Выбрать главу

— На каго варожыш? — не хаваў сваёй увагі.

— На лёс свой...

— Чаго ж у багоў просіш? Можа, і паспрыяюць яны! Адно скажы!

— Каб лёс бацькаў не паўтарыць!

— Бацькаў?

— Святагораў!

Ведаў увесь свет пра яго... Святагор не сукланіўся вялікаму Роду. Ледзьве трымала яго зямля, а і на неба хацеў узлесці. З прытупам, з прыскокам, з прысвістам. Сваёй воляй лёг у каменную труну... Чалавекам падмануты, каменьчыкам пераможаны. І не прасіў літасці, бунтоўны.

— Хіба і ты такая ж неслухмяная? — ледзьве знайшоўся тады. — На неба хочаш узлезці?

— Такая! — мовіла горда, капрызліва. — Хачу зямлю дзівіці! Хачу на неба ўзлезці!

— Што з табою паробіш! Як буду цябе трымаці за руку, дык, можа, паласкавееш...

Тады, Златагорка, ты са мною ласкава пагадзілася...

Нехта з маіх родных аніяк не мог пагадзіцца.

— Яна з роду волатаў, што і нас, багоў, зневажаюць! — гнеўна грымеў перуністы, строгі. — Звяжаш з ёю лёс, дык будзеш няшчасны!

— Няшчасце промнямі праганю!

— Няма табе майго блаславення! — выгукнуў з усяе сілы, а я ўспомніў.

Успомніў, што клічуць мяне, Дажбога, Перуновічам. Мабыць, дарэмна клічуць... Ты, Гамаюн, дражнілася ды спявала: «З каменя белага, з каменя гаручага Дажбог нараджаўся. З каменя, што самім Сварогам над светам каваўся...». З таго паціху называюць мяне Сварогавым сынам. Ды ці варта пра тое... Усе мы, багі, верныя Сварожычы.

— Што папросіш за блаславенне сваё? — у Перуна тады спытаў, ведаючы, што іначай зладзіць вяселле не выпадзе.

— А сыдземся біцца! Ты пераможаш — рабі, як ведаеш! Я перамагу — дык слухайся майго слова! Зарок дай!

Зарок. Слова вернае, непадманнае. Нічога болей не сказаў Пярун. Маўчаў Сварог, ён, давяраючы багам і людзям, ніколі не мяшаецца ў справы боскія, ніколі не лезе ў справы людскія. А ў Вялеса тады сабе дапамогі прасіў... Праўда, што быў ягоным унукам. Ды варагавалі і варагуюць Пярун з Вялесам.

— Цяпер не шкадуеш? — звіняць іскрыстыя льдзінкі, і мне здаецца, што мая ладдзя вось-вось вырвецца з палону.

Адужае холад. Паплыве. І я вярнуся... Адно сцюжа зноў кратае маё сэрца, нагадвае, што ўсе мае чаканні — падман.

Падманнае абяцанне Вялесава... Моцы мне зусім не дадаў, а пасля казаў, што і яго самога Пярун добра пляжыць. Але ж не гэтак, як мяне. Ведаюць усе, што яны моцна варагуюць. Ды не схацеў мне дапамагчы...

— Табе і Пярун не схоча болей дапамагчы, — смяюцца крыштальныя льдзінкі.

Не схоча, тое праўда. Я слова непадманнага не стрымаў. Пра зарок забыў... Мяне ж чакала мая Златагорка...

Мы з ёй удвух засталіся на ўсім белым свеце. Няхай бы і далей так было... Спраўдзіўся для яе бацькаў лёс. Спраўдзіўся, а я стаў няшчасным. І цяпер мне засталося адно чакаць, пакуль мая чырвоная ладдзя адужае холад. Чакаць, пакуль над зімовым асмужаным светам узыдзе высока маё халоднае сэрца...

— Прыгожае сэрца, — зноў азываюцца мне іскрыстыя льдзінкі.

Не адгукаюся. Не святлю іх промнямі. Мала змагаюся. І тады быццам у сненнях, у мроях жахлівых, а быццам на яве прыходзіць да мяне Вій чорны.

Чорны... Зласлівы.

— Што, холадна табе? — пытаецца, а сам усміхаецца, вачэй сваіх не падымаючы. — А мне ж цяпло нямілае! Пастылае! Як і Перуну нямілай была валатоўна Златагорка. Волаты зневажаюць багоў. Багі зневажаюць волатаў. Ды ведаеш і сам добра, што не ў тым зрыгота. Дык была Златагорка Перуну зусім, зусім нямілай... Ці чуеш?

І праз холад і сцюжу шкадую моцна, што не магу зазірнуць гэтаму ў вочы. А ён далей выпінаецца:

— Ці памятаеш, як чары невядомыя клікала, ці не на ўвесь свет забыўшыся? А гэта яна ў мяне спагады і парады прасіла! Ці думаў ты калі, чаму яе лёс нялітасцівы? Чаму так супала, што бацькаў лёс паўтарыўся? А ў Перуна пра тое не пытаўся? Адно з горычы ўхаладзеў... Не халадзей, Дажбог! Ідзе да ця­бе твой сын Каляда! Не ведаеш яго? Тое не дзіва! Не ты яго за руку трымаў! Адно падкажу табе: называюць яго Калядой Перуновічам! Ды не так сабе!

Правуркатаў чорны Вій ды знік. Гэта ж як страціла сваю сілу цяпло ды святло, што гэты падземны можа проста з'яўляцца мне, прыгожаму... Як жа насмеліўся! Зусім мяне ані баіцца.

Трапечыцца холад. Узыходзіць над светам маё халоднае сэрца. І з'яўляецца да мяне Каляда. Вітае ды абяцае вызваленне. Прыўкрасны. Можа, упадабаны маёй вяшчуннай сяброўкай Гамаюн... Дык хіба ж на мяне тым не падобны? Каляда Дажбогавіч.

Яго баіцца брат мой стрыечны...

— Не вер Калядзе! — стараецца, як мая ладдзя ўжо ломіць крыгі. — Ён та­бе большы вораг, чым я!

— Не слухай Кошчу! — азываецца Каляда. — Ён з Віем чорным падмануў тваю каханую Златагорку, каб сілу ты страціў!

Каляда Дажбогавіч. А я Дажбог Перуновіч. Не веру Кошчу. Ён большы во­раг! Ён з Віем чорным... А я сілу страціў! Ды з вады разняволенай мацуюць мяне чары мілай маці маёй, светлай русалкі Росіцы.