Выбрать главу
Ах, май, чытач, спагаду ў сэрцы І вельмі строга не судзі, Калі суседка ды суседцы Зняла заўчасна бігудзі.
Бо хоць вось так жывуць парнасцы І ўжо клянуць патроху лёс, Аднак жа гэтай самай трасцы Другому хочацца да слёз.
Нашто ўжо вунь Калеснік Янка - І той да ісціны дапёр: Калі ў нутро ўлятала шклянка - Па градах плакаў, як бабёр.
Дзівак! Яму з ягоным ростам Ляпей бяды не набываць: Ён не падумаў, як няпроста Гарод уласны вартаваць.
Каб ад таго, што добра ўродзіць, Зладзюгаў розных адвучыць - Там ледзь не ў кожнага ў гародзе Страшыдла-пудзіла тырчыць.
Па гэтых пудзілах, дарэчы, Зусім не цяжка распазнаць, Хто, дзе, калі і што на плечы Любіў ці мусіў апранаць.
І хто апратку чым забрудзіў, І нават чым пасля змываў, Хто сам калісьці добра пудзіў «Злачынцам» спуску не даваў...
Канешне, мала знойдзеш грозных Цяпер на пудзілах адзнак. Часцей за ўсё - у латках розных Лірычна скроены пінжак.
Калі б па пудзілах сказалі Характар творчасці адчуць - Амаль усе ўвесь век пісалі Рамансы, сумныя чуць-чуць.
І ўсё ж хоць пудзілы на градах Не вельмі страшныя былі, А рыфмахвата-тэмакрада Злавіць аднойчы памаглі.
Ён позна вечарам п'яненькі Пасёлкам сунуўся сваім І раптам бачыць: волат нейкі Стаіць у цемры перад ім.
Хоць быў і п'яны лысагорац, Але ад страху скамянеў. - Гэй, ты чаго? - падаў ён голас, - - За што ты хочаш біць мяне?
Між тэмакрадаў я не горшы, Я злодзей рангу вераб'я: Калі мне вельмі трэба грошы, Я не клюю буйней рубля.
Ты б паглядзеў, якія страты Дзяржаве чыняць «каршуны»: У дактары і ў кандыдаты Пралазяць з крадзеным яны!
А што я рыфму спёр ва Уладзькі, Дык ён і сам іх недзе ўкраў! Адзін жабрак павесіў лапці Сушыць на плот - другі забраў...
Ну, што ж, відаць, пра гэта ўбоства Пара аформіць рэзюме: Страшней няма самазабойства, Чым вось такое - на дзярме.
Калі, таварыш Грыша-Міша, Мяне ты ў госці пазавеш - Я не спытаю: што ты пішаш? Я запытаю: чым жывеш?
Ты зубы мне не загаворыш. Ёсць дыялектыкі закон: Дзярмом жывеш - дзярмо і творыш. (А натварыў - дык выкінь вон!)
Бяда не ў тым, што ты не промах Напхацца бручкай неўпамер, А ў тым, што ў Музы у вантробах Завёўся страшны салітэр.
Памрэ - і пудзілам у трантах Паставяць дзеці на граду. Уся бяда у тым, што сам ты Не лічыш гэта за бяду.

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

ВЯЛІКІ РУХ
Так, толькі ён - Алесь Яскевіч, Спасцігшы эры нашай дух, Сумеў дадумацца і скеміць, Як разгарнуць вялікі рух.
Хадзіў ён неяк на дасвецці Сярод сядзіб сяброў сваіх І хоць упоцемку - прыкмеціў: Як добра хрэн расце ва ўсіх!
І праняла яго здагадка: А што, каб творчасці ўзамен, З усёй энергіяй на градках Мы пачалі разводзіць хрэн?
Былі б на выручку надзеі: Той хрэн вазілі б прадаваць, Хто піша ў нас не для ідэі, А каб капейчыну ўварваць.
Каб рух такі мы разгарнулі І ўсе адчулі ў хрэне смак - Мы б гэтым самым адвярнулі Ад пісаніны шмат пісак!..
Сваю ідэю ён назаўтра У штаб пісьменнікаў занёс. Там ухапіліся з азартам - Адзінадушна і ўсур'ёз.
- Склікайце пленум, - буркнуў лідэр, Хай гуртам вырашыць актыў... Мужык учэпісты Дайліда «Мыслю» падаў у калектыў:
- Каб зацікавіць лепей хрэнам І новай справе даць размах - Я раю вам правесці пленум У лысагорцаў у гасцях.
- Цудоўна! Пленум на прыродзе! На выязным і п'ецца лепш!.. І вось праз тыдзень па дарозе Няспешна рухаўся картэж.
У галаве - чатыры «волгі», За імі - рафікі ўпадскок, А замыкаў картэж той доўгі Сакратароў бранявічок...