Выбрать главу

З нараджэннем дзіцяці, спробамі кармлення і рознымі няўдачамі пры гэтым, з хваробамі сапраўднымі і ўяўнымі дзіцяці і маці, у часе якіх ад Івана Ільіча патрабавалася спагада, але ў якіх ён нічога не мог зразумець, патрэба для Івана Ільіча выгарадзіць сабе свет па-за сям’ёю зрабілася яшчэ больш пільнаю.

Па меры таго як жонка рабілася ўсё больш зласлівая і патрабавальная, Іван Ільіч таксама ўсё больш і больш пераносіў цэнтр цяжару свайго жыцця на службу. Ён стаў больш любіць службу і зрабіўся больш чым раней прагны да славы.

Вельмі хутка, не далей як праз год пасля жаніцьбы, Іван Ільіч зразумеў, што сямейнае жыццё, уяўляючы пэўныя зручнасці ў жыцці, па сутнасці, ёсць дужа складаная і цяжкая справа, у адносінах да якое, для таго каб выканаць свой абавязак, гэта значыць, весці прыстойнае, ухваленае грамадствам жыццё, трэба выпрацаваць пэўныя адносіны, як і да службы.

I такія адносіны да сямейнага жыцця выпрацаваў Іван Ільіч. Ён патрабаваў ад сямейнага жыцця толькі тых выгод хатняга абеду, гаспадыні, пасцелі, якія яно магло даць яму, і, галоўнае, тае прыстойнасці знешніх формаў, якія вызначаліся грамадскаю думкаю. У астатнім жа ён шукаў вясёлае прыемнасці і, калі знаходзіў іх, быў вельмі ўдзячны; калі ж сустракаў адпор і бурклівасць, дык адразу ж уцякаў у свой асобны, выгараджаны ім службовы свет і ў ім знаходзіў уцеху.

Івана Ільіча цанілі як добрага служаку, і праз тры гады зрабілі таварышам пракурора. Новыя абавязкі, значэнне іх, магчымасць прыцягнуць да суда і пасадзіць любога ў астрог, публічнасць прамоў, поспех, які ў гэтай справе меў Іван Ільіч,— ўсё гэта яшчэ больш уцягвала яго ў работу.

Пайшлі дзеці. Жонка рабілася ўсё больш зласліваю, аднак выпрацаваныя Іванам Ільічом адносіны да хатняга жыцця рабілі яго амаль глухім перад яе бурклівасцю.

Пасля сямі гадоў службы ў адным горадзе Івана Ільіча перавялі на месца пракурора ў іншую губерню. Яны пераехалі, грошай было мала, і жонцы не спадабалася тое месца, куды яны пераехалі. Пэнсія была хоць і большая за ранейшую, але жыццё было даражэйшае; апрача таго, памерла двое дзяцей, і таму сямейнае жыццё яшчэ больш абрыдла для Івана Ільіча.

Праскоўя Федараўна ва ўсіх няшчасцях, якія здарыліся на гэтым новым месцы жыхарства, папракала мужа. Большасць тэм для размоў паміж мужам і жонкаю, асабліва выхаванне дзяцей, наводзіла на пытанні, пры якіх прыгадваліся сваркі, і сваркі кожную хвіліну гатовы былі зноў разгарэцца. Аставаліся толькі тыя рэдкія перыяды закаханасці, якія находзілі на Праскоўю Федараўну і Івана Ільіча, але яны хутка міналіся. Гэта былі астраўкі, да якіх яны прыставалі на нейкі час, а потым зноў рушылі ў мора прытоенае варожасці, якая выяўлялася ў адчужанасці адно да аднаго. Адчужанасць гэтая магла б засмучаць Івана Ільіча, каб ён лічыў, што гэтак не павінна быць, але ён цяпер прызнаваў ужо гэтае становішча не толькі як звычайнае, а і як мэту свае дзейнасці ў сям’і. Мэта ж ягоная была ў тым, каб усё больш і больш вызваляць сябе ад гэтых непрыемнасцей і надаваць ім характар бясшкоднасці і прыстойнасці; і ён дасягаў гэтага тым, што ўсё меней і меней праводзіў часу з сям’ёю, а калі і вымушаны быў гэта рабіць, дык стараўся забяспечваць сваё становішча прысутнасцю пабочных асоб. Галоўнае ж тое, што ў Івана Ільіча была служба. У службовым свеце засяродзіўся для яго ўвесь сэнс жыцця. I гэты сэнс паглынаў яго. Усведамленне сваёй улады, магчымасць загубіць любога чалавека, якога ён захоча загубіць, паважнасць, нават знешняя, калі ён заходзіў у суд і сустракаўся з падначаленымі, поспех свой перад вышэйшымі і падначаленымі і, галоўнае, уменне весці справы, якое ён адчуваў,— усё гэта радавала яго і разам з гутаркамі з таварышамі, абедамі і вістам напаўняла ягонае жыццё. Такім чынам жыццё Івана Ільіча па-ранейшаму ішло гэтак, як ён і лічыў, што яно павінна было ісці: прыемна і прыстойна.