Выбрать главу

— Пан лекар, а вы маглі спыніць наш карагод?

Бернацоні ўздрыгнуў і паглядзеў на дзяўчыну з недаверлівым здзіўленнем, быццам пытанне прагучэла з вуснаў статуі.

— Не, я не маю моцы абрынуць чалавека ў цемру ці выцягнуць з цемры на святло. Гэта — Божая воля. Але многія апынаюцца ў паўзмроку, на няпэўнай мяжы між святлом і цемрай. Вось тады...

Лекар абарваў сказанае і пасуровеў.

— Ты яшчэ слабая, дона... Ідзі ў свой пакой і кладзіся ў ложак. Я прышлю да цябе Марцэлю з адварам.

Стукат гадзіннікаў пагрозна гучнеў, нібыта набліжалася карэта Смерці, запрэжаная дванаццаццю жалезнымі коньмі...

Першае, што я зрабіла, калі прачнулася — паглядзела ў акно. Гэта каб хутчэй забыцца пра свае цьмяныя і блытаныя сны ў гатычным стылі. Але дробны восеньскі дождж — не самы лепшы пейзаж дзеля паляпшэння настрою.

У доме Аркадзевай удавы пра паскудны дождж і абрыдлыя лужыны на вуліцах забывалася адразу. Здаецца, гэты стыль называецца ампір... Як у песні Грабеншчыкова: «И золото на голубом…» Любяць жа нашыя багацеі гуляць у радавую арыстакратыю. На гэтым урачыстым фоне Ліля Баркун у чорнай сукенцы, шчыльна па фігуры, выглядала як віцэ-міс прыгажосці... Дагледжаная і пакрыўджаная, што не галоўная міс. Цёмнае бліскучае «карэ» валасоў, тонкія бровы ганарліва выгінаюцца, вусны дакладна абмаляваныя, і ніжняя губа ледзь заўважна наперад — прыкмета ўладарнае натуры... І ніводзін афіцыянт не наважыўся б падаць такой пані нават трохі астылую каву... У твар не ліне, але даб’ецца, каб нядбайны застаўся беспрацоўным.

Твар са звыкла нейтральным выразам... Дакладна такой яна была ўчора на пахаванні. Хіба пад вачыма напухла... Я, праўда, стаяла далёка, за спінамі натоўпу, але чула, як жанчыны шапталіся, асуджаючы ўдаву, што не плача, не галосіць. Цікава, як яны з Аркадзем пазнаёміліся? У іх было рамантычнае каханне?

— Трэба, каб вы напісалі за тры тыдні,— голас магнаткі дрыжэў, як у звычайнай кабеты ў горы. Усё-ткі каханне было, вырашыла я.— Вось аванс...

Маладзён у элегантным шэрым касцюме з жалобнай стужачкай на рукаве падаў мне канверт. Удава адвярнулася да стала, на якім у чорнай рамцы стаяў партрэт памерлага, прагаварыла:

— На сорак дзён збяруцца ўсе, успомніць Аркадзя... Ваш тэкст у друкарню трэба здаць праз месяц.

— Я пастараюся...

Ліля працягвала, гледзячы на партрэт:

— Усё павінна быць так, як хацеў Аркадзь. Прыгожая гісторыя пра вежу. Муж верыў, што яго продак быў рыцарам і бараніў ратушу ад ворагаў. І пра гэта каб згадвалася... Пра гадзіннікі... Столькі грошай на тыя гадзіннікі ляснулася! А я яшчэ сварылася...— Удава сутаргава ўсхліпнула — мне падалося, што зараз яна заплача, і чужое гора выплюхнецца перада мной, як гарачая кава з упушчанага кубка, абварыць, пазначыць чарнатой... І ні ў якім разе нельга адкаснуцца, захіліцца. Але Лілія Пятроўна перамагла сябе і загаварыла зусім па-дзелавому:

— Гадзіннікі ў пакоі на другім паверсе. Іх фотаздымкі павінны быць у кнізе... Юрый, вы, як спецыяліст, усё і раскажыце пра іх шаноўнай Ганне. Алекс, праводзь.

...Яны стаялі ля сценаў пакоя з бела-залатымі шпалерамі, нібыта старыя, параненыя рыцары, што вярнуліся з крыжовага паходу і патрапілі на каралеўскі баль, дзе іх ніхто не памятае, у іхнія подзвігі не верыць, і іх іржавыя латы і пасечаныя цёмныя твары аніяк не стасуюцца з бліскучым прыдворным светам. Гадзіннікі...

Але гэта ўсё яшчэ былі пагрозныя рыцары часу... Іхняе маўчанне здавалася поўным дакору. І... я іх ужо калісьці бачыла. Гэтыя грувасткія скрынкі з металу і дрэва, з дзівоснымі фігуркамі...

— Чаму яны такія вялікія?

— Вялікія? — Юрась у сваім старым чорным швэдары гэткі ж недарэчны тут, як і «рыцары часу», засмяяўся. На шчасце, ён зноў нагадваў нармальнага чалавека, у меру цікаўнага і іранічнага, і ў ногі кідацца мне не збіраўся.— Гэта на погляд сучаснага чалавека — вялікія... А на час свайго стварэння яны былі — як ноўтбук у параўнанні з колішняй ЭВМ, што займала цэлы пакой. Тады ж механічныя гадзіннікі толькі пачыналі ўваходзіць у моду. Зазвычай карысталіся клепсідрамі, вадзянымі гадзіннікамі, або гнамонамі — сонечнымі... Былі нават пераносныя сонечныя, маленькія, з яблык. Пясочныя таксама меліся. Іх насілі прывязанымі стужкай да нагі трохі ніжэй калена. Напэўна, гэта быў асаблівы шык. Вогненныя гадзіннікі ўжываліся...

полную версию книги