Выбрать главу

— Такі выдумшчык,— данеслася да Чаўра.— Ты толькі паслухай, што пра яго расказваюць. У гэтага хлопчыка кішэні заўсёды напханыя радыёдэталямі. Аднойчы нарабіў мініяцюрных прыёмнікаў, параскідваў іх у класе за дошкай, пад настаўнікавым сталом, напхаў у кішэні таварышаў. А сам з мікрафонам, звязаным па радыё з электронным бюро школьных кансультацый, сеў насупраць настаўніка. Настаўнік задае пытанне, а з усіх бакоў — гэта пачыналі працаваць прыёмнікі — гучыць адказ. Тады Юрась яшчэ ў чацвёртым класе быў.

— Значыць, гэта Юрась,— спытаўся Чаўр,— той самы, з «Талнаха»? Аднак, ты паспеў...

— Юрась Батура,— не зважаючы на рэпліку, працягваў Шарлан.— Зараз ён у сёмым. Я ўпэўнены, што сігнал — яго работа. Нешта падобнае ён ужо раз зрабіў. На ўроку астраноміі. Настаўнік настроіў радыётэлескоп, каб даць вучням паслухаць пульсар галактыкі МЕ. I раптам у выпраменьванні пульсара на хвалі вадароду ўпляліся староннія сігналы. «Кантакт! Мы ўстанавілі кантакт!» — закрычалі вучні. Нават настаўнік быў паверыў. А потым выпадкова зірнуў на Юрася і здагадаўся: той сядзеў спакойна і толькі хітра жмурыў вочы. Ён, як сцвярджаюць яго сябры, што хочаш, можа выкінуць. Між іншым, ён казаў перад адлётам, што будзе паведамляць аб сабе.

Гэта сапраўды магло быць. Чаўр пагаджаўся з памочнікам. Але гэта ўсё роўна ні на крок не набліжала іх да мэты. Калі нават дапусціць, што радыёграму паслаў Юрась, дык адразу ўзнікала мноства новых пытанняў — чаму ён пасылаў яе, што перашкодзіла дакончыць фразу, чаму ён маўчыць зараз? Але самым галоўным было тое, што ў сонечную сістэму ніколі не прылятаў ніводзін чужынец, які мог захапіць планеталёт.

— Ты сумняваешся? — здзівіўся Шарлан, па-свойму зразумеўшы маўчанне Чаўра.

— Я проста разгубіўся,— шчыра прызнаўся Чаўр.— Мне неабходна параіцца з сябрамі. 3 тымі, хто, як і я, правялі ў прасторы разам з Бадзяем шмат гадоў.

II

Сядзелі, не запальваючы святла. У пакоі было гэтак жа цёмна, як і на двары. За акном, недзе далёка ўнізе, з глухім бухканнем разбіваліся аб скалы цяжкія хвалі, і паляўнічы домік, пабудаваны на крутым байкальскім беразе, раз-пораз уздрыгваў.

— Як на Арландзе,— хрыплаваты бас парушыў цішыню.

Чаўр уявіў сабе твар гэтага чалавека. Не такі, які быў у яго зараз — распаўнелы, парэзаны глыбокімі маршчынамі, а ранейшы, тых часоў, калі яны былі разам на Арландзе — планеце жоўтага Працыёна — малады, з кучаравай барадой. Паміж сабой яны яго называлі Эсквайр, звяртаючыся ж да яго — не адважваліся: усё-такі капітан. Тады яны ўпершыню ступілі на зямлю чужога свету і радаваліся, як дзеці, нават ён, цяперашні сур’ёзны старшыня Савета міжпланетных сувязей Павел Рэпс.

— Помніце, Бадзяй хацеў абавязкова адшукаць цывілізацыю? — падаў голас іх колішні нязменны штурман Артур Плыга.

— I палічыў звычайныя тэктыты за прадукт дзейнасці невядомых атамных рухавікоў. Гісторыя паўтараецца, так, здаецца, жартавалі мы з яго? — прыгадаў далёкі выпадак Рэпс.

— Хацеў бы я знаць, што за што палічыў ён зараз,— неяк ужо занадта нервова прамовіў Чаўр. Яго раздражняла ўсё — і ўласная бездапаможнасць, і падсвядомае жаданне таварышаў адцягнуць пачатак горкай размовы. I ад гэтага не мог стрымаць раптоўную непрыязнасць, якую адчуваў да сяброў. 3а іх успамінамі яму бачыўся прыхаваны намёк: «Мы тут сядзім, чэшам языкі, а Бадзяя ўжо, можа, няма».

— Не гарачыся,— Чаўр адчуў на сваім плячы вялікую і цяжкую руку Плыгі.— Нас засталося толькі чацвёра, лічачы Бадзяя. Ён, можа, трапіў у бяду. Мы павінны выручыць яго разам. Праўда, Эсквайр?

— Ага, прагаварыўся,— варухнуўся Рэпс, і нават у цемры Чаўру здалося, што ён сваёй мажной постаццю запоўніў увесь пакой.— Я даўно ведаў, яшчэ з той праклятай Цэнтаўры, што вы мне далі гэтую мянушку. Бадзяй у непрытомнасці прагаварыўся. Я схіліўся над ім і чую: «Гэта ты, Эсквайр?» Ну, думаю, чалавек трызніць, дрэнь яго справы. А ён зноў: «Гэта ты, Эсквайр Рэпс?» Тут да мяне дайшло, што да чаго.

— Ну і вытрымка ў цябе, Эсквайр Рэпс? Столькі год маўчаў! — засмяяўся Плыга.

— Можна было і сёння не спяшацца,— буркнуў Чаўр.

Плыга прыціснуў яго плячо. А Рэпс сказаў:

— Не хавай сябра загадзя, начальнік Чаўр. Успомні, як ты сам яго ратаваў: і там, на Цэнтаўры, і пазней, на Гарыстай, дзе на яго напалі двуххвостыя страшыдлы. У той час ты не разгубіўся. Дык чаму табе зараз здраджваюць нервы?

— Даруйце,— прашаптаў Чаўр,— я, напэўна, вельмі пастарэў.

— Усе мы пастарэлі, начальнік Чаўр. Нават твой любімы робат Серпіён,— Рэпс паклаў сваю далонь на Плыгавы пальцы, якія ўсё яшчэ сціскалі плячо Чаўра. Гэта Артур увёў у праграму Серпіёна слова «начальнік». Ён прадбачыў, кім ты станеш.