Выбрать главу

За трыццаць з гакам гадоў (за гэты час паспела нарадзіцца і прыйсці ў літаратуру новае пакаленне маладых пісьменнікаў) аўтар "Сказа" Францішак Вядзьмак-Лысагорскі стаў легендай. Склалася цікавая інтрыга: мала хто з літаратараў дакладна ведаў аўтара, іншыя гадалі або "рабілі стаўку" на свайго "кандыдата". Сярод першых апынуўся і я. У 2000 годзе кіраўнікі Інстытута літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук папрасілі мяне напісаць раздзел "Ніл Гілевіч" для шматтомнай "Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя". А гэта — больш як 50 гадоў творчасці, дзве эпохі — пасляваенная савецкая і постсавецкая. Усе жанры — паэзія, пераклады, крытыка і літаратуразнаўства, публіцыстыка, драматургія, проза. Давялося зазірнуць у архіў пісьменніка. Азнаёміўся і з поўным — ад першага да апошняга радка — чарнавым аўтографам славутага "Сказа", і з машынапіснымі тэкстамі, па якіх пазней вялася дапрацоўка. Цікавыя дакументы для тэкстолага. Уся гісторыя напісання гэтага твора. Лабараторыя творчай працы паэта. Шматлікія пераробкі і праўкі, шліфоўка вобразаў, удакладненне паэтычнай думкі. Варыянты цэлых строф і радкоў, якія не ўвайшлі ў канчатковую рэдакцыю паэмы. Добра праглядваюцца і сюжэтна-кампазіцыйныя пошукі.

Аднак жа тады Н. Гілевіч яшчэ не быў гатовы апублікаваць "Сказ" пад сваім імем, з факсімільным узнаўленнем старонак першакрыніцы. Хоць і абяцаў гэта здзейсніць у блізкай перспектыве. Прычына, зразумела, не ў празмернай палітычнай асцярожнасці ("палітыка" ўжо амаль "адпала"), а ў неадэкватным успрыманні твора выбранай публікай, літаратурным асяроддзем, пра што ўжо гаварылася ў гэтым артыкуле. Публіка "шырокая" прыняла твор, як кажуць, "да ведама", пераканаўшыся, што пісьменнікі — таксама людзі, не толькі твораць, але і жывуць, нярэдка выжываюць "на сотках". У сваім раздзеле для "Гісторыі" я абмежаваўся тым, што прапанаваў ключ да разгадкі аўтара "Сказа", а менавіта — стыль і вобразная сістэма рамана ў вершах Н. Гілевіча "Родныя дзеці".

Але без прызнання аўтара гэты выдатны твор стагоддзя не мог увайсці ў той раздзел "Гісторыі літаратуры". Болыш за тое, "Сказ" стаў аб'ектам міфатворчасці і нават розных спекуляцый і самазванства. Далей чакаць не было сэнсу. Ніл Гілевіч, разумеючы небяспеку "выклікаць агонь на сябе", апублікаваў нарэшце паэму пад сваім імем. Разам з аналітычна-спавядальным артыкулам "Як быў напісаны "Сказ пра Лысую гару" ("Народная воля", 2003, 30 жніўня). У друку былі спробы прынізіць гэты ўзор пісьменніцкай шчырасці, аналітычнага майстэрства і тэарэтычнай эрудыцыі. Але дарэмна: апрача інфантыльнага капрызу і незразумелай злосці ў іх нічога не атрымалася. Адно сумна: да гэтага шкоднага ганьбавання далучыліся таленавітыя ў сваіх жанрах пісьменнікі. Успомнілася рэпліка аднаго маскоўскага прафесара, сябра Беларусі: "У вас шмат таленавітых літаратараў і даследчыкаў, але і шмат трагічна неначытаных".

На жаль, не адбылося навуковай гаворкі ў сродках масавай інфармацыі. Склалася ўражанне: чакалі скандальчыка, хацелі "смажанага". Атрымалася некампетэнтнасць, нежаданне думаць і аналізаваць. Праўду сказалі толькі самыя дасведчаныя: прафесар Адам Мальдзіс ды Іван Саламевіч, энцыклапедыст. Сказалі вельмі далікатна і сціпла.

Былі такія ж апрыёрныя і бяздоказныя спробы прыпісаць аўтарства добраму паэту, але зусім іншай танальнасці, інакшага "рэгістру" — Міколу Аўрамчыку. Былі прыхільнікі погляду, што паэму пісалі ўдвух. Але ўсё гэта — эмацыйныя меркаванні, а не вынік навуковага аналізу. Пісаць твор такой дасканаласці і моцы брыгадным метадам, седзячы за сяброўскім сталом, — пралеткультаўскі пражэкт. Нават "патэтычную" эпапею "Вялікаму Сталіну ад беларускага народа" пісалі пяць паэтаў паасобку, кожны сваю частку, а разам "сшывалі" гатовыя гімны. Ролю М. Аўрамчыка ў падрыхтоўцы і распаўсюджванні машынапіснага тэксту паэмы дакладна акрэсліў Ніл Гілевіч у "Народнай волі". Аўтар "Сказа" выкарыстаў некаторыя факты, пачутыя ад свайго сябра-"лысагорца". Мабыць, абмяркоўвалі напісанае Н. Гілевічам. Гэта — натуральна. Так рабілі і даўней і нядаўна пісьменнікі папярэдніх пакаленняў. Але аўтар твора — той, хто стварыў арыгінальную паэтыку, стылістыку, паэтычную лексіку, сканструяваў кампазіцыі і сюжэты. Дарэчы, гісторыя айчыннай і сусветнай літаратуры ведае шмат выпадкаў легальнага выкарыстання чужых сюжэтаў, фабулаў — не тое што асобных эмпірычных фактаў. У аснове фабулы аповесці Л. Талстога "Смерць Івана Ільіча" — спавядальная гісторыя смяротна хворага пракурора тульскага акружнога суда Івана Ільіча Мечнікава, брата славутага вучонага Ільі Мечнікава, запісаная і перададзеная сябрамі Л. Талстога. У яго ж аповесці "Халстамер" выкарыстаны чарнавы сюжэт пісьменніка М.А. Стаховіча, перададзены Л. Талстому яго братам, конназаводчыкам А. Стаховічам. Балада Адама Міцкевіча "Свіцязь" пісалася на аснове народных паданняў, апрацаваных яго сябрам Янам Чачотам.