Выбрать главу

— Вось калі ўсплываюць штукарствы нашай маладосці,— абыякава сказаў Чаўр, быццам гаворка ішла пра нешта старонняе.

— Тайнае робіцца яўным, як казалі старажытныя лаціняне,— засмяяўся Рэпс і ўжо сур езна сказаў:— Ну, хопіць. Давайце аб справе. Ты, Артур, нешта маеш?

— Надоечы ў мяне быў штурман «Аскольда», прыносіў дзённік капітана Зарапіна. Прыкладна чвэрць века таму назад, сцвярджае Зарапін, паблізу Сатурна лакатары яго карабля намацалі зямны планеталёт. Гэта была старая канструкцыя мінулага стагоддзя. Зарапін паслаў да планеталёта светлавы імпульс, але той не адказаў і неўзабаве знік з экрана.— Плыга перадыхнуў і дадаў: — Больш яго Зарапін не сустракаў.

— Я запрошваў архіў,— перапыніў Чаўр.— Сустрэча не зарэгістравана.

— Архіў рэгіструе толькі дадзеныя, якія маюць пацвярджэнне. А хто мог пацвердзіць гэта, калі Зарапін не паспеў зафіксаваць на плёнцы планеталёт?

— Можа, гэта быў грузавік? — уставіў Рэпс.

— Зарапін пазней правяраў у навігацыйным аддзеле. Ніводзін з зямных караблёў не павінен быў там знаходзіцца.

— Здань! Лятучы галандзец! — іранічна засмяяўся Чаўр.— Зарапін не паддаўся прывіду, а Бадзяй клюнуў.

— Мы нічога не ведаем, начальнік Чаўр,— спакойна сказаў Плыга.— Не будзем спяшацца з вывадамі. Бадзяй даволі вопытны касманаўт, каб памыляцца.

— Слушна, Артур,— заўважыў Рэпс.— Не будзем папракаць адзін аднаго. Думаю, аднак, без увагі выпадак з Зарапіным пакідаць нельга.

— Дзіўна...— сказаў Чаўр.

— Іншага пакуль няма,— адказаў Плыга і ўключыў лямпу.

На дварэ не сціхаў вецер. Здаецца, што гэта ноч хоча на крылах ветру ўварвацца ў асветлены пакой, каб і тут аднавіць сваё панаванне. А пакуль ёй гэта не ўдавалася — сарваць будыніну і кінуць у бездань.

— Гаварыў — збяромся ў мяне,— пацёпаў плячыма Плыга,— не захацелі. Усё вам падавай натуральнае. Эстэты, рэлятывісты праклятыя! У прастору не пускаюць, дык яны тут дэкарацыю патрабуюць. Цешцеся, каб на вас пярун з усімі яго калясніцамі!

— Ты што ўсхадзіўся? — Рэпс недаверліва пазіраў на таварыша. Ён вельмі добра ведаў яго і чакаў нейкага падману. I не памыліўся. Глянуўшы па баках, ён заўважыў у кутку столік, на якім нешта ляжала, прыкрытае белай сурвэткай.

Перахапіўшы яго позірк, Плыга ўсміхнуўся:

— 3-за вас па ўсім кантыненце прыйшлося матляцца,— ён падбег да століка, выкаціў яго на сярэдзіну і зняў сурвэтку.

На століку стаяла бутэлька старога вінаграднага віна і тры гранёныя крыштальныя кубкі.

— Мае цяперашнія сучаснікі не разумеюць яго смаку,— Плыга пляснуў па бутэльцы,— а нам, старым зямлянам, сам бог, калі ён яшчэ быў, завяшчаў выпіць за тых, хто ў прасторы.

Залацістае віно іскрылася, як згустак сонечнай плазмы.

— Дзе ты толькі здабыў гэта, штурман? — паківаў галавой Чаўр.

— Мая лоцыя не падвядзе,— Плыга ўзняў бакал,— трымайцеся мяне.

Пілі, зусім як у даўні час — не спяшаючыся, думаючы кожны пра сваё.

Паставіўшы бакалы, памаўчалі.

— Ну, хопіць,— Рэпс устаў з-за стала.— Трэба за справу брацца.

Ён гаварыў спакойна, не павышаючы голасу, нібы не шумела за сценамі бура. Чаўр і Плыга падняліся таксама, на момант убачыўшы ў ім свайго былога капітана.

— Зробім так,— Рэпс на хвіліну змоўк і нахмурыўся.— Плыга праверыць лёс кожнага карабля за апошнія... Артур, кажаш, канструкцыя была старая?.. За апошнія сто пяцьдзесят год. Чаўр вывучае непацверджаныя факты. Вось так, хлопцы. А зараз пара.

Назад Чаўр вяртаўся адзін. Сустрэча з сябрамі, асабліва ўпэўненасць Рэпса, падбадзёрылі яго. Ён яшчэ не ведаў, як гэта будзе, але ўжо верыў, што знойдзе Бадзяя. Праўда, не тым шляхам, які бачыць Рэпс. Зарапін і яго дзённік тут ні пры чым. Каб Зарапін сустрэў іншы карабель, той, пэўна, адказаў бы на яго запытанне. Нават асвоены космас па-ранейшаму дзейнічаў на чалавека сваёй неабсяжнасцю, сярод якой магутныя планеталёты былі, як пясчынкі. Не адказаць на запытанне мог толькі міраж, бо кожны касманаўт радаваўся, сустракаючы ў космасе другога.

Чаўр шкадаваў, што не нагадаў таварышам пра шырока вядомы выпадак, які адбыўся гадоў семдзесят таму назад. На Меркурыі разбіўся карабель-аўтамат. Людзей на ім не было, і таму не спяшаліся забіраць абломкі.

I вось праз некаторы час нехта з пілотаў, пралятаючы міма Меркурыя, заўважыў у прасторы паблізу ад планеты той самы карабель-аўтамат. Потым яго бачылі іншыя касманаўты. Нават былі падумалі, што карабель не загінуў, а толькі атрымаў пашкоджанні і цяпер, адрамантаваны робатамі, зноў выйшаў у космас. Але справа аказалася значна прасцейшай: у зменлівай крышталічнай атмасферы Меркурыя абрысы корпуса карабля, падсвечаныя сонечнымі праменнямі, праектаваліся на верхнім слаі. Самы звычайны зямны міраж у касмічным варыянце. Нешта падобнае мог напаткаць Бадзяй. Канешне, на сваё запытанне ён не атрымаў адказу. Падумаўшы, што адбылася аварыя, ён памчаўся ўжо за караблём.