Выбрать главу
Намеснік вылаяўся з гора: - Ну, і работнічкі ў мяне! Які ты з імі рух разгорнеш? І тут правал па іх віне!..
І ён зрабіўся сумны-сумны: - Цяпер пракляты той Вядзьмак З усіх нас выцягне гізунды, Ох, і паздзекуецца ўсмак!..
Чыгрынаў чмыхнуў раззлавана: - Не разумею - што за страх? Пішыце добрыя раманы - Ні чорт не ўшчуне, ні алах!
Пасля чамусьці глянуў раптам На фотамайстара Крука: - Ці ты хоць пстрыкнуў апаратам? Схапіў на плёнку Ведзьмака?
- Ды не, таварышы праўленцы, - Сказаў, збянтэжыўшыся, Крук. І ў гэты момант Татур лейцы У кіраўніцтва вырваў з рук.
- Хоць праваліўся рух ганебна, Ды ў гонар сходкі выязной Нам дзербануць усё ж патрэбна. Прашу, таварышы, за мной!..
І з крэктам, стогнучы, з адышкай, Усе палезлі на гару, Дзе між кустоў, пад самай вышкай, Быў разасланы ўжо абрус.
І хоць з гары амаль да Мінска Былі відаць шанхаі дач - Ім асляпіла вочы «Пліска», Бо кожны з іх быў закладач.
Як зазірнулі дружна ў шклянку - За хрэн схапіліся скарэй. - Ах, гэткі рух звялі на п'янку! - Сказаў, смакуючы, Андрэй.
- Пазбавіць закусон прыправы - Што з песні выкінуць рэфрэн. Для нашай справы, як для стравы, Патрэбны перац, соль і хрэн!..
- Сачы за гэным, за нясвіжскім, - Шапнуў суседу гаспадар, - Каб ён не свіснуў пляшку «Пліскі», Як у Нясвіжы - «Сонцадар».
- Я, проша пана, не для варты: Я - на будоўлі інжынер! - Ты естась гіцаль, ніц не варты! Ты - фуражыр і кватар'ер!
- Но, но, пся крэў, не надто глосьно! Не велькі пан ты тутай сам!.. Сп'яна прамовіў хтосьці злосна: - А ўсё ж Вядзьмак патрэбен нам!..
Тут Караткевіч рухам звыклым Насупраць сонца ўзняў бакал: - Дык і давайце, хлопцы, лыкнем Мы за здароўе Ведзьмака!
Вядома, праўда вочы коле, Ды без яе, скажу вам я, Нічога людскага ніколі Не выйдзе з нашага рая.
Пакуль не станем як належыць Цаніць сумленнасць у сабе - Вядзьмак не кіне нас драпежыць: Не гэты - іншы дадзяўбе!..
Калі й апошні высах келіх, Не давяраючы нагам, З гары, як дзеці на партфелях, З'язджалі ўсе пад шум і гам.
Сукі калолі ў бок, як пікі, Сухія шышкі дралі брух... І гэта быў хоць не вялікі, І хоць уніз - а ўсё-ткі рух!

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА
Ну, вось і ўсё маё сказанне, І кропку ставіць мне пара. Пара сказаць на развітанне: Бывай жа, Лысая гара!
Але магчыма, што нашчадкі, Як прачытаюць гэты сказ, Не змогуць вырашыць загадкі: А што за век быў? Што за час?..
Быў час, быў век, была эпоха, Калі, наеўшыся ў адвал, Сёй-той прыкінуў, што панчоха - Зусім не кепскі ідэал;
Калі арлы ляцелі ў космас - Ім крылы зорамі пякло, А кажаны з руціны коснай Насілі харч сабе ў дупло;
Калі здрабнелі нават блазны І ўжо ніякі скамарох Не мог дзвярыма ў гневе бразнуць І маску зняць з сябе не мог;
Калі ў кампаніі парою Не зразумець было, хоць плач, Хто лезе чокацца з табою: Ці лепшы сябар, ці стукач.
Быў час, быў век, была эпоха, Калі гадаў інтэлігент: Чаму стандартны выпівоха Вылазіць часам на прэзент?
Калі сёй-той крычаў пра брацтва, А сам ірваўся з капытоў, Каб як мага вышэй прабрацца - Далей ад шэранькіх братоў;
Калі ў сталіцы беларускай Культурна-сыты мешчанін Лічыў грамадскаю нагрузкай Язык «тутэйшым» прышчаміць;
Калі другі артыст народны Не знаў і двух народных слоў, Затое меў тут харч нязводны І ўволю цешыўся з аслоў.
Быў час, быў век, была эпоха, Калі, засвоіўшы «сю-сю», Дыпламаваная цыцоха За «модай» гналася ва ўсю.
Калі й пісьменніцкія жонкі Ад «моды» праглі не адстаць, А іх «рабяты і рабёнкі» Бацькоў не ўмелі прачытаць;