Пан Клётэр’ян сапраўды надзвычайна расхваляваўся, ён крычаў і паўтараў, што ён справядлівы чалавек…
""Яны спявалі". Кропка. Зусім яны не спявалі. Яны вязалі. Акрамя таго, яны размаўлялі, наколькі я разумеў, пра рэцэпт бульбяных аладак, і калі я скажу майму цесцю, што гэта звязана з "упадкам" і "растварэннем", то ён паводле закону прыцягне Вас таксама да адказнасці, можаце быць упэўнены!… "Вы бачылі карцінку, вы бачылі яе?" Вядома, я яе бачыў, але я не разумею, чаму я праз гэта павінен затрымаць дыханне і ўцячы. Я не гляджу скоса паўз жанчын, я гляджу на іх, і калі яны мне падабаюцца, і калі яны хочуць мяне, то я іх бяру. У мяне сэрца на мес…"
Пастукалі… Пастукалі адразу ж дзевяць-дзесяць разоў запар у дзверы пакоя, вельмі хутка; то быў невялічкі, моцны, спалоханы віхор, які вымусіў пана Клётэр’яна замоўкнуць, і голас, які не пераставаў гучаць, а ад бяды ўвесь час зрываўся, у надзвычайнай паспешцы сказаў:
"Пане Клётэр’ян, пане Клётэр’ян, ах, ці пан Клётэр’ян – тут?"
"Не заходзіць! – сказаў пан Клётэр’ян груба. – Што здарылася? У мяне тут размова".
"Пане Клётэр’ян, – прамовіў няўпэнены голас, які зрываўся, – Вам трэба прыйсці… дактары таксама там… о, такая жудасная бяда…"
Ён у адзін міг падскочыў да дзвярэй і рыўком адчыніў іх. Жонка радцы Шпаца стаяла за дзвярыма. Яна трымала каля рота насоўку, і буйныя, бясконцыя слёзы каціліся з вачэй у гэтую хустачку.
"Пане Клётэр’ян, – вымавіла яна, – гэта такая бяда… у яе так моцна пайшла кроў… так жудасна шмат… Яна зусім спакойна сядзела ў ложку і напявала сабе нейкую мелодыю, і тут гэта здарылася, о Божа, гэтак шмат-шмат…"
"Яна памерла?! – закрычаў пан Клётэр’ян. Пры гэтым ён схапіў жанчыну за перадплечча і пачаў цягаць яе тут жа сюды-туды. Не, не зусім, праўда? Яшчэ не зусім, яна можа яшчэ ўбачыць мяне… У яе зноў крышку пайшла кроў? З лёгкіх ці як? Я прызнаю, што, магчыма, яна ідзе з лёгкіх… Габрыэле!" – сказаў ён раптам, закаціўшы вочы, і было відаць, як з яго выбілася цёплае, добрае, чалавечае і шчырае пачуццё. – "Ага, я іду", – сказаў ён і доўгімі крокамі пацягнуў жанчыну з пакоя цераз калідор прэч. З далёкага канца крытай галерэі ўсё яшчэ можна было чуць яго "Не зусім? Што?… З лёгкіх, праўда?..", якое ўсё хутчэй аддалялася.
XII
Пан Шпінэль стаяў на тым месцы, дзе ён знаходзіўся падчас так раптоўна перарванага візіту пана Клётэр’яна, і ўзіраўся на адчыненыя дзверы. Нарэшце, ён зрабіў некалькі крокаў наперад і пачаў услухоўвацца ўдалеч. Але ўсё было ціха, і ён зачыніў дзверы і вярнуўся назад у пакой. Нейкі час ён разглядаў сябе ў люстэрку. Потым ён падышоў да пісьмовага стала, дастаў з шуфляды маленькі флакон ды чарачку і выпіў каньяку, у чым ніводная жывая душа не магла б яго дакараць. Потым ён выцягнуўся на канапе і заплюшчыў вочы.
Верхняя фортка акна была адчыненая. Знадворку ў садзе "Айнфрыда" чырыкалі птушкі, і ў гэтых маленькіх, пяшчотных і дзёрзкіх гуках месцілася, вытанчана і пранізліва, уся вясна. Аднойчы пан Шпінэль сказаў самому сабе: "Непазбежная прафесія…" Потым ён пакруціў галавою сюды-туды і ўцягнуў паветра праз зубы, як пры моцным нервовым болі.
Немагчыма было супакоіцца і сабрацца. Чалавек не створаны дзеля такіх няўклюдных жыццёвых падзей, як гэтая!.. Праз нейкі душэўны працэс, аналіз якога завёў бы занадта далёка, пан Шпінэль прыняў рашэнне падняцца і крышку пачаць рухацца, пашпацыраваць на свежым паветры. І ён узяў капялюш ды выйшаў з пакоя.
Калі ён выйшаў з дома і яго абдало лагодным, духмяным паветрам, ён павярнуў галаву і павольна правёў позіркам па будынку аж да аднаго акна, занавешанага, на якім яго позірк на нейкі час сур’ёзна, грунтоўна і змрочна затрымаўся. Потым ён заклаў рукі за спіну і патупаў па дарожках, пасыпаных жвірам. Ён ішоў у глыбокім задуменні.
Яшчэ на градках ляжалі маты, а дрэвы і кусты былі яшчэ голыя; але снегу ўжо не было, а на дарожках толькі сям-там яшчэ заставаліся мокрыя сляды. Прасторны сад са сваімі гротамі, крытымі прысадамі і маленькімі павільёнамі ляжаў у раскошна маляўнічым перадвячэрнім святле, з густымі ценямі і насычаным залацістым бляскам, а цёмнае голле дрэў рэзкімі і пяшчотнымі рысамі адбівалася на ясным небе.