Выбрать главу

На адваротным баку карткі пералічваліся фільмы, у якіх зняўся акцёр. Я прыдумаў гульню ў працягі… Паштовачныя акцёры атрымлівалі ад мяне выдатныя ролі. Мне бачылася, як яны іграюць выбітных творцаў… Мой Высоцкі ператвараўся ў Франсуа Віёна і спяваў:

Я — Франсуа, чему не рад.

Увы, ждёт смерть злодзея,

И сколько весит этот зад,

Узнает скоро шея.

Міронаў, як мне падавалася, мог бы сыграць пісьменніка Іллю Ільфа, які старанна выпісвае вобраз вялікага камбінатара Астапа Бэндара.

Смактуноўскі мне ўяўляўся найлепшым з мастакоў — Леанарда да Вінчы. Мне цяжка было ўбачыць, як рухаецца сапраўдны Леанарда, але зусім лёгка прыдумлялася, як Смактуноўскі, пераапрануты ў найвялікшага з адраджэнцаў, няспешна ідзе праз асветленую ранішнім сонцам Фларэнцыю.

Малкавіч

Ці ёсць у сучаснага акцёра найвышэйшая ступень прыжыццёвага прызнання? Пэўна, ёсць. Калі Джону Малкавічу прапаноўваюць у мастацкім фільме сыграць Джона Малкавіча, можна казаць, што акцёр дасягнуў абсалютнага прызнання. Той фільм з Малкавічам атрымаўся на выдатна, але з-за фантастычнага сюжэта Малкавіч у фільме ўсё ж больш акцёр, чым асоба.

Атрымаўшы падобную прапанову, акцёр Інакенцій Смактуноўскі сыграў у фільме «Масква не верыць слёзам» сябе маладога і малавядомага. У Смактуноўскага атрымалася так дасканала і пераканаўча сыграць самога сябе, што ён і на экране застаўся больш асобай, чым акцёрам. У выпадку са Смактуноўскім зоркі сышліся лепш, чым у выпадку з Малкавічам. Можа, таму фільм «Масква не верыць слёзам» і «Оскара» атрымаў, і народную любоў займеў, а фільмам «Быць Джонам Малкавічам» больш захапляліся кінакрытыкі, снобы і мастакоўская эліта, чым шараговыя гледачы.

Фотакарткі

У адным з апошніх тэлеінтэрв’ю Інакенцій Смактуноўскі тлумачыў гледачам, чаму ў яго, байца, які прайшоў вялікую вайну, не захавалася фотаздымкаў з фронта. Смактуноўскі казаў, што ў тых, хто быў на перадавых пазіцыях, не было магчымасці фатаграфавацца. Каб сфатаграфацца ў час Айчыннай вайны, трэба было знаходзіцца ў тылах, а не на франтах.

За мужнасць Інакенцій Смактуноўскі атрымаў «Медаль за адвагу» — адну з самых каштоўных узнагарод для простага байца.

Смактуноўскі — вялікі акцёр, і таму ў нас ёсць мірыяды кінакадраў і фотакадраў з ім, але няма кадраў Інакенція Смактуновіча на фронце. І гэта для мяне, чалавека, які любіць творчасць Інакенція Міхайлавіча Смактуноўскага і паважае яго як сумленнага чалавека, важна.

Скрыпка

Кінарэжысёр Козінцаў, які здымаў «Гамлета» са Смактуноўскім у галоўнай ролі, так выказаўся пра акцёра: «Вядома, балалайка — цудоўны інструмент. Бываюць дарагія, выдатна зробленыя балалайкі. Смактуноўскі —скрыпка, інструмент надзвычайнай тонкасці і чысціні гукаў».

На першы погляд здаецца, што Козінцаў пахваліў Інакенція Смактуноўскага, калі параўнаў яго з арыстакратычнай скрыпкай, а не з народнай балалайкай. На мой розум, Козінцаў прынізіў вялікага акцёра, які для рэжысёра — інструмент, а не суаўтар і не чалавек. Я — рэжысёр, я — вялікі майстар, я — Козінцаў… Так, ты — Козінцаў, але ты не Гамлет, не Смактуноўскі, які можа пабыць Гамлетам, і ты не Шэкспір, ты — дырэктар на вытворчасці кінапрадуктаў і не больш за тое, а таму і бачыш у людзях інструменты: скрыпкі, бубны і балалайкі.

Метамарфозы

Розныя паэты любяць параўноўваць белыя аблокі з анёламі. Сапраўды, у лёгкай і светлай пухнатасці воблака можна пабачыць анёла, а ў змрочнай цемрадзі хмары — цмока, які ляціць над зямлёю, несучы дождж, а часам і навальніцу. Ператварэнне анёла ў цмока — цікавая з’ява, пагадзіся. Было неба светлым, а стала цёмным. Так і з чалавекам адбываецца. Меў ён добры анёльскі настрой, нешта пайшло не так — і настрой пагоршыўся. І замест добрага стаў чалавек злым, як той цмок: і пашчу ён ашчэрыў, і з рота ў яго агонь ляціць, а з вушэй дым ідзе.

У жыцці на падобныя метамарфозы глядзець цяжка, а вось у тэатры і ў кіно такія пераўтварэнні зачароўваюць і захапляюць. Асабліва добра яны глядзяцца ў выкананні цудоўных акцёраў накшталт Інакенція Смактуноўскага, які з інфантыльнага анёла з дзіцячым тварам можа з лёгкасцю ператварыцца ў нязломнага ваяра, што ў сумленным двубоі заб’е ворага. Чаму я згадаў тут менавіта Смактуноўскага? Ты ўслухайся ў ягонае прозвішча, ты прагавары яго нелькі разоў — і ў дзіцячым «смактаць» ты пачуеш не толькі «смокча», ты пачуеш «цмок».