Выбрать главу
Аднак не толькі што згадзіўся, А й паказаў належны спрыт - Захватна цупнуў і здзівіўся: - Ого, сабака! Як капыт!
- То дзякуй богу, дзякуй богу! - Перажахнуўся небарак. - Хадзем з нагоды лыкнем троху - У жонкі ёсць наліўкі гляк...
Пазней, калі хто кпіў з паэта, Яго аж кідала у жар: - Яна ж не проста вам кабета! Яна - стары ветэрынар!
У Смалявічах з малалецтва Яна лягчала ўсіх кныроў! Дык што ёй мне зрабіць калецтва? Чырыкне раз - і будзь здароў!..
Пра гэта доўга гаварылі І нават прымаўка пайшла: «Паэт, сыйдзі з вачэй Марылі, Пакуль інструмант не ўзяла!..»

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

ПУДЗІЛЫ
Усім вядома, што няроўна На свеце ласку дзеліць бог: У Змітрака ў гародзе - поўна, А ў Васіля - пустыр-аблог.
Яно й не кожны адналькова На ласку божую глядзіць: Васіль усцешан і куколем, Што на аблозе тым сядзіць.
Мацней за ўсіх аграрнік Міша Маліўся клубню на градзе. (А ўсе мы знаем, як ён піша І як на службе рэй вядзе!)
Яшчэ раса ляжыць на травах - Сахор у рукі ён бярэ І ў модных чунях-гаўнадавах Кампост рыхтуе на дварэ.
Напрацаваўшыся да млосці, Ён адпраўляецца ў абход І аж заходзіцца ад злосці, Як зазірне ў чужы гарод.
«Ну, вось, ты бачыш: у Арочкі, Хоць вершы кволыя пляце, А гарбузы ляжаць, як бочкі, Як на дражджах усё расце!
І ў Жоры вунь качан, як цэбар, Як Мысліўцова галава. А тут ад крыўды плакаць трэба: Ссячэш качанчык - фунты два!..»
О, як бы шчыра быў ён рады, Калі б ва ўсіх, каму «дано», Пасохлі й выпетралі грады, А з імі й творчасць заадно!..
Вось так і вучанаму Яську І ў думках мроіцца і ў сне, Што ён адзіны варты бляску «За дасягненні ў галіне...»
Таму калег з саней агульных Ён выштурхоўвае плячом І едзе гэтакім культурным Інтэлігентным дзеячом!
А каб ідэй яго зыходных Ніхто не здолеў агаліць - Давай на «ўсходніх» і «заходніх» Адзінакроўны гурт дзяліць...
Ах, Яські, Яські! І калі вы Паразумнееце, дальбог? Калі замест культурнай нівы Наўсцяж раскінецца аблог?
Калі ўзбуяе пустазелле, Як на гародзе ў Васіля? Ах, Яські, помніце: пахмелле Вам будзе страшнае пасля!..
Аднак жа вернемся на соткі. Цяпер я сцісла раскажу, Як на чацвёрты год усё-ткі Кроў пралілася за мяжу.
Так, так, не думайце, што жартам. Аднойчы жонка песняра Успёрла свой «масквіч» азадкам На край суседняга двара.
А двор з вагончыкам-прычэпам (Не ўсе ў харомінах жывуць!) Належаў майстру таго цэха, Што белетрыстыкай завуць.
Была на дачы толькі цешча - Яна і крыкнула ў акно: - Ты што па ягадах таўчэшся, Каб табе кішкі патаўкло!
- Заткніся, пудзіла, не шастай, А то вагончык падчаплю - Перацягну на свой участак І прыбіральняю зраблю!
Старая куляй на падворак: - Ты - матля, матля без мазгоў! Прыедзе з Мінску зяць мой скора - Не сабярэш тады зубоў!
- Мне злічыць зубы твой рахітык? Збаюся я падкілаша? Як ушчамлю яго між лытак - Дык тут жа й вылезе душа!..
Ніякай цешчы немагчыма У гэткім выпадку стрываць. - А твой здыхляк хіба мужчына? Праз храпы лёгкія відаць!
Узвыла матля: - Ах, пачвара! - І кіпцюрастай пяцярнёй Так распісалася на твары, Як бы прайшлася бараной.
- Вось так ляпей, старая торба! І я - пісьменніца цяпер. А каб прызналі мой аўтограф - Бяжы да доктара - завер!..
Старая ўзлезла на падножку І, каб свой гонар апраўдаць, Як Галілей, гукнула зноўку: - А ўсё-ткі лёгкія відаць!..
Без сведак быў ужо закончан Іх дыялог вясновым днём: Трасло з сярэдзіны вагончык Так, што хадзіў ён ханянём...