Выбрать главу

— Гэтак ты дагаворышся немаведама да чаго,— перапыніў яго Чаўр,

— Я не хачу забягаць наперад,— Шарлан ужо супакоіўся,— але праверыць павінен.

— Добра, ідзі правер.

...Мінулі суткі. Чаўр меў ужо шматлікія заключэнні экспертаў, паведамленні выратавальных караблёў, назіральных станцый. «Талнах» не ўзарваўся і не анігіліраваў, не сутыкнуўся з метэарытам. Уся прастора на мільярды кіламетраў вакол трасы была прасвечана самым старанным чынам, Заставалася адно: «Талнах» збочыў з трасы і знік у невядомым кірунку.

Чаўр разумеў, што калі гэта здарылася, то пошукі ўскладняцца. Планеталёт нават за тыя суткі, якія мінулі з моманту, калі ён меўся прыбыць на Нераіду, мог аддаліцца ледзь не на край сонечнай сістэмы. На самой жа справе пасля апошняй сувязі з ім мінула амаль двое сутак. Суцяшала толькі адно — «Талнах» не загінуў, і раней або пазней яго ўдасца знайсці.

Зайшоў Шарлан. Чаўру кінулася ў вочы, як пабляднеў, асунуўся твар у памочніка. Відаць, і ў Шарлана не было часу на адпачынак.

— Вось,— ён падаў Чаўру спіс.— На мой погляд, нічога суцяшальнага...

Чаўр узяў спіс і пачаў чытаць. Гэта былі людзі самых розных прафесій.

Механікі, геолагі, кібернетыкі, астраномы, урачы, нават настаўнік. Адны з іх ляцелі да месца працы, другія — у адпачынак. Шарлан зрабіў вялікую работу. Ён нават даведаўся, якія рэчы ўзялі гэтыя людзі з сабою. Ні ў каго з іх не было прыёмніка, не кажучы ўжо аб перадатчыку. Версія Шарлана, такім чынам, абрывалася ў самым пачатку. Чаўр задумліва выцягнуў губы. Паслаць сігнал мог толькі нехта з «Талнаха». Экіпаж? Не. Яны, хутчэй, выкарысталі б звычайную касмічную аварыйную хвалю. Пасажыры? Слабая сіла сігналу сведчыла на карысць гэтага меркавання, яго можна было, як сцвярджалі спецыялісты, паслаць толькі недасканалым, самаробным перадатчыкам. Але ніхто з пасажыраў быццам бы не захапляўся радыё. Відаць. у нечым яны з Шарланам памыляюцца.

Чаўр доўга перачытваў спіс, нібы там паміж прозвішчаў магло хавацца яшчэ нешта. Не адводзячы вачэй ад спісу, спытаў:

— Колькі было пасажыраў?

— Тут шэсцьдзесят дзевяць.

— «Талнах» мог узяць семдзесят.

— Я запісаў шэсцьдзесят дзевяць,— растлумачыў Шарлан.— А ўсяго іх было сапраўды семдзесят. Я не браў пад увагу хлопчыка, які ляцеў да бацькі на Нераіду.

— Хлопчыка? — Чаўр'аж усміхнуўся.— Ён адзін можа натварыць больш, чым сотня дарослых. Хіба ты забыўся, які сам быў?

Шарлан збянтэжыўся.

— Я праверу,— сказаў ён, адыходзячы да дзвярэй.

— Абавязкова. I ведаеш,— Чаўр затрымаў Шарлана,— дзейнічай так, быццам мяне няма. Як адказны за пошукі. Не бойся памылак. Мы іх робім усе.

Успыхнуў экран. Чаўр адпусціў памочніка і спытаў:

— Што там?

— Нейкая дзіўная тэлеграма...— паведаміў сакратар.

Яшчэ да прыходу Шарлана са спісам Чаўр паслаў запрос у Цэнтральны архіў: ці не заўважаліся ў межах сонечнай сістэмы за апошні час якія-небудзь непазнаныя прадметы? Адказ прыйшоў кароткі і катэгарычны: не.

Чаўр апусціў галаву. Хвіліну назад, даючы даручэнне памочніку, ён быў упэўнены, што неўзабаве будзе ведаць, як і чаму знік «Талнах». А зараз засумняваўся. Эра лятучых галандцаў, здаецца, даўно скончылася. Ніякія галюцынацыі, нават калі яны здольныя ўздзейнічаць на чалавека, кібернетычным сістэмам не пагражаюць. Гэта азначае толькі адно — паводзіны экіпажа планеталёта і яго капітана былі зусім асэнсаваныя, мелі пэўную падставу. Аднак чаму тады Бадзяй не паведаміў пра змену курсу, чаму маўчыць зараз? Зноў Чаўр не мог звязаць два канцы ў адзін вузел. Раззлаваўшыся, ён урэшце падумаў, што адказвае толькі за тэхніку, а тут павінны займацца псіхолагі. Задасць ён Бадзяю, калі той вернецца!

— Начальнік Чаўр,— Шарлан уключыўся ў відэасувязь аднекуль з другога канца будынка станцыі. Ён быў усхваляваны, нецярплівы.— Цікавыя звесткі.

— Га? — Чаўр не адразу зразумеў памочніка,— цікавыя, кажаш? Добра, добра,— узняў ён руку, спыняючы Шарлана.— Закажы ракетаплан на Зямлю. У дарозе і пагаворым.

Праз чвэрць гадзіны спецыяльны ракетаплан начальніка Службы бяспекі ўнутрысістэмных зносін імчаў Чаўра і Шарлана на Зямлю.

Шарлан сядзеў насуплены, незадаволены абыякавасцю начальніка да ягоных навін. Чаўр скоса зірнуў на памочніка і сказаў:

— Выкладвай, што там новага!

Шарлан ажывіўся і высыпаў на стол пачак фотаздымкаў. На ўсіх быў азін і той жа хлопчык — гадоў дванаццаці або трынаццаці, з тварам, густа ўсыпаным рабаціннем, жывымі, хітрымі вачыма. Відаць, хлопчык непаседлівы, свавольны.