Выбрать главу

Яго вусны робяцца вільготнымі, ён заводзіць вочы, ён аблізвае куточкі рота, і падфарбаваныя вусікі на старэчай губе падскокваюць угару. "Было вельмі прыемна! – мармыча ён, падносячы два пальцы да вуснаў, – нашы кампліменты ўлюбёнцу, самаму ўлюбёнаму, прыгажунчыку…" І раптам яго ўстаўленыя верхнія зубы выпадаюць на ніжнюю губу. Ашэнбах змог прайсці міма. "Улюбёнцу, цудоўнаму ўлюбёнцу", – чуў ён за спінаю буркатлівыя, гартанныя і заіклівыя гукі, пакуль, трымаючыся за вяровачныя парэнчы, спускаўся ўніз па нетрывалым трапе.

Каму не даводзілася перамагаць імгненны жах, патаемны сполах і разгубленасць, калі трэба было ўпершыню або даўно адвыкшы садзіцца ў венецыянскую гандолу? Дзіўны транспартны сродак, які застаўся да нашых дзён нязменным з часоў старажытнасці, і такі незвычайна чорны, якімі не бываюць іншыя рэчы – хіба што труны. Такая паездка нагадвае пра бясшумныя злачынныя прыгоды бурлівай ноччу, і яшчэ больш яна нагадвае пра самую смерць, пра магільныя насілкі і змрочнае пахаванне ды пра апошнюю маўклівую паездку. І ці заўважылі вы, што сядзенне такой шлюпкі – гэтае лакіраванае, чорнае, як труна, у матава-чорнай абіўцы крэсла з падлакотнікамі – самае мяккае, самае пышнае, самае ўтульнае сядзенне ва ўсім свеце? Ашэнбаху гэта кінулася ў вочы, калі ён усеўся каля ног гандальера насупраць свайго багажу, які ляжаў, ахайна складзены, каля носа гандолы. Весляры ўсё яшчэ сварыліся, рэзка, незразумела, з пагрозлівымі мінамі на тварах. Але адмысловая цішыня горада на вадзе, здавалася, мякка паглынала іх галасы, пазбаўляла іх цялеснасці, распыляла іх над вадою. Тут, у порце, было цёпла. Пад лагодным подыхам сірока, усеўшыся паміж утульных падушак, падарожнік заплюшчыў вочы, адчуваючы задавальненне ад такога незвычайнага і салодкага расслаблення. "Паездка будзе кароткаю, – падумаў ён сабе, – няхай бы яна цягнулася бясконца!" Ад лёгкага пагойдвання ён адчуў, што паволі аддаляецца ад гармідару, бязладдзя галасоў.

Вакол яго рабілася ўсё цішэй! Не было чуваць нічога, акрамя плёскату вёслаў, ледзь чутных удараў хваль аб нос шлюпкі, які вытыркаўся над вадою, – прамы, чорны і на кончыку завершаны нечым накшталт алебарды; і яшчэ было трэцяе – размова, нягучнае бурчанне, шэпт гандальера, які праз зубы, адрывіста, гукамі, утворанымі з уздзеяннем працы рук, размаўляў сам з сабою. Ашэнбах узняў вочы і з лёгкім здзіўленнем заўважыў, што лагуна вакол яго пашырылася і што ён плыве ў адкрытае мора. Гэта, мусіць, азначала, што яму нельга занадта доўга адпачываць, а належыць сачыць за выкананнем сваёй волі.

"Мне трэба на прыстань!" – сказаў ён, злёгку павярнуўшы галаву назад. Шэпт замоўк. Адказу не было.

"Прашу на прыстань!" – паўтарыў ён, павярнуўшыся ўсім целам, і зірнуў у твар гандальеру, які стаяў у яго за спінаю на ўзвышэнні і постаць якога вылучалася на тле бляклага неба. Гэта быў чалавек з непрыемным, нават брутальным, тварам, апрануты ў сінюю марскую вопратку, падперазаную жоўтаю стужкаю, у бясформенным саламяным капелюшы, які, дзёрзка ссунуты набок, трымаўся на галаве, а пляценне якога ўжо пачало распускацца. Форма яго твару, яго бялявыя распушаныя вусы пад кароткім задзёртым носам наводзілі на думку, што ніякі ён не італьянец. Хоць паводле знешняга выгляду ён здаваўся даволі слабым, каб быць прыдатным выконваць такую працу, ён карыстаўся вяслом, высільваючыся пры кожным узмаху ўсім целам, вельмі спрытна. Некалькі разоў ад напругі ён аж ашчэрваў рот, агаляючы белыя зубы. Насупіўшы парыжэлыя бровы, ён пазіраў паўз пасажыра, як раптам прамовіў у адказ з упэўненаю, амаль грубаю інтанацыяй:

"Вам трэба ў Ліда?"

Ашэнбах адказаў:

"У Ліда. Але ж я ўзяў гандолу, каб трапіць толькі да плошчы Святога Марка. Я хачу скарыстацца маленькім параходзікам-вапарэта".

"Вы не зможаце скарыстацца вапарэта, пане".

"А чаму?"

"Бо вапарэта не перавозіць багажу".

І гэта было так, Ашэнбах прыпомніў. Ён замоўк. Але рэзкая, фанабэрыстая, такая нязвыклая для гэтай краіны манера мужчыны ў дачыненні да іншаземца падалася яму невыноснаю. Ён сказаў:

"Гэта мая справа. Магчыма, я хачу аддаць свой багаж на захоўванне. Паварочвайце".

Ні слова ў адказ. Толькі вясло плёскала, вада глуха білася аб нос гандолы. І зноў пачалася размова і шэпт: гандальер скрозь зубы размаўляў сам з сабою.

Што было рабіць? Адзін на вадзе з дзіўна ўпартым, непрыемна рашучым чалавекам… Падарожнік не бачыў аніякага сродку дамагчыся свайго. А як жа добра і ўтульна ён мог бы сябе адчуваць, калі б не выказаў абурэння. Ці ж не хацелася яму раней, каб гэта падарожжа цягнулася доўга, каб яму не было канца? Самае разумнае было пакінуць усё, як яно ёсць, і гэта было сапраўды надзвычай прыемна. Здавалася, што нейкая чароўная сіла зыходзіла ад гэтага сядзення, ад гэтага нізкага, абабітага чорным крэсла са спінкай, якое так пяшчотна гайдалася пад узмахамі вясла самаўладнага гандальера за яго спінаю. Уяўленне, што ён трапіў у лапы злачынца, мройна закранула свядомасць Ашэнбаха, не здольнага наладзіць свае думкі на актыўны супраціў. Куды больш непрыемнай здавалася магчымасць, што ўсё было накіравана на вымаганне грошай. Штосьці накшталт пачуцця абавязку ці гонару і адначасова згадка, што гэта патрэбна прадухіліць, здолелі ўзбадзёрыць яго. Ён спытаў: