Выбрать главу

Яна выканала яшчэ адзін накцюрн, а потым яшчэ адзін і яшчэ адзін. Потым яна ўстала; але толькі для таго, каб на веку піяніна пашукаць новыя ноты.

У пана Шпінэля з’явілася ідэя абследаваць звязкі ў чорных кардонных вокладках, якія ляжалі на крэсле-круцёлцы. Раптам ён выдаў незразумелы гук, а яго вялікія белыя рукі жарсна задрыжалі, дакрануўшыся да адной з гэтых занядбаных звязак.

"Немагчыма!.. Не можа быць! – прамовіў ён. – І ўсё-такі я не памыліўся!.. Вы ведаеце, што гэта?.. Што тут ляжала?.. Што я трымаю ў руках?"

"Што гэта?" – спытала яна.

Тут Шпінэль моўчкі паказаў на тытульны ліст. Ён быў абсалютна бледны, апусціў сшытак, глядзеў на яе, а яго вусны дрыжалі.

"Няўжо? Як гэта трапіла сюды? Аддайце мне", – сказала яна проста, паставіла ноты на пульт, села і пачала пасля кароткай цішыні з першай старонкі.

Ён сядзеў побач з ёю, пахіліўшыся наперад, скрыжаваўшы рукі паміж каленак, з апушчанай галавою. Яна зайграла пачатак з размашыстай і пакутнай павольнасцю, з трывожна расцягнутымі паўзамі паміж асобнымі фігурамі. Матыў тугі, самотны і разгублены голас у начы ціха агучыў сваё палахлівае пытанне. Цішыня і чаканне. І ўвага! Чуецца адказ, той самы нясмелы і самотны гук, толькі больш высокі, больш пяшчотны. І зноў маўчанне. І тут уступіў з прыглушаным і чароўным сфарцата[58] – як быццам выпростванне, палкае жаданне пакут – матыў кахання, які ўздымаўся, прабіваўся ў захапленні наверх да салодкага спляцення, зніжаўся, вызваляючыся, назад; і сваім нізкім спевам цяжкай, балючай асалоды вылучаліся скрыпкі і вялі мелодыю далей…

Не без поспеху выканаўца імкнулася з дапамогаю недасканалага інструмента пазначыць уздзеянне аркестра. Пасажы скрыпкі высокага нарастання прагучалі з бліскучай дакладнасцю. Яна іграла з падкрэслена вялікай пашанай, пры кожным вобразе пабожна спынялася, пакорліва і дэманстратыўна падкрэсліваючы дэталі – гэтак, як святар уздымае над галавою самую вялікую святыню. Што адбывалася? Дзве сілы, дзве разлучаныя істоты імкнуліся ў пакутах і святасці адна да адной і абдымаліся ў безразважна-захопленым і вар’яцкім жаданні адвечнага і абсалютнага… Уверцюра ўспыхнула і закацілася. Яна закончыла там, дзе падымаецца заслона, а потым працягвала глядзець у ноты…

Між тым у жонкі радцы Шпаца сум дайшоў да той ступені, дзе ён крывіць чалавеку твар, выцягвае яму вочы з вачніц і надае яму жудасны выгляд нябожчыка. Акрамя таго, такая музыка дзейнічала на нервы яе страўніка, яна надавала гэтаму дыспепсічнаму арганізму адчуванне страху і выклікала ў кабеты прадчуванне сутаргавага прыпадку.

"Я вымушана пайсці ў палату, – слаба сказала яна. – Усяго добрага, я яшчэ вярнуся…"

З гэтымі словамі яна пайшла. Хутка насоўвалася сутонне. Было відаць, што знадворку на тэрасу густа і бязгучна падае снег. Дзве свечкі ўтваралі хісткае і абмежаванае святло.

"Другі акт", – прашаптаў ён; яна перагарнула старонкі і пачала другі акт; адгалосак ражкоў згубіўся ўдалечы. Як? Ці гэта, магчыма, быў шэпт лістоты? Ці лагоднае цурчанне крынічкі? Ноч ужо разліла сваё маўчанне на гай і двор, і ніякае настойлівае маленне не магло больш спыніць наступ тугі. Святая таямніца завяршылася. Свяцільнік пагас, з дзіўным, раптам прыглушаным тэмбрам спусціўся на зямлю матыў смерці і ў імклівай нецярплівасці сарваў з тугі яе белае покрыва насустрач каханаму, які набліжаўся да яе цераз змрок з распасцёртымі абдымкамі.

О празмерная і неспатольная радасць з’яднання ў вечным тым свеце рэчаў! Вызваліўшыся ад пакутнай памылкі, уцёкшы ад путаў прасторы і часу, Ты і Я, Тваё і Маё зліваюцца ва ўзвышанай асалодзе. Разлучыць іх магло толькі падступнае асляпленне дня, але яго фарсістая мана не здолела больш збіваць з тропу асцярожных – з таго часу, як сіла чароўнага зелля надала ім асаблівае бачанне. Хто ў каханні ўбачыў ноч смерці і яе салодкую таямніцу, таму ў вар’яцтве святла застаецца толькі туга, жарснае імкненне да святой ночы – вечнай, сапраўднай, якая злучае ў адно.

О сыдзі на зямлю, ноч кахання, дай ім тое забыццё, да якога яны жарсна імкнуцца, ахутай іх без рэшты тваёю асалодай і вызвалі іх са свету падманаў і разлукі. Зірні: апошні свяцільнік пагас! Мысленне і ўяўленне патанулі ў свяшчэнным змроку, які разлягаецца, вызваляючы свет, над пакутамі вар’яцтва. Потым, калі асляпленне аслабне, калі маё вока ў захапленні прыслепне: тое, чаго пазбавіла мяне мана дня, што яна фальшыва падсунула мне дзеля неспатольнай пакуты ад тугі, – нават тады, о цуд здзяйснення! Нават тады я – увесь свет… І адразу пасля перасцерагальнага спеву Брэнгены[59] адбываецца той узлёт скрыпак, які вышэйшы за ўсякі розум.

вернуться

59

Брэнгена – служанка Ізольды з оперы Рыхарда Вагнера "Трыстан і Ізольда".