Выбрать главу
Ды прыступілі ўсё ж да торгу, Дзяльба пайшла сваёй чаргой, I Валасевіч на прафорга У наступ рушыў з качаргой:
— Дзялі, птамаць, сумленна й чэсна, Бо калі будзеш махляваць — Па голым чэрапе як трэсну — Дык і пакоцішся, птамаць!..
Шушкевіч, глянуўшы з дакорам, Парадак абвясціў такі: — Спярша давайце пагаворым, Пасля пацягнем жарабкі.
Антон Бялевіч, хоць і моргаў, Рвануўся першы слова ўзяць I на няшчаснага прафорга, Рукой махнуўшы, крыкнуў: — Сядзь!
Я — не Шамякін і не Броўка! Я не вазьму сабе грады! Пакуль на свеце ёсць Дуброўка — Яе пясняр я назаўжды!..
I так махнуў рукою бурна I крутануўся так Антон, Што па інерцыі з трыбуны Пайшоў на публіку вінтом.
Ды ў той жа міг падняўся Ставер (Ста-ры, іначай, вер-шаплёт). Як кавялу, нагу адставіў I даў фантазіі палёт:
— Ў мяне ў любым раёне грады, У кожнай вёсцы — свой народ! Куды прыеду — там і рады, Там і вядуць мяне ў гарод.
Там рэдзьку з хрэнам ем ад пуза, Турнэпсы ўволю храбашчу, А як налопаецца Муза — Да ночы вершамі трашчу!
У баразне й начую часам — I сніцца розная херня: То Скрыпка з Эвентавым разам, То нейкі Чавускі-Вірня!..
Тут Дзеружынскага заела: — Я ж першы ў спеўніках стаю! Мне балбатня ўжо надаела — Лепш я вам песню прапяю!..
Тады змяніўся з твару Вітка, Нервова шкелачкі працёр, Яму, напэўна, стала брыдка, Бо выйшаў ціха ў калідор.
"Ну і актыўнасць, — думаў горка, — Такая з роду не была. О, каб і творчая гаворка На ўздыме гэтакім ішла!.."
I Лупсякоў, якога жонка Прывалакла сілком на сход, I ён адчуў сябе няёмка I плітануў праз чорны ход.
3 балючай скрухай на абліччы Спыняў сустрэчных: — Слухай, брат! Яны ж мяне вар'ятам лічаць, А дзе — вар'яты? Хто — вар'ят?..
Між тым далёка ў заднім радзе Сядзеў вядомы драматург, I ясна ўсё было ў паглядзе, Што думаў ён пра тлумны гурт.
"Чаго гавэнда гэта варта? Увесь ваш крык — адна камедзь. Такога хутара-фальварка, Як мой — ніколі вам не мець!.."
Ды вось падняўся Хведаровіч — Сівагаловы аксакал — I песімістам нездаровым Рэвалюцыйны даў запал:
— Прашу, таварышы, паверыць, Што калектыў — адзіны шлях, I я найду вам грады мераць 3 чырвоным бантам на грудзях!
Я ў тундры марыў, як аб цудзе, Што прыйдзе гэтакі дзянёк. А тут — такая закусь будзе! Свая цыбулька! Свой часнок!..
Як заўжды, з месца Барадулін Перагукнуўся думкай з ім: — Да часнаку і да цыбулі Патрэбен побач магазін!..
Ды гэту рэпліку паэта Не ўчуў узнёслы Гаўрусёў: — Мой агарод — мая планета! А грады — глупства гэта ўсё!
Ну, каб узяў сабе Скапараў — I я б адвёў калі душу. А так — пакуль іх ускапаю, Дык лепш паэму напішу!..
Макаль з Вярцінскім меркавалі: "Спакусны ўвогуле раён! I мы б не раз падначавалі, Каб там адкрыўся пансіён..."
Тады падняўся ва ўсю веліч, Пад пахай сціснуўшы саф'ян, Паэт-вучоны Ніл Гілевіч — Вялікі друг усіх славян.
— Мяне, браткі, хвалюе гэта Не больш, чым Ставераў "сцішок", Хоць для сям'і і я штолета Здымаю ў Купе катушок.
Дык там жа Нарач нас купае, Як маці дзетак-галышоў, Ды і кампанія якая: Сам Танк, Лынькоў і Куляшоў!
Я ж там і ў возеры, і ў лазні Па голых класіках магу Дакладна зверыць рост уласны I на Алімп заняць чаргу.
А ў гэтым гамузе вялізным Мяне й не ўбачаць і затруць. Дый як жа будзе з камунізмам, Калі ўсе грады пабяруць?..
Шушкевіч глянуў на гадзіннік: Ці не даволі ўжо размоў? — Сябры! Дык вывад наш адзіны: Падзелім грады — і дамоў!..
I вось, штурхаючы ў гаворцы Адзін другога пад бакі, Наперад рынуліся творцы Цягнуць на шчасце нумаркі.