Выбрать главу
Калі свой церам Жычка ставіў, Дык, як нявольнікі-рабы, Цягалі дошкі Чэрня й Ставер, У крук згінаючы гарбы.
А Семяжон, прыдбаўшы ўчастак, Апошні ўзяўся будаваць: "Мая ж такая доля-шчасце: Я ж і жаніўся ў сорак пяць..."
Ва ўсіх дамы, ва ўсіх палеткі, I толькі ў беднай Палтаран Стаяў хляўчук, сядзелі кветкі, Ляжаў нявораны дзірван.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

ТАК I ЗАЖЫЛІ
I вось — пасёлак як пасёлак: Гароды, вуліцы, дамы, Сям-там драты у восем столак... А як жа пішуцца тамы?
Пакуль змагу падкаравуліць, Ці творыць хто, скажу вам так: Я і па першых назвах вуліц Адчуў фантазію пісак.
Гучалі назвы вельмі ёмка: Астрэйкаў пляц, Ласіны рог, Завулак Цвіркі, Няхаёўка I Пракурорскі хутарок!
Але засведчу тут сумленна, Што хоць ад цэнтра і ўбаку — Было найболей ажыўлення У Калачынскім тупіку.
Жыццё ішло сваім парадкам: Хто на калёсцах пёр ваду, Хто з жонкай корпаўся на градках — Палоў драсён і лебяду.
Хто паліваў растворам дрэўцы, Хто падстрыгаў-раўняў кусты, А хто на сонцы лежма грэўся, Жывот падціснуўшы пусты.
Пра славу марыў і пра дзевак 3 пакутнай думай на ілбе, — Пакуль са станцыі вандзэлак Прыцягне жонка на сабе.
О, тыя з горада візіты! Як іх чакалі мужыкі! А як прасілі: "Прывязі ты Хоць недапітачак які!.."
Сябры прывозілі звычайна Напханы пляшкамі бавул, I жонкі ў роспачы-адчаі Крычалі "Гвалт!" і "Каравул!"
У гмаху Звонака піялы Звінелі так, што чулі ўсе: Не чай зялёны аксакалы Смакталі ўслодыч пакрысе!
I ў будане лясным Астрэйкі Не моўкла позна гамана. На закусь там, як сімвал нейкі, Была цыбуліна адна!
I ў Няхая на Няхаёуцы 3 гаспадаровых рук штодзень Сцяг паэтычны бралі хлопцы I спалі ўпокат абы-дзе...
Таму Валоўшчынская крама Амаль заўжды была пустой: Пітва ніякага ні грама — Хоць трупам ляж, хоць слупам стой!
Дык у сяле не без прычыны Бурчалі злосна мужыкі: "Ці не адпэндзіць нам, мужчыны, Адсюль піцьменнікаў такіх?"
Ды і валоўшчынскія цёткі Клялі іх, зведаўшы бяду: "Не напаіць з балотца цёлкі — Пісакі выбралі ваду!.."
Жыццё ж і дачніц турбавала. Бывае, рана-ранічкой Імчыць кабета з самазвала, Уся — парыў і неспакой.
Суседка з хаты ёй насустрач — Яшчэ спрасонку ў негліжэ: — Чаго ты прэшся гэтак шустра? Які кадук цябе глыжэ?
— Хачу зваліцца неўспадзеўку: Адзін начуе мой стары, Дык мо прыцёг якую дзеўку, Каб іх цягалі дактары!
— Ну, калі мой прыпрэ дурніцу На гэту Лысую гару — Я падпалю на ёй спадніцу I як жабоцьку раздзяру!..
Былі й паслугі для пісакаў, Тут Янка Кучар — казначэй — Збіраў узносы і не плакаў: Усе на месцы, дык лягчэй.
I доктар Нэйфах, хоць і рэдка, На соткі ўласныя імчаў, Дзе толькі ўслон быў — раскірэка, Як той у клініцы тапчан.
Ён у пісак пытаў з дакорам: — Часнок і хрэн на градах ёсць, А дзе жэнь-шэнь? Дзе гэны корань, Што вам прадоўжыць маладосць?
Ён клаў масцітых уздоўж лаўкі, А немасцітых — на зямлі, I сам насіў з балотца п'яўкі, Каб кроў нядобрую пілі...
Турбот хапала лысагорцам! Ішлі ў гарод і ў дзве рукі — У пальцах — з гонарам і форсам — Пераціралі камякі.
О, калі б так пераціралі Свае радкі, свой кожны сказ — Якія б плёны вырасталі На творчым зябліве у нас!
А то прывыклі, марнатраўцы, Паперу крэмзаць, абы з рук. Не ганарару б ім, а трасцы За той "цяп-ляп", што пруць у друк!
Але нашто ім дбаць пра творы? Сядзі ды моркаўку грызі. Гуркі, трускалкі, памідоры — Хоць ты на выстаўку вязі!