— Ды не, не пакахае,— загаварыла кабета,— а калі няма кахання, дык і не змусіш.
— Ну, а калі жонка здрадзіць мужу, тады як? — спытаў адвакат.
— Гэта недапушчальна,— сказаў стары,— за гэтым сачыць трэба.
— А як здарыцца, тады як? Бывае ж.
— У каго бывае, а ў нас не бывае,— сказаў стары.
Усе памаўчалі. Прыказчык паварушыўся, яшчэ падсунуўся і, мабыць, не жадаючы адстаць ад іншых, усміхаючыся, пачаў:
— Так, так, вось у нашага малойца таксама скандал атрымаўся. Таксама разабрацца дужа цяжка. Таксама трапілася гэткая ж жанчына распутная. I пайшла маляваць. А хлапчына паважны, талковы. Спачатку з канторшчыкам. Угаворваў ён таксама дабром. Не сунялася. Рознае паскудства рабіла. Грошы ягоныя пачала красці. I лупцаваў ён яе. Нічога не памагала. З нехрысцем, з яўрэем, прабачце, завяла шашні. Што ж яму рабіць? Кінуў яе зусім. Гэтак і жыве халасты, а яна сланяецца.
— Таму ён дурань,— сказаў стары.— Каб ён з самага пачатку не даў ёй ходу, а пытлю добрага даў, жыла б нябось. Волі трэба не даваць адразу. Не вер каню ў полі, а жонцы дома.
У гэты час прыйшоў кандуктар пытаць білеты да бліжэйшае станцыі. Стары аддаў свой білет.
— Так, так, загадзя ўкарочваць трэба жаночы пол, а то ўсё загіне.
— Аднак жа вы самі зараз расказвалі, як жанатыя людзі на кірмашы ў Кунавіне весяляцца? — сказаў я, не вытрымаўшы.
— Гэта іншая справа,— сказаў купец і змоўк.
Калі пачуўся званок, купец устаў, выцягнуў з-пад лаўкі мех, захінуўся і, прыўзняўшы шапку, выйшаў на тормаз.
II
Толькі стары пайшоў, адразу ўсчалася гамана ў некалькі галасоў.
— Старога запавету татуля,— сказаў прыказчык.
— Вось вам Дамастрой жывы,— сказала кабета.— Якое дзікае разуменне жанчыны і шлюбу!
— Так, так, далёкія мы ад еўрапейскага погляду на шлюб,— сказаў адвакат.
— Галоўнае ж тое, чаго не разумеюць такія людзі,— сказала кабета,— гэта тое, што шлюб без кахання не ёсць шлюб, што толькі каханне асвячае шлюб і што шлюб сапраўдны толькі той, які асвячае каханне.
Прыказчык слухаў і ўсміхаўся, хацеў, відаць, запомніць для ўжывання як мага болей з разумных размоў.
У сярэдзіне прамовы кабеты ў мяне ззаду пачуўся гук як бы перапыненага смеху ці рыдання, і, азірнуўшыся, мы ўбачылі майго суседа, сівога адзінокага пана з бліскучымі вачмі, які ў часе размовы, цікавай для яго, непрыкметна падышоў да нас. Ён стаяў, паклаўшы рукі на спінку сядзення, і, мусіць, дужа хваляваўся: твар ягоны быў чырвоны, і на шчацэ ўздрыгваў мускул.
— Якое ж гэта каханне... каханне... каханне... асвячае шлюб? — сказаў ён, запінаючыся.
Убачыўшы, як хвалюецца субяседнік, кабета пастаралася адказаць яму як мага мякчэй і больш зразумела.
— Сапраўднае каханне... Гэтае каханне ёсць паміж мужчынам і жанчынаю, магчымы і шлюб,— сказала кабета.
— Так, так, але што разумець пад сапраўдным каханнем? — сарамліва ўсміхаючыся, сказаў пан з бліскучымі вачмі.
— Кожны ведае, што такое каханне,— сказала кабета, відаць, жадаючы спыніць з ім размову.
— А я не ведаю,— сказаў пан.— Трэба вызначыць, што вы маеце на ўвазе...
— Як? вельмі проста,— сказала кабета, аднак задумалася.— Каханне ёсць выключная перавага аднаго або аднае перад усімі астатнімі,— сказала яна.
— Перавага на які час? На месяц? На два дні, на паўгадзіны? — спытаў сівы пан і засмяяўся.
— Дазвольце, вы, мабыць, не пра тое гаворыце.
— Не, я пра тое самае.
— Яны кажуць,— заступіўся адвакат, паказваючы на кабету,— што шлюб павінен вынікаць, па-першае, з сімпатыі, кахання, калі хочаце, і калі яно ёсць у наяўнасці, дык толькі ў гэтым выпадку шлюб уяўляе, як кажуць, штосьці святое. Потым, што кожны шлюб, у аснове якога не ляжаць натуральныя сімпатыі — каханне, калі хочаце,— не нясе ў сабе нічога маральна-абавязковага. Ці гэтак я разумею? — звярнуўся ён да кабеты.
Кабета рухам галавы пагадзілася з растлумачэннем свае думкі.
— Затым...— адвакат хацеў быў яшчэ нешта сказаць, але нервовы пан з вачмі, якія цяпер ужо гарэлі агнём, відаць, не змог стрымаць сябе і, перапыніўшы адваката, пачаў:
— Не, я пра тое ж самае, пра перавагу аднаго або аднае перад усімі іншымі, але я толькі хачу ведаць: перавагу на які час?
— На які час? На доўгі, на ўсё жыццё іншы раз,— сказала кабета, паціскаючы плячыма.
— Але гэта толькі ў раманах, а ў жыцці ніколі. У жыцці бывае гэтая перавага аднаго перад адным на гады, што вельмі рэдка, часцей на месяцы, а то і на тыдні, на дні, на гадзіны,— казаў ён, відаць, мяркуючы, што ён здзіўляе ўсіх сваімі вывадамі, і здаволены гэтым.