Выбрать главу
На традыцыйную палянку, Дзе ладзіць сходкі Гарулёў, Як старажыл, вясёлы зранку, Праўленцаў гурт Няхай прывёў.
Кароткі ўступ зрабіў намеснік: - Мы дапусцілі ў працы крэн. Нам трэба ўрэзаць прозу, песні І частку сіл пусціць на хрэн.
Раней, чым прымем пастанову, Узгоднім думкі ў добры час. Давай, Змітро, пачні размову: Ты самы смелы сярод нас.
Змітрок рыўком прайшоў наперад, Адкашляў хрыпку на хаду І з развароту, без паперак, Абрынуў шквал на грамаду:
- Ну, што скажу я? Хрэн у вершах І хрэн у прозе - хрэн адзін. А ў манаграфіях навейшых Мы і такога не дадзім.
І калі мусім мы заняцца Праблемай хрэнаразвіцця, Дык гэта - скажам шчыра, братцы, - Не ад вясёлага жыцця.
Зайдзіце самі ў дзень суботні З кнігарні прама на базар І параўнайце, што ахвотней Бяруць: ці хрэн, ці наш тавар?
Ахвотней хрэн купляюць жонкі! Хрэн проста з рук ірвуць яны, А калі корань тоўсты, ёмкі - Дык не пытаючы цаны!..
Таму я згодзен з прапановай: Чым кніжкі дохлыя тварыць, Дык лепш з плантацыі хрэновай Даваць хоць нейкую карысць...
І тут жа ўстаў Арочка з кульбай, Усхвалявана сапучы: - А калі ўвесь надзел пад бульбай? І паўкаша ў адным карчы?
Кароткай рэплікай Дзюбайла Ссадзіў Арочку з капытоў: - І так, бульбянікі, нядбайна Нагадавалі жыватоў!
- Ты на каго намёкі робіш? - Зірнуў Сцяпан з-пад акуляр. - Вядома, хрэн - зусім не дробязь, Але ж і талент - божы дар.
Калі ўжо трэба гэта мера - Ёсць выйсце іншае яшчэ: Паслаць на хрэн пенсіянераў - Усіх, хто выпісаўся ўшчэнт!..
Тут узарваўся Асіпенка: - Сматря якей пенсіянер! Другі - як ссохлая апенька, А ў пісанні даець прымер!..
Тады з радоў, з канца аднекуль, Падняўся рыжы здаравяк, Падобны вельмі на Дайнеку, А на Дайліду - аніяк.
Паколькі быў ён незнаёмы, Усе рашылі: прадстаўнік. І стала ціха-ціха ўмомант: Ну, як жа ён у справу ўнік?
І гаркнуў рыжы: - Пустадомкі! Спыніце гэту балбатню! Бо як вазьму цурбэлак ёмкі - Як пацукоў вас разганю!
Пакуль пустою гаварыльняй Вас тлумяць лекары навук - Няздары з п'янай камарылляй Свае тамы здаюць у друк!..
Сказаў - і тут жа з касагору Спакойна рушыў у сасняк. Нібы прыбіты громам, форум Не мог апомніцца ніяк.
Намеснік зекрыў на Ляксея І мармытаў: - Адна Вярба, Адна Вярба ў нас так умее... Рух праваліўся - нам труба!
Ляксей уставіўся ў Гамолку: - Хто гэта збэсціў нас, скажы? Ты знаеш нашу ўсю суполку: Ці ён пісьменнік, ці чужы?
Устаў Гамолка, дзядзька порсткі, І ўсіх, як доўбняй, аглушыў: - Паэт Францішак Лысагорскі! Калі хлушу - каб я так жыў!
- Вядзьмак?! - жахнуліся праўленцы. - Вядзьмак?! - азваліся кусты. Ва ўсіх затрэсліся каленцы, Ва ўсіх раскрыліся раты.
Народ знямеў. Але праз хвілю: - Дагнаць! Дагнаць! - узняўся крык. - Злавіць і збегаць па Марылю: Хай зробіць гаду чык-чырык!..
- Дагнаць і ўзяць пад ногаць гніду! - Намеснік грукнуў кулаком. - Даверым місію Дайліду: Вярнуцца толькі з Ведзьмаком!
- А дзе вы бачыце Дайліду? - Гукнуў нясвіжскі пасланец. - А той вунь, чырванню наліты? - Во гэны? Гэна ж Мыслівец!
Намеснік зіркнуў на Гамолку І тут жа коршунам уссеў: - Ты што ў Саюз нагроб без толку? Як на адзін капыл усе!..
- А дзе Дайліда? - Бачыў сведка, Як сёння ўранку, сам не свой, Без чаравікаў, у шкарпэтках, Ён пёр на Слуцак пехатой.
- Гардзіцкі ёсць? - У хрэнаводаў Для кніжкі інтэрв'ю бярэ. - Ну, а Рыбак? - На агародах Дзесь выступае па Бюрэ.
- Заві хоць Ставера-халеру! - Няма таксама, як на грэх: Пакавыляў мяняць кватэру, Каб барыша ўзяць за паверх.