Выбрать главу

Унізе замігцелі агні сталіцы, дзе знаходзіўся і касмічны цэнтр. Тут Чаўр і жыў, бываючы на Зямлі.

Вінталёт, робячы шырокія кругі, пачаў апускацца. Чаўр уключыў тэлесувязь. Экран успыхнуў, праз секунду на ім з’явіўся твар Шарлана.

— Што Бадзяй? — спытаў Чаўр.

— Нічога новага,— адказаў памочнік.

«Як гэта падобна на Бадзяя! — падумаў Чаўр.— Маўчыць, бо асцерагаецца атрымаць загад вярнуцца».

Работы ў Чаўра аказалася шмат. Акрамя спраў, звязаных з пошукамі, якія вяла Служба бяспекі, ён наводзіў даведкі, сустракаўся з ветэранамі космасу, звязваўся з імі па тэлесувязі.

За паўтара века бясследна не знік ніводны касмічны карабель, нават з тых, што адпраўляліся да зорак. Якім бы цяжкім ні аказаўся іх лёс, яны заўсёды знаходзілі магчымасць паведаміць аб сабе.

Ніхто з касмічных ветэранаў не пацвердзіў, што Зарапін не памыліўся. Самога Зарапіна ўжо не было сярод жывых. Усе дэталі, якія, магчыма, крыху праяснілі б справу, ён забраў з сабой.

А на другі дзень пошукаў станцыі назірання за космасам падкінулі Чаўру і яго службе новую загадку. Яны прынялі сігнал. На гэты раз, аднак, удалося дакладна зафіксаваць, адкуль ён быў пасланы: раён Сатурна. Сігнал, як і той першы, быў нешматслоўны. На той жа хвалі невядомы карэспандэнт перадаваў: «Прыцяжэнне ўзрастае».

Чаўр адчуў, што зноў нічога не разумее. Чаго іх панесла да Сатурна — да яго самога або бліжэйшых спадарожнікаў, дзе ніколі не было нават пастаянных назіральных станцый? Да таго, «Талнаху», каб апынуцца там, трэба было пакрыць некалькі мільярдаў кіламетраў: Сатурн знаходзіўся ў баку ад трасы Зямля — Нептун.

— Што будзем рабіць? — задаў Чаўр пытанне Шарлану, які займаўся арганізацыяй пошукаў.

— Я загадаў патрулям, якія базіруюцца на Ганімедзе, адправіцца бліжэй да Сатурна, узяць пад нагляд Энцэлад і Мімас,— сказаў памочнік і, нібы быў вінаваты ў гэтым, збянтэжана дадаў:— Сатурн зараз далёка ад пастаяннай пасажырскай трасы, таму там мала патрулёў.

Чаўру можна было не тлумачыць, ён ведаў гэта. Аднак ён з цікавасцю зірнуў на Шарлана: яму падабалася, што памочнік дзейнічае сам, робіць усё, што належыць. Ад прыкрай думкі, што вось, мабыць, ён скоўваў ініцыятыву памочніка, Чаўр нахмурыўся.

— Я памыліўся? — устрывожыўся Шарлан.

— Ты ўзначаліш пошукавую групу.

Шарлан кіўнуў галавой і знік з экрана відэасувязі.

Чаўр, заклаўшы рукі за спіну, пачаў мераць крокамі пакой ад акна да дзвярэй і назад. Гэта была яго даўняя прывычка, набытая яшчэ ў паходзе да Альфы Цэнтаўра. Ён не любіў спецыяльных гімнастычных практыкаванняў, якія ў пэўны час выконвалі ўсе члены экіпажа і якія памагалі падтрымліваць цела і сэрца ў нармальным стане. I ўрач параіў яму хадзіць. Гэта займала значна больш часу, але затое спадабалася Чаўру. Доўгія гадзіны, вольныя ад вахты і іншых заняткаў, ён хадзіў па калідорах, лесвіцах, мінаючы ліфты і пад'ёмнікі. Хадзіў нават па сваёй каюце. Неабходнасць хадзіць стала з часам такой жа патрэбай, як есці або спаць. Ён іншы раз, задумаўшыся, сам не заўважаў, што пачынае хадзіць па пакоі.

Адправіўшы Шарлана, Чаўр не перакладаў сваю адказнасць на плечы памочніка. Чаўрава сэрца рвалася ў прастору, дзе быў Бадзяй. Ён адчуваў бы сябе значна лепш, змяніўшы Шарлана, які мчаўся да Сатурна на хуткасным выратавальніку. Але ён не мог дазволіць сабе гэтай палёгкі. Яго месца ўсё яшчэ было на Зямлі: у лёсе «Талнаха» па-ранейшаму не бачна было нічога пэўнага.

Чаўр не ствараў новых гіпотэз, не развіваў старых, выказаных заўчора сябрамі. У святле апошніх падзей іх меркаванні здаваліся яму занадта паспешлівымі. Зрэшты, ён лічыў гэта натуральным, бо ніхто з іх не ведаў нават прыблізна, што адбылося на самай справе. Ён ведаў адно: трэба чакаць, і чакаў.

Час ад часу ўключаўся ў відэасувязь і задаваў адно і тое пытанне:

— «Талнах»?

Планеталёт не падаваў аб сабе вестак.

Потым яго выклікаў Рэпс. Чаўр убачыў яго заклапочаны, хмуры твар. Рэпс сказаў, што з аднаго патруля заўважылі на Энцэладзе нешта падобнае на выбух. На праяўленай плёнцы выразна відаць клубы пылу, якія павольна асядаюць на паверхню гэтага спадарожніка Сатурна.

— Урэзаліся,— занадта спакойна, як аб нечым, што яго не датычыць, зазначыў Чаўр.

— Што ты! — усклікнуў Рэпс.— Гэта памылка. Ты ж ведаеш, што такое Энцэлад. Пульсацыю сатурнавай атмасферы на такой адлегласці можна палічыць за выбух.

— На патрулях хлопцы дасціпныя,— сказаў Чаўр.— А потым апошняя радыёграма...