Выбрать главу

... Кажуць ведныя, што смяялася Росіца з Перуна. Кпіла-дражнілася, з чаго той не адзін раз узгараўся навальнічным гневам. Кідаў перуны. Спрабаваў пераплыці вялікую раку, якая Росіцу хавала, ды штурхаў яго прэч уладар падземнай вады. Уладар усёй вады. Вялес, мірны, дасціпны. Пярун жа нахрапісты ды ваяўнічы. Біліся. Рассварыліся. Ударыў пярун у вялікую раку... І тады прыйшоў у свет я, Дажбог. З'явіўся камень белы, камень гаручы. Не так сабе мы ўсе нараджаемся на гэты свет...

Хто каму вораг? Хто каму сын? Свет ужо стаміўся чакаць ад мяне цеплыні. Я ўжо стаміўся ад свайго халоднага ільдзістага палону. Што яшчэ ты прадказала мне, Гамаюн... Не ведаю. Плыве па рацэ мая чырвоная ладдзя. Узыходзіць над светам маё халоднае сэрца.

— Ён цепліць, цепліць свет! — з жахам уцякаюць ад мяне маразы і сцюжы, Кошчавы воі верныя, гэтым разам пераможаныя.

— Чуеш мяне, стрыечны? — гукае мяне брат. — Гэта ж ты зноў падмануты! Занядбаны! Пагарджаны...

— Ты яшчэ абяцаў дараваці мне тры віны! — азываюся яму.

— Я памятаю пра слова сваё! Прыйдзе час — падарую...

І далей плыве мая чырвоная ладдзя. Перамагае палонны сон. Скрозь па зямлі пабеглі ўдалеч імклівыя рэкі, зазвінелі песні, падняліся пяшчотныя краскі. Я гэта зрабіў. Хоча маё сэрца бачыць свет прыгожым. Прыгожы любіць прыгажосць...

Зачараваны такім відовішчам, сукланіўся мне Каляда. Быці іначай не магло, але ж... Але ён дужэйшы за мяне. Змог прыкрага Кошчу. Змог таго, хто мяне адолеў.

Сукланіўся мне Каляда ды прамовіў:

— Свет наскрозь прайшоў, а такіх прыўкрасных не пабачыў! Хто ж ведаў, што можа сонца па зямлі хадзіці! Не дзіва, што закахалася ў цябе маці мая, валатоўна Златагорка...

Не дзіва. І цяпер мы разам доўга хадзілі па свеце. Нішчылі Кошчавых слу­жак. Цемру прэч зганялі, а людзям спрыялі. А ты ж норавам вясёлы, у справах зычлівы. Мілы, чынны. На Перуна такі не падобны. І, мне здавалася, я чуў, як зноў цяплее маё халоднае сэрца.

— Як закахалася ў цябе маці мая, валатоўна Златагорка? — аддана зазіраў мне ў вочы Каляда.

Як закахалася... Што цяпер з таго? Я глядзеў, як б'ешся ты з цемрай. Дзіўна, што гэтак змагаецца пявун ды весялун. Прагна, грамавіта, перуніста... Думаў пра вялікага Сварога, думаў пра гнеўнага Перуна Сварогавіча. Першы мне сказаў, што вяду я ў свет людскі яго дабрыню. З усіх багоў мяне выбраў на зайздрасць іншым... Другі жаліўся, што дрэнны з мяне ратнік. Ты, Каляда, доб­ры ратнік. Пярун Сварогавіч будзе табою горды.

— А ці закахалася ў цябе маці мая, валатоўна Златагорка?

Можа, і не закахалася... Чаго ж воляй сваёй такі лёс паўтарыла! Сваёй воляй лёг у каменную труну бунтоўны Святагор. Хто ж цяпер уведае, за што на багоў ды людзей пакрыўдзіўся... А чаму ты пайшла ад мяне, мілая Златагорка, я і цяпер не скажу...

Думаю пра тое ў вандраваннях, у бойках. Мрою пра тое, топчучы няходжаныя шляхі, якімі ўцякаюць найхутчэй цёмныя ды злыя. Здаецца, што ад цемры помслівай сам цямнею, раблюся быццам той Кошча. З таго і ты, Каляда, у ва мне і зняверыўся, не клічаш болей прыўкрасным... А па шляху цёмнаму, цямнюткаму мы ўсё далей сунемся. Куды ён прывядзе...

Да каго нас прывядзе... А перацінае шлях вялікая Марэна, ці не самому Сварогу роўная. Уладарка цёмная. Кошчава нарачоная. Бавяць яшчэ пра яе, што вернай сілай Кошчавай завецца. Перацінае ды запыняе:

— А сонейка трысветлае на зямлю сышло! А на самы край света закацілася! А і згубілася! Як свет цяпер без сонейка будзе?

— Ды як-небудзь абыдзецца! — кажу ёй проста, у вочы гледзячы.

— А не баішся мяне дарэмна. Са мною біцца ўздумаў! Гэта ж табе не мілыя людскія сэрцы дзівіці, што і так тваёй прыгажосцю зачараваныя. Хоць чаго там, ты дапраўды прыгожы.

За маёю спіной ступіў колькі крокаў назад раней ганарысты Каляда. Завагаўся няпэўна. Зіркнула на яго Марэна вачамі чорнымі.

— Няўжо гэта той, хто майго Кошчу змог? — здзекліва запыталася.

Ды супраць нас пайсці памкнулася, каб мы са шляху свайго збочылі. Памкнулася і запынілася. Тут, блізка цёмнага краю, мая сіла чарадзейная ёй во­чы заступіла.

— Ах ты ж сонейка яснае! Хочаш мне вочкі выпаліць? Я ж так табе ўчыню, што і пра сябе забудзешся!

Не забудуся. Спявала неяк даўно мая вяшчунка Гамаюн: «Дажбог Перуновіч па зямлі хадзіў. І людзей, і багоў усіх дзівіў. Сама цемра ў яго закахалася. Закахалася. Не прызналася». Што ж, не магла цемра прызнацца сонцу. Хіба што гэтак:

— Я ж так табе зраблю, што пра ўсё забудзеш! Выпі горыч маю, русалчын сын! Выпі ды застанься навек са мною!