Выбрать главу

— Слухайце мяне! — загадаў Чаўр.

Зрэшты, ён меў на гэта права, бо, згодна з інструкцыяй, калі старшы дэсанта трапляў у безвыходнае становішча і не мог прымаць аб’ектыўныя рашэнні, яго павінен быў замяніць хто-небудзь з астатніх касманаўтаў. Але пра інструкцыю Чаўр успомніў пазней, а тады проста не мог дапусціць, каб таварыш загінуў.

Тым часам нафта ўжо абляпіла ледзь не ўвесь скафандр. Толькі гермашлем быў яшчэ чысты. Бадзяй стаяў, не варушачыся, каб не разліць нафту на каго-небудзь з сяброў.

Марудзіць было нельга. Яшчэ некалькі хвілін, і нафта, падобная на загуслы клей, залье ўсяго Бадзяя. I Чаўр рашыўся.

— Карнет, Альба, Серпіён! — паклікаў ён робатаў.— Хутчэй турбінны экскаватар!

Робаты кінуліся да аўтакара, на якім ляжаў экскаватар. Серпіён, пры-пыніўшыся, адказаў:

— Будзе зроблена, начальнік Чаўр!

I пра гэта Чаўр даведаўся пазней, калі яны праслухвалі запіс тых падзей. А ў той момант яму было не да такіх дэталей. Вось з таго часу для сяброў і стаў ён — начальнік Чаўр. Яны помняць мінулае. I Бадзяй, якога ён тады выратаваў і якому не ведае як памагчы зараз. Бо Бадзяй, яго стары паплечнік, і ёсць камандзір таго самага «Талнаха».

Калі ты ў цэнтры падзей, хай сабе і вельмі-вельмі небяспечных, табе лягчэй. Ты сам бачыш, адкуль і якая ідзе пагроза, ведаеш, што маеш рабіць. На той планеце ён не разгубіўся. Накіраваны пясчаны віхор, узняты турбінамі землярыйнага экскаватара, збіў нафту з Бадзяевага скафандра. Гэта была рызыка. Некалькі хвілін Бадзяй быў нібы ў сярэдзіне палаючага смалянога факела, які гарэў з тэмпературай, дастатковай, каб аплавіць жалеза. Скафандр, на шчасце, вытрымаў, хаця Бадзяй і страціў прытомнасць. Ён ачуняў ужо на заралёце. А яны ўсё-такі здолелі ўзяць пробу з таго дзіўнага мора. Нафта аказалася зусім не нафтай, як разумеюць яе на Зямлі. Гэта вадкасць па сваіх якасцях набліжалася да вышэйшых бялковых структур.

Яно было грознае, тое мора. Лёс Бадзяя вісеў на валаску. Але Чаўр тады быў спакайнейшы, чым зараз. Відаць, далі аб сабе знаць гады, якія прынеслі вопыт і забралі нервы. Чаўр пакруціў галавой, адганяючы ўспаміны, і, адчуўшы, як пакрысе вяртаецца раўнавага, выклікаў Шарлана.

Звесткі, якія прынёс памочнік, не тлумачылі, чаму знік «Талнах». Планеталёт стартаваў зусім спраўны, за ўвесь час палёту аж да самага апошняга моманту нішто ў рабоце машын ці паводзінах пасажыраў не давала падставы чакаць якога-небудзь незвычайнага здарэння. Стараючыся загладзіць сваю нядаўнюю рэзкасць, Чаўр спытаў:

— Што ты думаеш?

Шарлан развёў рукі.

— Няўжо не маеш, як кажуць, ніводнае версіі? — шчыра здзівіўся Чаўр.— А мо спадзяешся, што я і сам усё ведаю? Памыляешся. Я асабіста не разумею тут ні кропелькі. Ты любіш старыя прыгодніцкія кнігі?

— Наогул, люблю.

— Што значыць — наогул? — Чаўр стараўся быць стрыманым. Памочнік зноў здаўся яму занадта правільным, нібы загадзя запраграміраваным. 3 такім спадарожнікам да зорак не паляціш. Там патрэбны не толькі акуратнасць і стараннасць, якіх у Шарлана хапае, а і рамантычнасць, што часам мяжуе з безразважнасцю. Ці ёсць яна ў яго? Дзіўна, ужо год яны працуюць разам, а ён не можа гэтага сказаць. Чаўр апусціў вочы, каб не выдаць свае думкі, і паўтарыў пытанне: — Што ты зрабіў бы на маім месцы?

Яго настойлівасць, відаць, вывела Шарлана з раўнавагі, бо ён, адказваючы, загарачыўся.

— Прыдумаў бы дзве-тры версіі, як героі прыгодніцкіх кніг. якія я люблю наогул, і распрацаваў бы,— сказаў Шарлан, зірнуўшы на Чаўра.

— Цікава,— павесялеў Чаўр.— Твае прапановы?

— Проста не ведаю,— шчыра прызнаўся Шарлан.

— Давай памазгуем разам,— сказаў Чаўр.— Ты ведаеш, якія прынятыя меры?

— Так. Улічана, што, магчыма, на «Талнаху» сапсаваліся рухавікі. Па ўсіх імаверных напрамках інерцыйнага палёту з пазаземных станцый накіраваны караблі-выратавальнікі. Прастора зандзіруецца лакатарамі, прагледжваецца ў тэлескопы. Калі «Талнах» не ператварыўся ў пару або пучок праменняў, дык яго знойдуць.

— А ты ўпэўнены, што знойдуць?

— Чамусьці — не...

— I я,— згадзіўся Чаўр.— Нервы, ці што, падводзяць? Не магу сядзець, склаўшы рукі, пакуль ідуць гэтыя пошукі. Не такі Бадзяй чалавек, каб спасаваць перад простымі абставінамі. Для гэтага трэба, каб здарылася нешта незвычайнае.

— Начальнік Чаўр! — раптам ускочыў з месца Шарлан.— Дазволь мне заняцца няскончанай радыёграмай.

— Дапусцім,— кіўнуў галавой Чаўр,— радыёграма мае нейкае дачыненне да «Талнаха». Але хто мог захапіць яго? Гэта неверагодна!

— Я не сцвярджаю. Але падумай сам. Па ўсёй сонечнай сістэме ўжо разнеслася вестка пра «Талнах». За пошукамі сочаць і старыя і малыя. I ніхто не сказаў, што менавіта ён пасылаў тую радыёграму, пачатак якой нам удалося запісаць. Дык хіба не лагічны вывад, што яе паслалі з планеталёта? А калі гэты вывад звязаць з самім фактам, што планеталёт знік, то...