, што думаў — у яго пытаюць, дзе ён жыве зараз, а не з якой краіны. Ён савецкі, Зульфі, з Савецкага Саюза, студэнт і працуе ў Кабіліі на будаўніцтве, а ў Сідзі-Феруш прыехаў з сябрамі на выхадны. Завуць яго Юрый. Ён увесь час потым і прастаяў каля нас, як прывязаны, і ўсё пазіраў на мяне спадцішка. А думаў, што я не бачу! Смешны, праўда? А Фузія таўхала мяне локцем, думала, што я не заўважаю. Потым спытаў, дзе мяне можна пабачыць у горадзе і калі. Дык Фузія ляпнула — на паштамце! Хто яе прасіў, скажы?