Выбрать главу

Гэта была стройная брунетка. На яе валасах, якія на патыліцы былі скручаныя ў моцны вузел і зусім лёгка і вольна аблямоўвалі лоб і скроні, так што можна было адрозніць асобныя светла-русыя валасінкі, сядзеў круглы цёмны саламяны капялюш, упрыгожаны толькі адным маленькім элементам – стужачкай. А яшчэ на ёй была кароткая цёмна-сіняя кофтачка і простая спадніца са светла-шэрай тканіны.

На яе авальным і зграбным твары, лагодны цёмны колер якога быў свежа падрумянены ранішнім паветрам, самым прыцягальным былі, вядома ж, вочы: пара вузкіх і прадаўгавата прарэзаных вачэй, зрэнкі якіх можна было бачыць толькі напалову, была зіхатліва-чорнай, а над імі гнутка ўзвышаліся надзвычай сіметрычныя і нібы пяром накрэсленыя бровы. Нос быў, магчыма, даўгаваты, а рот, лініі губ якога былі выразнымі і зграбнымі, мог бы быць вузейшым. Але ў гэты момант прывабнасць яму надавалі бліскуча белыя і крышку рэдкаватыя зубы, якімі дзяўчына, намагаючыся ўтаймаваць каня, энергічна прыкусвала ніжнюю губу, падцягваючы ўверх па-дзіцячаму круглы падбародак.

Было б зусім няслушна казаць, што гэты твар вылучаўся прыгажосцю, якая кідалася ў вочы і была вартая захаплення. У ім была вабнасць маладосці і радаснай свежасці, і гэтая вабнасць была як быццам прыгладжана, супакоена і аздоблена шляхетнасцю, заможнай бесклапотнасцю, арыстакратычным выхаваннем і далікатным доглядам; не было сумнення, што гэтыя зіхоткія вочы, якія цяпер з капрызлівай раззлаванасцю пазіраюць на ўпартага каня, у наступную хвіліну зноў набудуць выраз упэўненага і несумненнага шчасця… Рукавы кофты, на плячах шырокія і пышныя, вельмі цесна сыходзіліся на стройным прыдалонні, і ніколі ў мяне не было такога захапляльнага ўражання ад выкшталцонай элегантнасці, як ад гэтых маленькіх, голых, матава-белых далоней, што трымалі лейцы!..

Я стаяў каля дарогі, не ўганараваны аніводным позіркам у мой бок, калі брычка праязджала міма, і паволі пайшоў, калі коні зноў пабеглі рыссю і брычка хутка знікла. Што я адчуваў? Гэта былі радасць і захапленне; але і якісьці дзіўны і калючы боль аб’явіўся адначасова, даўкае і надакучлівае пачуццё… зайздрасці? Кахання? Я не адважваўся прыдумаць… пагарды да сябе?

Пакуль я пішу, мне ўяўляецца вобраз беднага жабрака, які перад вітрынаю ювеліра ўтаропіўся на каштоўны бляск высакароднага каменя. Гэты чалавек у сябе ў сярэдзіне не адчуе яснага жадання авалодаць каштоўнасцю; бо ўжо нават думка пра такое жаданне была б смешнай неверагоднасцю, якая б выклікала ў яго кпіны з самога сябе.

XII

Я хачу распавесці, як я выпадкова зноў убачыў гэтую паненку праз восем дзён, а менавіта ў оперным тэатры. Выконвалася "Маргарыта" Гуно[37], і як толькі я ўвайшоў у ярка асветленую залу, каб накіравацца да свайго месца ў партэры, я ўбачыў яе злева ад старога пана, у авансцэне з другога боку. Акрамя таго, я адчуў, што мяне апанаваў, як гэта ні смешна, нейкі страх, нешта падобнае да разгубленасці, і што з незразумелай прычыны я адразу ж адвёў ад іх свой позірк і слізгануў ім па іншых ярусах і ложах. Толькі з пачаткам уверцюры я наважыўся разглядзець гэтую пару некалькі больш дэталёва.

Стары пан, у строга зашпіленым сурдуце з чорным гальштукам-матыльком, сядзеў, адкінуўшыся ў крэсле, са спакойнай годнасцю, лёгка паклаўшы адну руку ў рудой пальчатцы на аксаміт парэнчы ложы, у той час як другая раз-пораз павольна пагладжвала бараду або коратка пастрыжаныя пасівелыя валасы на галаве. Маладая дзяўчына – ягоная дачка, хіба так? – наадварот, сядзела, зацікаўлена і жыва нахіліўшыся наперад, паклаўшы абедзве рукі, у якіх яна трымала веер, на аксамітную абіўку. Час ад часу яна рабіла кароткі рух галавою, каб крышку адкінуць распушчаныя светла-каштанавыя валасы з ілба і скроняў.

Яна мела на сабе вельмі лёгкую блузку са светлага шоўку, за паяском якой тырчаў букецік фіялак, а яе вузкія вочкі ззялі ў рэзкім асвятленні і здаваліся яшчэ чарнейшымі, чым восем дзён таму. Між іншым, назіраючы за ёй, я зрабіў выснову, што форма яе рота, якую я тады заўважыў, увогуле была своеасаблівай: кожны момант яна закусвала ніжнюю губу белымі зубамі, якія раз-пораз паблісквалі, а падбароддзе выцягвалася крыху ўверх. Гэта нявінная міна, якая зусім не сведчыла пра какецтва, спакойны і адначасова вясёла блукаючы позірк яе вачэй, яе шыя, голая, абцягнутая вузкай шаўковай стужачкай пад колер паяска, рух, робячы які яна час ад часу звярталася да старога пана, каб звярнуць яго ўвагу на дэталь у аркестры, на заслоне, у ложы – усё гэта падкрэслівала ўражанне невыказна вытанчанай і пяшчотнай дзяцінасці, якая, аднак, не выклікала пачуцця кранальнасці ці "спачування". Гэта была шляхетная, ураўнаважаная дзяцінасць, дзякуючы элегантнаму заможнаму жыццю – упэўненая і з пачуццём перавагі, і яна дэманстравала наяўнасць шчасця, без ніводнай кроплі пыхлівасці, бо яно разумелася само сабою.

вернуться

37

Опера Гуно "Фаўст", арыя Маргарыты.