Выбрать главу
Найбольш адвагі - аж праз меру - Папёрла з кожнага, браткі, Як узяліся штаб-кватэру - Свой дом - разносіць на шматкі.
- У нашым доме штат бязладны: Не ўспеўшы стаць кіраўніком, Гардзіцкі звіс, як шар більярдны, Загнаны ў лузу Рыбаком.
- Які більярд? Якая луза? На зло пісьменніцкай сям'і, Адзін зацяты член Саюза На дваццаць год схаваў кіі!
- Э-э, тут цябе дапоўніць варта: Ён не адразу іх схаваў, Ён тры гады спачатку ўпарта З кіёў скурацікі зрываў.
- Зрываць аматараў нямала, Дзе потны дух і дымны чад Ад маладух-кабет бывалых І ад сумніцельных дзяўчат.
- Калі б не Мар'я ды Тацяна, Дык дом наогул зачыняй: Удзвюх працуюць так старанна, Хоць у прэзідыум прымай!
- Дый інжынер там пад дзвярыма Тырчыць, браткі, не проста так. - Ну, а фатограф гэны з Крыма? На ўсё, што хочаце, мастак!
- Мяне трывожыць, што Шамякін Ужо скарынку не грызе: Жуе без смаку прэсны мякіш, Нервова стоячы ў чарзе...
- Іван, апроч літаратуры, Заняты іншым не на смех: На дошцы шахматнай фігуры Ён расстаўляе, як стратэг.
Пусціўшы ў тыл каня-пралазу, Ён пешкі выстраіў у рад І спадзяецца, што адразу Усім Іванам зробіць мат.
- Я чуў, як гледзячы на пешкі, Першаразраднік Куляшоў, Сказаў, не тоячы насмешкі: «Ах, Ваня, зноў не тым пайшоў!»
- У гэтым, братцы, ёсць пагроза: З такой гульні праз колькі год Уся паэзія і проза Папасці могуць у цэйтнот!
Чыталі ж «роман», як на востраў Эстэт эстэтку перавёз, Яна ж «цыцкой, як куля, вострай» Прабіла там яго наскрозь.
Тры дні ганяла іх па лесе Бабуля нейкая з вядром. Як толькі з буськай ён палезе - З кустоў «ату!» і медны гром:
«Там кран стаіць, а ты, кабета, Любошчы ладзіш з халастым!» Ох, да чаго ўсё смачна гэта І як ідэйна - разам з тым!..
Цякла гаворка, трэскаў хвораст, І раптам нехта ў грамадзе: - Палундра! - крыкнуў на ўвесь голас. - Марыля з скальпелем ідзе!
Мужчынскі страх - такая сіла, Што не зраўняеш ані з чым: Умомант вока падхапіла І, як віхор, змяла мужчын.
Арочка трохі быў замешкаў, Але пасля як даў ды даў - Дык хоць і з кульбай-качарэжкай, А нават Цвірку абагнаў.
А што Марыля за прычына? - Карціць дазнацца чытачу? Зусім прыстойная жанчына. Марылю крыўдзіць не хачу.
Не сухарэбрына. Не плюндра. Дай божа баба! Як абняць! Чаму ж пісак змяла «палундра»? Тут трэба толкам расказаць.
...Сівы паэт ішоў аднойчы І стрэў Марылю ля грады. - Які ў вас кветнік! Трэба ўночы Залезці з ножыкам сюды!
Ён пакланіўся ёй прыветна І губы ў трубачку стуліў, І думаў: «Ах жа, як фацэтна Я гаспадыню пахваліў!»
На камплімент яго на гэткі Марыля скальпель падняла: - Што? Ты мае парэжаш кветкі? А гэта бачыў? - зараўла.
Раўнула - леў бы так не рыкнуў. - Хутчэй бяжы адсюль, разак! А то сцягну парткі, чырыкну - І ад цурбэлка - толькі знак!..
Збялеў паэт, сказаў: «Вар'ятка!» Ды як рвануў праз касагор, Дык без аддыху, без аглядкі Аж да Кальварыі дапёр.
А там на сцежачцы бетоннай, Супроць апошняга двара, Ён ледзь не стукнуўся ў Антона - Шчаслівай долі песняра.
- Чаго так прэшся ашалела? - Ой, нават сорам гаварыць: Марыля Яськава хацела Мне... аперацыю зрабіць.
- Дурная! Гэта ж не пазногаць, Што зрэзаў - чорт яго бяры! А тут чарахнеш - дык не змогуць Назад прышыць і дактары.
- Зямлі не чуў я пад сабою! Ой, што за баба, што за злосць! Антоська, цупні ты рукою Вышэй-ніжэй, ці ўсё там ёсць?
Антон хацеў спачатку стукнуць За гэткі жарт - але стрываў. - А што ты сам не можаш цупнуць? - Нясмачна сплюнуўшы, спытаў.