Выбрать главу

Чаўр выключыў унутранае асвятленне і падумаў, што ў жыцці людзей ніколі не бывае такой кантраснасці, у жыцці няма катэгарычнасці, кожная з’ява і ўчынак маюць і тон, і паўтон. Напэўна, і Шарлан чакае, што ён са сваім вялікім вопытам адразу разбярэцца, што і да чаго.

Чаўр зноў уздыхнуў. Відаць, ён несправядлівы да памочніка. Раскапаў жа Шарлан гэты радыёзапіс. Хай сабе ён і не мае дачынення да справы. Усё роўна гэта сведчыць аб шырыні пошукаў.

— Начальнік Чаўр, вас выклікае Зямля,— тэлеаўтамат перарваў роздум Чаўра.

— Давайце,— буркнуў ён і павярнуўся да насценнага экрана, падумаўшы, аднак, што Шарлан не адважыўся зайсці сам, а папрасіў паведаміць вынік праверкі некага з зямлян.

Экран засвяціўся, і на ім узнік твар старшыні Савета міжпланетных зносін. Старшыня некалькі секунд углядаўся ў Чаўра, потым сказаў:

— За апошнія дзесяткі гадоў архіў не адзначыў ніводнага безадраснага «SOS». Займіся агульным расследаваннем. Адпаведныя ўказанні дадзены ўсім службам,— Крыху памарудзіўшы, дадаў:—Жадаю поспеху, начальнік Чаўр.

Чаўр кіўнуў у знак падзякі і адключыў сувязь. Са старшынёй яны былі даўнія сябры. Разам вучыліся, разам хадзілі да зорак. У час аднаго з такіх паходаў і прычапілася да Чаўравага прозвішча слова «начальнік». Праўда, яго дадавалі толькі блізкія сябры, астатнія пра мянушку не ведалі. Гэта пазней ужо, калі Чаўр заняў цяперашнюю пасаду, ён стаў для ўсіх начальнікам. Але старшыня зараз меў на ўвазе ўсё-такі ранейшае.

Увогуле, тады таксама выпадак быў не з простых. Нават праз многа гадоў успамін пра яго прымушае хвалявацца, быццам гэта адбылося толькі што. Але ж калі быў дэсант на адзіную, пазбаўленую жыцця планету Альфы Цэнтаўра!

Іхняя група высадзілася тады на невялікім пясчаным востраве, вакол якога пляскалася неабсяжнае нафтавае мора. Касманаўты зацікавіліся, як гэта на планеце, дзе быццам бы не было арганічнага жыцця, і раптам нафта. Як тут не паспрабаваць адгадаць гэту таямніцу прыроды!

Не паспелі яны адысці ад ракетаплана на які кіламетр, як неба закрылі чорныя вялікія хмары. Але дождж не крапаў. Хмары былі з вуглякіслага газу, насычанага электрычнасцю. Праз некалькі хвілін у хмарах заблішчалі тысячы маланак, і ўсё навокал затрэслася ад грукату перуна. Чаўр разумеў, што падобныя з’явы, магчыма, абяцалі планеце жыццё ў будучым. Але яму і яго таварышам ад гэтага не было лягчэй.

Моцны электрычны разрад трапіў у мора. Яно не запалымнела, бо на планеце не было вольнага кіслароду, а толькі захвалявалася, засвяцілася яркім барвовым колерам. Высачэзныя хвалі ўзняліся з глыбіні і пакаціліся адна за адной на спадзісты пясчаны бераг. I, збягаючы назад, злізвалі пясок з каменнага долу.

Пясок — гэта крэмній і кісларод. У марскіх нетрах пясок распадаўся на свае састаўныя часткі, і тады аднекуль з вялізнай глыбіні на паверхню вырываліся пухкія вогненныя фантанчыкі — гэта гарэў кісларод. Аксамітна-чорнае мора нагадвала квяцісты дыван, які падступаў усё бліжэй і бліжэй да выспы, дзе спыніліся людзі і аўтаматы, адразаючы вузкім бурлівым каналам іх ад ракетаплана. Засталася толькі вузенькая дарожка, па якой можна было яшчэ вярнуцца. Чаўр быў нават павярнуў ужо. Бадзяй, які ўзначальваў экспедыцыю, спыніў.

— Так мы нічога не высветлім,— сказаў ён.

Здавалася, у яго словах быў сэнс. Тым больш, што неба пачало святлець: хмары папаўзлі за небасхіл. I хаця мора не супакойвалася і ўжо размыла вузкую перамычку, людзям здавалася, што небяспека мінула. Яны засталіся.

Тым часам суцішылася і мора.

— Будзем працаваць,— рашыў Бадзяй.

Робаты хутка сабралі невялікую герметычную палатку, расставілі прыборы. Узяўшы пустую пасудзіну, Бадзяй пайшоў да берага, каб узяць пробу нафты.

— Хай робат,— паспрабаваў яго спыніць Чаўр.

Ён і цяпер не можа сказаць, што прымусіла яго папярэдзіць тады Бадзяя. Відаць, узяў верх недавер да чужой прыроды, які з'явіўся ў яго яшчэ ў час палётаў да планет сонечнай сістэмы. Бадзяй толькі ўсміхнуўся. Ён падышоў да берага, нахіліўся і, адвярнуўшы твар, зачэрпнуў нафты. Пайшоў назад, але за ім пацягнуўся ліпкі і сіняваты пад промнямі Альфы Цэнтраўра хвост-ручаек.

Напэўна, у ім таілася нейкая пагроза чалавечаму жыццю. Бо асабісты ахоўны робат Бадзяя раптам кінуўся да ручайка і пачаў секчы яго сваімі механічнымі рукамі.

Нафта прыклеілася і да робата. Зразумеўшы, нарэшце, што здарылася, Бадзяй шпурнуў пасудзіну ў мора. Гэта не выратавала. Нафта мноствам струменьчыкаў паўзла па скафандры ўсё вышэй і вышэй.

— Усе назад! — крыкнуў Бадзяй і падаўся бліжэй да берага, рашыўшы ахвяраваць сабой, каб выратаваць таварышаў.