Выбрать главу

Над добрым людскім светам тады не ўзышло маё халоднае сэрца. Не жадаў, а выпіў... Застаўся з Кошчавай Марэнай.

Здалося, што не ў новы палон патрапіў. Проста са старога зусім не вызваліўся. Так цяжка вызваліцца з палону...

— Што пра мяне ведаеш, сонейка яснае? — паглядзела тады на мяне запытальна, і я раптоўна ўбачыў, што гожая ды зграбная і Марэна цёмная.

— А ты паглядная! — сказаў ёй з прыкрасцю. — Адно шкада: усю злыбяду чорную ў свет людскі пускаеш!

— Пускаю злыбяду, маё ты сонейка ласкавае, — усміхнулася радасна. — А і Каляду твайго няшчасным зраблю, як ты, адзінокім, падманутым, запалоненым. Каб уведаў добра цемру маю!

Я спалохаўся тады. Я моцна не хацеў, каб ты, Каляда, перажыў пачуццё палоннае... У цемры жывой няма спагады, бо ніколі не было сэрца. Што ж тут паробіш...

— Паслухай, Марэна Злыбедаўна! — ласкава ўсміхнуўся ў адказ. — Адпусці Каляду! Як такое зробіш, дык воляй сваёй з табой застануся!

Застануся, у тым не падманваў. Убачыў жа, што спадабаўся табе. І моцна занепакоіўся, нават пакрыўдзіўся на мяне Каляда. Сказаў, што ён зусім не слабы...

— А я вось слабы! — рашуча запярэчыў яму. — Златагорку страціў! Не хачу страціць і цябе!

— Добры! Спагадны! Слабы! — крыўдзіўся на мяне Каляда, ідучы прэч, бо слова майго загаднага не паслухацца не мог.

— Добры! Спагадны! Слабы! — весялілася Марэна. — Выпі кубак заздароўчы!

Не хавала нават сама, што падманвае. Не заздароўчы той кубак... З горыччу. З атрутай. З невядома чым... Выпіў яго. Зразумеў тады, чаму над людскім све­там не ўзышло маё халоднае сэрца. Не ўзышло, бо Марэна забрала яго сабе.

— Цяпер ты, Дажбог, у мяне закахаўся! Як закахаўся, то і застанешся. А як ты думаў? Падмануць мяне?

Цябе не падманваў. Нават і пазней, калі загадвала ісці біцца з Кошчам. Нарачоным сваім. Не дзеля праўды. Дзеля смеху... Моцна цешылася з бойкі нашай вялікай Марэна Злыбедаўна. Ды мне і самому сорамна было, і сумна, і прыкра, і ніякава...

— Дарую табе першую віну! — мовіў мне Кошча, першы раз перамогшы.

— І гэта яго ты баяўся? — зневажальна зіркала Марэна Злыбедаўна. — Со­нейка слабое... Біцца не ўмее! Крыўдзіцца нібы дзіця малое...

— Ён зусім не такі слабы, як здаецца, — нібыта і заступаўся за мяне цёмны.

А я ўзгадваў, як жа гэта, быці ў ягоным палоне... Халодна. Зусім халодна.

Ухаладзее нават самае цёплае сэрца... Нават сонечнае.

— Ён не слабы. Адно без жорсткасці... Без якой не перамагчы, — тлумачыў Марэне Кошча.

— Няўжо дапраўды сын Перуноў? — уважна слухала тая і сцепанулася ад сваіх жа слоў, відаць, што Перуна моцна баялася.

— Унук Вялесаў, тое праўда, — не схацеў пазабаўляць сваю нарачоную Кошча, нічога не сказаў пра сына.

— А дзе ж сонейка яснае? Чаму не ўзыходзіць яно над светам? — Марэне было нясумна і самой.

Над светам не будзе вечнай ночы. Не будзе твайго панавання. Чаго гэта вы ўзрадаваліся? Дзівіціся неспадзявана. Дзівіціся шчыра, як над светам зноў узыходзіць маё халоднае сэрца. А хто гэта паверыў, што не ўзыдзе? А хто гэта паверыў, што Марэна забрала яго сабе?

— Як? Чаму?! — аж ўся ўсхадзілася Злыбедаўна.

— Я ж казаў, што ён зусім не такі слабы, як здаецца...

— А ты паверыла, што заздароўчы кубак можа маё сэрца забраць? — глянуў ёй у вочы, шукаючы святла ў бяздонных глыбінях.

— Ты ж у мяне закахаўся! — мовіла, нічога не разумеючы. — Як той кубак выпіў!

— Закахаўся ў цябе! — і на Кошчу паглядзеў. — Падаруеш мне другую віну?

Другой віны Кошча цёмны падараваці мне зусім не хацеў. А хто б такое хацеў падараваць?

— Ты ж сам не кахаеш яе! — як бы і не цёмнаму казаў, а па-ранейшаму ў вочы Марэне пранікліва гледзячы.

— А і не кахае, — пагаджалася проста, нарачоным сваім не задаволеная.

— Ты — сіла мая! Шаную цябе, — трывожыўся той. — А з кім, акрамя ж мяне, табе яшчэ быці!

— А з кім... З табою стану ўладаркай усяго цёмнага царства!

— Цёмнага, не падземнага. Гнанага і святлом, і Вялесам, які не папусціць вашага панавання. Дык не будзе і царства... — кажу і не яму, і не ёй.

— Маўчы, русалчын сын! — загадваў цёмны, не жадаючы слухаць праўдзівае.

— Русалчын сын? — удавала здзіўленне, як быццам першы раз бачыла мяне, хітрая Злыбедаўна. — Дык вось чаму такі прыгожы!

— Паквапілася ты на яго прыгажосць! — сердаваў цёмны.

— А паквапілася! Ці ты мне ўжо і забароніш?!

Я маўчаў, як і было загадана. Адно слухаў, як тыя сварыліся. Цяжкая табе дасталася нарачоная, Кошча... Хоць і сам ты наравісты. Капрызлівы. Ганарысты. Сваёй нявесты варты...

— Цяжка мне з табой! — выгуквала Марэна Злыбедаўна, і я быў згодны. — Затое з ім вось усім лёгка! — глядзела на мяне, пра нешта сабе думаючы.