"Колькі Вы хочаце за паездку?"
І, гледзячы паверх яго, гандальер адказаў:
"Вы ж заплаціце".
Было зразумела, што на гэта трэба адказаць. Ашэнбах механічна сказаў:
"Я нічога не заплачу, абсалютна нічога, калі Вы завезяце мяне туды, куды я не хачу".
"Вы хочаце ў Ліда".
"Але не з Вамі".
"Я вязу Вас добра".
"І гэта праўда, – падумаў Ашэнбах і расслабіўся. – Гэта праўда, ты вязеш мяне добра. Нават калі ты нацэліўся на мае грошы і ззаду ўдарыш мяне вяслом ды выправіш на той свет, то ўсё роўна, ты вёз мяне добра".
Але нічога падобнага не здарылася. Нават з’явілася забава: лодка з вандроўнымі музыкамі, падобнымі да піратаў, мужчынамі і жанчынамі, якія спявалі пад гітару і мандаліну, дзёрзка падплылі да борта гандолы і напоўнілі цішыню над вадою сваёю камерцыйнай паэзіяй для турыстаў. Ашэнбах кінуў грошы ў падстаўлены капялюш. Яны адразу замоўклі і адплылі. І зноў пачуўся шэпт гандальера, які ўрыўкамі і запінаючыся размаўляў сам з сабою.
Такім чынам яны і дабраліся да мэты, гайдаючыся ў хвалях, узнятых кілем парахода, які плыў да горада. Два муніцыпальныя чыноўнікі, заклаўшы рукі за спіну, тварам да лагуны, хадзілі сюды-туды на беразе. Ашэнбах трапам пакінуў гандолу з падтрымкаю аднаго з тых старых, якія нязменна паяўляюцца на кожным прычале з бусаком у руках; выявілася, што ў яго няма дробных грошай, таму Ашэнбах накіраваўся ў гатэль побач з прычалам, каб памяняць там грошы і заплаціць гандальеру столькі, колькі ён меркаваў. Яго абслугоўваюць у фае, ён вяртаецца, знаходзіць свой багаж на тачцы на ўзбярэжжы, а гандола разам з гандальерам знікла.
"Ён даў цягу адсюль, – сказаў стары з бусаком. – Дрэнны чалавек, без канцэсіі, шаноўны пане. Гэта адзіны гандальер, у якога няма канцэсіі. Нехта патэлефанаваў сюды. Ён убачыў, што яго чакаюць. Вось ён і даў цягу".
Ашэнбах паціснуў плячыма.
"Вы прыехалі задарма", – сказаў стары і падставіў капялюш. Ашэнбах кінуў у яго некалькі манет. Ён даў распараджэнне аднесці багаж у гатэль, а сам пайшоў услед за тачкаю прысадамі, прысадамі ў белай квецені, што цягнуліся цераз востраў упоперак да пляжа і ўздоўж якіх з абодвух бакоў месціліся таверны, гандлёвыя рады, пансіянаты.
Ён увайшоў у прасторны гатэль цераз заднія дзверы з садовай тэрасы і накіраваўся цераз вялізнае фае і прыёмную ў кантору. Заяўка ўжо была, і яго прынялі са службовай пачцівасцю. Адміністратар, невысокі, ціхі, лісліва-ветлівы мужчына з чорнымі вусамі і ў фраку французскага крою, праводзіў яго ў ліфце на трэці паверх і паказаў яму пакой – прыемнае памяшканне з мэбляю пад вішнёвае дрэва, упрыгожанае кветкамі з моцнымі пахамі; высокія вокны нумара адкрывалі перад ім марскі краявід. Пасля таго як службовец пакінуў пакой, ён падышоў да аднаго акна і ўвесь час, пакуль падносілі багаж і размяшчалі ў нумары, глядзеў скрозь шыбу на перадвячэрні, амаль бязлюдны пляж і неасветленае сонцам мора, на якім панаваў прыліў і якое спакойна і раўнамерна шпурляла на бераг нізкія, расцягнутыя ў даўжыню хвалі.
Назіранні і прыгоды ў самотна-маўклівага чалавека бываюць адначасова і больш размытымі, і больш пранізлівымі, чым у кампанейскага, а яго думкі – больш цяжкімі, больш дзіўнымі; яны ніколі не бываюць без налёту засмучэння. Вобразы і выявы, на якія можна было б звярнуць увагу адным толькі позіркам, усмешкаю, абменам меркаваннямі, яго займаюць залішне: яны набываюць маўклівую глыбіню, робяцца значнымі, становяцца важнаю падзеяй, прыгодаю, пачуццём. Адзіноцтва тоіць у сабе занадта смелую – якая ажно адпуджвае, – нязвыкла дзіўную прыгажосць – паэзію. Але адзіноцтва тоіць у сабе таксама штосьці скажонае, несувымернае, абсурднае і недазволенае… Такімі з’явамі, якія дагэтуль псавалі настрой вадроўніку, па дарозе сюды былі непрыемны стары фарсун са сваёй балбатнёю пра ўлюбёнца ды заганны, неаплочаны ім гандальер. Не абцяжарваючы розуму, не даючы канкрэтнай пажывы для сур’ёзнага роздуму, яны ўсё-такі мелі, як яму здавалася, абсалютна адмысловую прыроду і, дзякуючы гэтай супрацьлегласці, супакойвалі. Адначасова ён позіркам павітаў мора і адчуў радасць, што Венецыя цяпер так блізка. Урэшце ён адвярнуўся ад акна, памыў твар, даў пакаёўцы некалькі распараджэнняў наконт удасканалення ўтульнасці жытла і папрасіў швейцара-ліфцёра, апранутага ў зялёную ўніформу, адвезці яго на першы паверх.