Выбрать главу

А затым яны павезлі Лёбгота Піпзама прэч.

Gladius Dei[42]

I

Мюнхен зіхцеў. Над святочнымі плошчамі і белымі храмамі з калонамі, псеўдаантычнымі манументамі і барочнымі цэрквамі, фантанамі, палацамі і садамі рэзідэнцыі зіхотка распасцерлася неба з сіняга шоўку, і яго шырокія і яркія, аточаныя залёным і добра разлічаныя перспектывы ляжалі ў сонечным марыве першага, цудоўнага чэрвеньскага дня.

Птушыная гамана і таемная радасць ва ўсіх завулках… А па плошчах і вуліцах пракочваецца, тоўпіцца і гудзіць непарыўнае і вясёлае жыццё прыгожага і ўтульнага горада. Вандроўнікі з усіх краёў катаюцца ў маленькіх павольных дрожках, пазіраючы з аднолькавай цікавасцю налева і направа на сцены дамоў, і падымаюцца па адкрытых сходах у музеі…

Шмат якія вокны адчыненыя, і шмат з якіх на вуліцу даносіцца музыка, чуюцца практыкаванні на піяніна, скрыпцы ці віяланчэлі – шчырыя і сумленныя дылетанцкія высілкі. А ў "Адэоне"[43], як можна пачуць, сур’ёзна праходзіць вучоба на некалькіх раялях.

Маладыя людзі, якія насвістваюць матыў Нотунга[44], а вечарамі запаўняюць заднія шэрагі Сучаснага драматычнага тэатра, заходзяць у будынкі ўніверсітэта і гарадской бібліятэкі і выходзяць адтуль з літаратурнымі часопісамі ў кішэнях пінжакоў. Перад Акадэміяй выяўленчых мастацтваў, якая развінае свае белыя рукі паміж Цюркенштрасэ і Зігестор[45], спыняецца прыдворная карэта. А на вышыні рампы стаяць, сядзяць і ляжаць шматколернымі групамі мадэлі: маляўнічыя старыя, дзеці і жанчыны ў нацыянальных строях з албанскіх гор.

Спакой і няспешнае шпацыраванне на ўсіх доўгіх вуліцах паўночнай часткі горада. Людзей не падганяе і не грызе прага штосьці набыць, яны жывуць дзеля прыемных пачуццяў. Маладыя мастакі з круглымі капялюшыкамі на патыліцах, вольна завязанымі гальштукамі, без кійкоў, бесклапотныя вучні рамеснікаў, якія плацяць за сваё жытло маляўнічымі накідамі, шпацыруюць, каб наладаваць сябе добрым настроем пад уздзеяннем гэтай блакітнай раніцы, і пазіраюць услед малым дзяўчынкам такога сімпатычнага, невысокага тыпу з чорнай стужачкай en bandeaux[46], з крышку завялікімі нагамі і бестурботнымі норавамі. У кожным пятым доме блішчаць на сонцы шыбы вітрын атэлье. Часам з шэрагу звычайных дамоў нейкі вылучаецца сваім мастацкім выглядам; твор фантазіі маладога архітэктара, шырокі і плоскі, дугападобны, з незвычайным арнаментам, дасціпны і стыльны. І раптам дзе-небудзь дзверы на сумным фасадзе заключаны ў рамку дзёрзкай імправізацыі: плаўныя лініі і сонечныя колеры, выпівохі і русалкі, ружовыя голыя целы…

Заўсёды зноў і зноў прыходзіш у захапленне, калі бавішся перад прадметамі мастацкага сталярства і кірмашоў сучасных тавараў раскошы. Колькі фантастычнага пачуцця камфорту, колькі непасрэднага гумару ў формах усіх рэчаў! Усюды рассыпаны маленькія гандлёвыя кропкі скульптур, рам і антыкварыяту, з вітрын якіх насустрач табе выстаўляюцца бюсты фларэнтыйскіх дам XV стагоддзя, поўныя шляхетнай пікантнасці. І гаспадар самай маленькай і самай таннай з гэтых крамак распавядзе табе пра Данатэла[47] і Міна да Ф’езоле[48], быццам ён асабіста атрымаў ад іх саміх права на папулярызацыю…

А там наверсе на Адэонспляц з відам на Залу Вялікіх Палкаводцаў, перад якой распасціраецца прасторная плошча, выкладзеная мазаікай, наўскасяк насупраць палаца рэгента, тоўпяцца людзі вакол шырокіх вокнаў і вітрын вялізнай крамы мастацтва, прасторнага гандлёвага прадпрыемства прыгажосці М. Блютэнцвайга. Якая бліскучая шыкоўнасць выкладзеных тавараў! Рэпрадукцыі шэдэўраў з усіх галерэй свету, заключаныя ў каштоўныя, рафінавана афарбаваныя і ўпрыгожаныя арнаментамі рамы з адметным тонкім густам пышлівай прастаты; копіі сучасных карцін, весела настраёвых фантазій, у якіх, здаецца, з гумарам і рэалізмам адраджаецца антыка; скульптуры Рэнесансу ў дасканалых адліўках; голыя бронзавыя целы і крохкія дэкаратыўныя чарачкі; керамічныя вазы ў пластычным стылі, якія выйшлі з ваннаў выпарвання металаў у страката ззяючай абалонцы; шыкоўныя тамы, трыумф новага выдавецкага мастацтва, творы модных лірыкаў, запакаваныя ў прыгожы і высакародны глянец; сярод усяго гэтага партрэты мастакоў, музыкаў, філосафаў, акцёраў, паэтаў, вывешаныя дзеля задавальнення цікаўнасці да прыватнага жыцця… У прасторнай вітрыне першай суседняй кнігарні выстаўлена на мальберце вялікая карціна, перад якой тоўпіцца народ: каштоўная фатаграфія, выкананая ў чырвона-карычневых танах, заключаная ў шырокую раму са старога золата; аб’ект, які прыцягвае ўвагу, копія галоўнага экспаната вялікай міжнароднай выставы года, наведаць якую запрашаюць архаізаваныя і дзейсныя плакаты на слупах для аб’яў, сярод канцэртных праграм і па-мастацку аформленых рэклам гігіенічных сродкаў.

вернуться

43

Тут: памяшканне для заняткаў музыкай і канцэртаў.

вернуться

44

Нотунг (Nothung) – чароўны меч Зігфрыда з тэтралогіі Рыхарда Вагнера "Пярсцёнак Нібелунгаў".

вернуться

45

Зігестор – Арка Перамогі (Брама Перамогі).

вернуться

48

Міна да Ф’езоле – Міна дзі Джавані (каля 1430–1484), італьянскі скульптар.