Выбрать главу

Ганна Навасельцава

Сказ пра Дажбога Перуновіча

Над зімовым асмужаным светам прыгожа ўзыходзіла маё халоднае сэрца. Свяціла, не грэла, хоць свет ужо стаміўся чакаць ад мяне цеплыні. Дыхала холадам зямля, патыхала сцюжай неба. І чуў, мабыць, я адзін, што па-над светам загадкава маўчала вяшчунніца Гамаюн, даўно здаволіўшыся намаляваным мне радасным відовішчам. У ім я сніў, што не беглі ўдалеч імклівыя рэкі, што не звінела песнямі зямля, не квітнела пяшчотнымі краскамі. І я нічога не мог з гэтым зрабіці. Спаў моцным сном. Доўга спаў у Кошчавым ільдзісістым палоне...

Не гайдалася на хвалях мая чырвоная ладдзя, скаваная ледзянымі чарамі...

— Моцна баішся, прыгожы? — звінелі іскрыстыя льдзінкі, якія я ўпарта святліў сваімі промнямі. — А не вырвешся з халоднага палону!

Можа, і не вырвуся. Моцна баюся. Але і не падумаю здацца. Мяне дапраўды клічуць прыгожым... Нават капрызлівая Гамаюн, убачыўшы мяне знянацку, была сумеўшыся. Праспявала тады: «Ідуць за ім зарніцы ясныя, ззяюць над ім зоркі прыўкрасныя! З чала яго сонца ўздымаецца, на грудзях жа месік хаваецца! А вочы — перуны агнявыя! А і рукі ўсе залатыя...». А якім жа яшчэ быці сонцу, так і не сказала. Праспявала, пёрка сваё на зямлю кінула, а свет ёй і паверыў. Вялікая сіла ў прыгажосці...

Ды чаго ганарыцца прыгажосцю, калі я сам вінен у сваім палоне!

— Вітаю цябе, брат мой стрыечны! — пачуў ад Кошчы цёмнага тады, як прыйшоў да яго.

— Не брат я табе!

— А не Вялесаў унук? — зарагатаў холадна, аж я адчуў, як над светам усхадзіліся магутныя вятры.

І не было чаго адказаць на пачутую праўду.

— Што Вялесаў унук, тое праўда, — зіркаў цёмны зневажальна. — А вось чый сын...

— І мне зрабілася балюча, як і з кожным напамінам пра бацьку...

— Не брат я табе, а вораг давеку!

— Цемру прэч зганяеш, а людзям спрыяеш! Тое праўда... Але што ж ты, вораг, прыйшоў у мяне спагады прасіць?

І адкуль толькі ўведаў, чаго прыйшоў прасіць... Падумаў так ды ўспомніў:

— Не хадзі да яго! Не прасі! Не чакай! — гнеўна казаў той, хто кідае на зямлю перуны.

— Я хачу яе ратаваці!

— Яе ўжо не ўратуеш! А той не павінен вырвацца з палону!

— Я павінен!

Я павінен ратаваць... І цяпер глядзеў на кашчавага палонніка, які вітаў мя­не, які ўжо здзекаваўся з мяне, хоць сам запратораны Вялесам у камяніцу. Скаваны ланцугамі, што не можа і зварухнуцца. Можа толькі глядзець. Зневажальна загадваць:

— А падай мне, прыгожы, жывой вады! Падай, каб напіўся ўдосталь!

Тры глыткі жывой вады выбавілі цябе, брат мой і вораг, з палону. Ці думаў я калі, што так лёгка нарабіць ляда...

— Абяцаю табе дараваці тры віны! — кінуў мне тады, як ужо памкнуўся бегчы ў белы свет са сваімі вернымі воямі. — А пярсцёнак для сваёй нарачонай у служкі майго добрага, у Вія чорнага, пашукай! Я і сам яго баюся, задужа злоснага...

Я адшукаў. І забраў, і аддаў! Не збаяўся задужа помслівага і злоснага. І вось зноў над зімовым асмужаным светам прыгожа ўзыходзіць маё халоднае сэрца. Светам, якім цяпер уладарыш ты, мой стрыечны брат. А я не выбавіў сваю нарачоную. Не ўратаваў...

— Яна паспела нарадзіць табе сына! Чуеш, прыгожы? — азываецца магутны братаў голас. — І ўсё б нічога, ды Гамаюн, у цябе закаханая, праспявала, што сын твой Каляда знойдзе маю смерць! Начаравала. Напрарочыла. Чуеш, я схаваў сваю смерць! Я Кошча несмяротны! Не спраўдзіцца жаданне Гама­юн! А ты не вырвешся з майго палону! І не спадзявайся, прыгожы!

Ты паланіў, ды волі маёй не скарыў. Чуеш, брат мой стрыечны? Не чуеш, гоніш сцюжы ды маразы. Множыш цемру ды жахі. І над маёй галавой стаіць адзін жах, які цягне любасць з майго сэрца... З таго яно зусім ухаладзела. І мроіць мне гэты жах, як стаю адзін над каменнай труною. Як надзяваю цудадзейны пярсцёнак... Каму? Я сустрэў яе даўно-даўно. Я думаў, што яна заўжды будзе побач. Яна, Златагорка.

Пра нас тады спявала вяшчунка Гамаюн, радавалася шчыра, аж свет белы цешыўся: «Узляцеў мой Дажбог ясным сокалам пад аблокі высока-высокія. Ды пабачыў, як зорка, прасветлую валатоўну з усмешкай прыветнаю. Святагора дачушку адзіную, з ёй нікому не змерацца сілаю. І ўпаў ясны сокал з нябёсаў! І асілак паўстаў на пакосах!». Асілак паўстаў на пакосах... Магу ўзляцець ясным сокалам, тое праўда. А тады нікуды не ляцеў. Ды і не я цябе знайшоў. Ты мяне першай убачыла, Златагорка.

Чары невядомыя клікала, ці не на ўвесь свет забыўшыся. Зусім не валатоўна, танкалявая, мілая. З усмешкай прыветнаю, тое праўда. Відаць было, што з першага позірку мяне ўпадабала. А я... Ці не з першага позірку закахаўся.