Выбрать главу

Занылі сцены гарадоў, завяла вясёласць.

VII

А Святаслаў сумны сон сніў у Кіеве на горах у гэтую ноч.

«Звечара адзявалі мяне, кажа, у чорную пасцілку на цісовай краваці; чэрпалі мне сіняе віно, змешанае з зеллем; сыпалі мне з пустых калчанаў паганых полаўцаў буйныя пэрлы на грудзі, ды песцяць мяне. Ужо дошкі без скрэпаў на маіх залатаверхіх харомах. Усю ноч звечара дзікае груганнё гракала; пабыло каля Плеснеску на балоні, каля нетраў Кісані, і к сіняму мору няслося».

I сказалі баяры князю:

«Ужо, княжа, туга розум твой замуціла: гэта вось два сокалы зляцелі з бапькавага залатога пасаду, каб горад Тмутаракань пашукаці або напіціся шоламам Дону. I ўжо сокалам крыллі падсечаны шаблямі погані, а саміх іх павуцінай жалезнай апуталі. Цёмна было ўжо на трэці дзень: два сонцы патухлі, абодва чырвоныя згаслі слуны, а з імі і месяцы два маладыя. Алег і Святаслаў завалакліся цямрыцай, і ў моры яны патанулі, і гордасці хану дадалі вялікай. На рэчцы на Каяле святло цьма пакрыла; па Рускай зямлі, як рысяу племя, распасцерліся полаўцы. Ужо ўзнялася над хвалай пахула, ужо ўссела насілле над воляй і ўжо ўрэзаўся Дзіў на зямлю. Вось бо гоцкія красныя дзевы запелі на беразе сіняга

мора, золатам звонячы рускім: пяюць яны Бусавы часы і помсту лялеюць Шараканаву А мы ўжо, дружына твая, не знаем вясёласці».

Тады вялікі Святаслаў абазваўся слаўцом залатым, са слязамі змешаным, і сказаў: «О мае сыноўцы, Ігару і Усеваладзе! Рана пачалі вы зямлю Палавецкую рэзаць мячамі, а славы шукаці сабе. Але не з чэсцяю ўходалі, бо не з чэсцяй паганскую кроў пралілі Вашы адважныя сэрцы ў сталі нязломнай закованы і згартаваны адвагай. Дый што вы стварылі маёй сярэбранай сівізне! Не даждаліся вы сільнага й багатага брата майго Яраслава з яго мнагавоямі, з чарнігаўскімі ваякамі - з магутамі і з татранамі, і з шальберамі, і з тапчакамі, і з рэвугамі, і з альберамі. Яны ж, бывала, без шчытоў, з захаляўнымі нажамі, клікам палкі пабяджаюць, звонячы прадзедняй славай. Але вы сказалі:

«Храбрымося самі! Самі пярэднюю славу захопім і з задняю самі падзелімся».

«А ці ж дзіва тут, брацця, і старому памаладзеці? Калі сокал у годах, высока ўзбівае ён птушак, свайго не папусціць у крыўды гнязда! Але ў тым гора, што князі ўжо мне ў непадмогу. У нішто абярнуліся тыя часіны! Вось у Рымаве крычаць пад шаблямі палавецкімі, а Уладзімір пад ранамі. Туга і нудота Глебаву сыну!»

VIII

Княжа вялікі, Усеваладзе! Ці не мысляй табе б прыляцеці, каб бацькаў пасад убярэгчы! Ты бо можаш распырскаці вёсламі Волгу, а шоламам вычарпаць Дон. Каб ты быў то была бы па нагаце нявольніца, а па рэзане нявольнік. Ты бо можаш насуха жывымі страляць самастрэламі, удалымі Глеба сынамі.

Ты, буй-Рурыча, й Давідзе! Ці ж не вашыя гэта ў крыві пазлачоныя шоламы плавалі? Ці ж не ваша дружына адважная рыкае, як туры, гартоўнымі ранена шаблямі ў полі незнаёмым? Уступіце, сябры, ў залатыя страмёны за крыўду гэтага часу, за Рускую зямлю, за раны Ігаравы, смелага Святаслаўліча!

Галіцкі Асмамысле Яраслаўле! Высока сядзіш ты на пасадзе сваім златакованым; падпёр угорскія горы сваімі палкамі жалезнымі, шлях заступіў каралю, зачыніў Дунаю вароты, шыбаючы бярэмі цераз воблакі, да Дуная суды судзячы. Грозьбы твае па землях цякуць; адчыняеш Кіеву вароты; страляеш з бацькавага пасада залатога султанаў па-за землямі. Страляй, княжа, Канчака, паганага раба, за Рускую зямлю, за раны Ігаравы, адважнага Святаслаўліча!

А ты, буй-Рамане, і Мсціслаўле! Храбрая мысль носіць розум ваш на дзела. Высока плывіцё на дзела, з адвагай, як сокал на ветрах лунаючы, хочачы сходаці птаха у бітве. Ёсць бо ў вас жалезныя наперснікі пад шоламамі лацінскімі. Ад іх затрасліся ўжо землі і шмат якіх краеў: Хінова, Літва, Дарамела, яцвягі і полаўцы, кінуўшы дзіды свае й галовы свае накланіўшы пад тыя стальныя мячы.

Але ўжо, княжа Ігару, аслабела сонца святло, а дзерава лісць не на добрае скінула! Па Русі і Суле гарады падзялілі, а Ігарава храбрага войска не ўваскрасіці. Дон цябе, княжа, кліча і іншых князёў заве на пабеду.

Альговічы, храбрыя князі, утаміліся ў барацьбе. Інгвар і Усевалад і ўсе тры Імсціслаўлічы — не благога гнязда птахі шасцікрылыя! Не жэрабем пабедным сабе ўладу прыдбалі! Што ж вашы шоламы залатыя і ляцкія шчыты? Загарадзіце полю вароты сваймі вострымі стрэламі за зямлю Рускую, за раны Ігаравы, буйнага Святаслаўліча!

IX