Выбрать главу

Усё мінае, прамінула і пошасць... Дамініканцы пранеслі горадам драўляную выяву святога Роха, апекуна захварэлых, аднойдзеную па снабачанні мнішкі ў развалінах кляштара, і жыццё пачало круціць свае жорны... Завіша ацалеў і з’ехаў у Варшаву. Каб праз год памерці на каралеўскім застоллі — шляхціц на балях мусіў піць, пакуль не зможа ўстаць, а ў маршалка і гады, і сэрца хворае... А старым сябе вызнаваць не хацеў. А можа, спадзяваўся заглушыць віном сардэчны боль? Так і зваліўся пад стол з недапітай чараю...

Прамінулі гады. У Менску адчыніліся забітыя дошкамі шыбы выклятых хваробаю дамоў, пацягнуліся на гандлёвыя пляцы купецкія вазы... Успомнілі ўлады і пра вязняў менскага замку. За час пошасці вартаўнікі змяніліся, і цяпер ніхто не ведаў, кім быў старэча ў згнілых лахманах, што невядома як выжыў у цёмных лёхах. Ніхто не памятаў ягонага злачынства, і раз Божы Бізун не пакараў яго, вязня выпусцілі на волю, як пускаюць з ланцуга старога сабаку — паміраць, праганяючы далей ад хаты.

А як ён усе гэтыя гады хацеў памерці! І тады, калі думаў, што здарыцца, калі каханая ўбачыць яго цяперашняга, і тады, калі ведаў, адчуваў, што яна памірае — а ён мог бы выратаваць, калі б апынуўся побач... Любы чалавек на ягоным месцы ўжо даўно памёр бы. Але смерць забылася на Ёсафа, яна быццам не пазнавала яго, як старая класная дама знарочыста не пазнае былога вучня, што некалі скраў ейныя рамантычныя лісты часоў далёкага юнацтва і, рагочучы, зачытаў аднакласнікам... Ёсаф зразумеў, якое зелле ён зварыў, у чым была хіба — яно адбірала маладосць, але давала вечнае жыццё. Навошта?!! Шукаць адказу на гэтае пытанне ў яго ставала часу. Ніхто не ведае, дзе цяпер Ёсаф... Але, хутчэй за ўсё, ён намагаецца знайсці зелле, якое дазволіць яму вярнуць увагу смерці, і сустрэцца з каханай...

Вось такую гісторыю паўтараў з дня ў дзень стары Ёсаф з аптэкі ў Траецкім, і тоўк, тоўк у ступе вохкія зёлкі... Я спрабаваў намаляваць яго вуглем на кавалку кардону, але мне яшчэ не хапала майстэрства. Каб маляваць такіх, як Ёсаф, трэба мець цвёрдую руку і чуйнае сэрца. Я не ведаю, ці валодаю гэтым і сёння. А вось пазней, калі я ўжо хадзіў у студыю да Кругера, адзін раз бачыў сярод карцін настаўніка Ёсафаў партрэт... Аптэкар быў намаляваны ў стракатай усходняй апратцы, але я пазнаў яго... Настаўнік назваў карціну «Агасфер». Я ніколі пазней яе не бачыў і нічога пра яе лёс не ведаю.

Аднойчы я прыбег у аптэку з чарговымі бутэлечкамі і не пачуў знаёмага пагруквання таўкача. Ёсафа ў куце за прылаўкам не было... Малады аптэкар спакойна паведаміў, што стары гэтай ноччу памёр, яго рыхтуюць да пахавання...

Ці трэба казаць, што я пабег да маленькага падвальнага акенца. На гэты раз фіранкі былі адсунутыя. Першае, што я ўбачыў — цела, што ляжала на стале. У катуху, як я і ўяўляў, грувасціліся бутэлечкі і рэторты, снапы сухіх траў і груды каменьчыкаў, высілася нешта падобнае на перагонны куб. У печцы з прыадчыненымі дзверцамі яшчэ цепліліся вугалі, а на вугалях — я добра разгледзеў гэта, бо печка стаяла ля акна — ляжала трэснутая шкляная пасудзіна з рэшткамі цёмнай вадкасці. Дзве кабеты, жабрачкі з начлежнага дому, якія звыклі падрабляць падобным чынам, пераапраналі нябожчыка па звычаі ў свежую кашулю. Яны сцягнулі з яго вопратку, і... я пабачыў на ягоных грудзях шнары ад апёкаў, якія складаліся ў слова «здраднік». І яшчэ ініцыялы — «І.Д.Ш.»

Ёсафа, па ягоным запавеце, пахавалі на Залатой Горцы. А я паступіў у рамесную вучэльню і перастаў хадзіць у аптэку ў Траецкім.

Ной скончыў свой расповед, і вінавата ўсміхнуўся.

— Ну вось бачыце, нічога асабліва містычнага...

— Значыць, рабацінкі — ганьба для паненкі,— з’едліва прамовіла Зося, дакрануўшыся да свайго носіку.— Ну-ну... Я табе згадаю гэта, Ной, калі наступны раз запросіш танчыць.

— Вось цікава, я таксама калісь забягаўся ў тую аптэку па лакрычныя ледзяшы, але ніякага Ёсафа не памятаю,— прамовіў Улад.— Можа, я проста не пазнаў твайго Агасфера?

Ной гнеўна павярнуўся да сябра:

— Ты што, думаеш, я гэта ў кніжках вычытаў?

Дарота прымірэнча прамовіла:

— Урэшце Улад мог заходзіцца ў аптэку ўжо пасля смерці старога. А дарэчы, калі пашукаць на Залатой Горцы магілу панны Югасі?

— Я шукаў і знайшоў,— спакойна і проста сказаў Ной.— Каменная пліта... Амаль пайшла пад зямлю, у паглыбленнях надпісу вырас мох, і здаецца, што літары зроблены зялёным аксамітным пасакам. «Цвіла ружа, не дасталася нікому, толькі Госпаду адному». Больш нічога, ні імя, ні году... А магілы Ёсафа я нідзе не напаткаў, хаця і пахавалі яго не так даўно.