Выбрать главу

Была прыблізна тая гадзіна, калі сонца набывае пэўную форму, калі бясформенная маса святла ператвараецца ў дыск, што садзіцца на нашых вачах, больш насычаны, больш лагодны прамень якога можа вытрымліваць вока. Пан Шпінэль сонца не бачыў: дарожка вяла яго такім чынам, што яно заставалася для яго закрытым і схаваным. Ён ішоў са схіленай галавою і мармытаў сам сабе нейкую мелодыю, штосьці кароценькае, пасаж, які палахліва і жалобна імкнуўся ўгору, тужлівы матыў… Але раптам – рыўком, з кароткім, сутаргавым уздыхам – ён спыніўся як укапаны, і з-пад моцна насупленых броваў яго шырока расплюшчаныя вочы з выразам жахлівай самаабароны ўтаропіліся проста перад сабою…

Дарожка зрабіла паварот; яна павяла насустрач сонцу, якое заходзіла. Прасякнутае дзвюма вузкімі, прасветленымі воблачнымі палоскамі з пазалочанымі краямі, яно стаяла, вялікае, наўскасяк на небе, запальваючы вершаліны дрэў, і разлівала свой жоўта-чырвоны глянец над садам. І ў гэтым залацістым святле, з вялізным арэолам сонечнага дыска ў галаве, стаяла пасярод дарожкі, выпрастаўшыся на ўвесь рост, мажная фігура, апранутая ў шатландскае чырвонае, залацістае адзенне, якая ўпёрла правую руку ў пышнае сцягно, а левай рухала перад сабою гожа аформлены дзіцячы вазок. А ў вазку сядзела дзіця, сядзеў Антон Клётэр’ян-малодшы, сядзеў тоўсты сын Габрыэле Экгаф!

Ён сядзеў у байкавай куртцы і вялікім белым капелюшы, таўсташчокі, шыкоўны, прыгожы, у падушках, і яго позірк весела і ўпэўнена сустрэўся з вачыма пана Шпінэля. Аўтар рамана хацеў рушыць далей; ён быў мужчына, і ў яго хапіла б сілы прайсці міма гэтага нечаканага, запакаванага ў глянец з’явішча і працягваць свой шпацыр. Але тут адбылося жахлівае, бо Антон Клётэр’ян пачаў рагатаць і радавацца; ён віскатаў ад невытлумачальнай весялосці, і гэта выводзіла з сябе.

Бог ведае, што на яго найшло: ці то чорная постаць насупраць выклікала ў яго такую дзікую весялосць, ці то ў яго здарыўся нейкі прыпадак жывёльнага задавальнення. У адной руцэ ён трымаў касцяное дзіцячае колца, каб грызці, а ў другой – бляшаную бразготку. Гэтыя два прадметы ён з радаснымі ўскрыкамі ўздымаў на сонечнае святло, размахваў імі і стукаў адзін аб адзін, як быццам хацеў каго кпліва прагнаць. Яго вочы былі амаль заплюшчаныя, а рот быў так шырока разяўлены, што можна было бачыць увесь яго ружовы зеў. Ён пад уласныя крыкі яшчэ і матляў сюды-туды галавою.

Тут пан Шпінэль павярнуўся і пайшоў прэч. Ён ішоў у суправаджэнні радасных крыкаў малога Клётэр’яна, з пэўнай асцярожнаю і нягнутка грацыёзнаю пазіцыяй рук над жвірам, сілком замаруджанымі крокамі чалавека, які не хоча паказваць, што ён уцякае душою.

Тыя, хто галадае

Эцюд

У адзін момант, калі Дэтлеф адчуў, што яго апанавала глыбокае пачуццё сваёй непатрэбнасці, ён як бы ненаўмысна падпарадкаваўся бязладнаму руху святочнага натоўпу і, не развітаўшыся, знік з поля зроку тых дваіх.

Ён аддаўся плыні, якая панесла яго каля падоўжнай сцяны раскошнай тэатральнай залы, і калі ён зразумеў, што адарваўся ад Лілі і малога мастака, ён пайшоў насуперак плыні і спыніўся на адным месцы – непадалёк ад сцэны, прыхінуўшыся да краю ложы прасцэніума, на якой было зашмат пазалоты, паміж барадатай карыятыдай часоў барока з набычаным каркам і жаночай статуяй насупраць, якая дэманстравала пару магутных цыцак. Ён сяк-так надаў сабе позу бестурботнага назіральніка, час ад часу падносячы да вачэй бінокль, а яго позірк, блукаючы ў зіхоткім атачэнні, пазбягаў толькі адной кропкі.

Свята дасягнула сваёй кульмінацыі. У глыбіні пукатых ложаў за накрытымі сталамі людзі пілі і закусвалі, у той час як каля парапетных сценак паны ў чорных і каляровых фраках з вялізнымі хрызантэмамі ў пятліцах нахіляліся да напудраных плячэй фантастычна апранутых і мудрагеліста прычэсаных дам і, бесклапотна размаўляючы, паказвалі ўніз на стракатую мітусню ў зале, на публіку, якая тоўпілася ў групках, рухалася павольнымі ручайкамі, запавольвала рух, пачынала віраваць і зноў прарэджвалася ды мігцела стракатымі фарбамі.

Жанчыны ў вольных сукенках і ў вялізных капелюшах са стужкамі, падвязанымі пад падбароддзем мудрагелістымі бантамі, абапёршыся на высокія кійкі, трымалі перад вачыма ларнеты на доўгіх ручках, а падбітыя ватаю плечы мужчын даставалі амаль да палёў іх капелюшоў-цыліндраў… Гучныя жарты ўзляталі аж да верхніх ярусаў, а там прывітальна ўздымаліся куфлі з півам і келіхі з шампанскім. Шмат хто з адкінутаю назад галавою таптаўся перад адкрытай сцэнаю, на якой шматколерна і з віскатам адбывалася штосьці эксцэнтрычнае. Потым, калі заслона шумна зацягнулася, усё з рогатам ды воплескамі падалося назад. Гучна зайграў аркестр. Усё весела змяшалася. І залацістае, нашмат больш яркае, чым дзённае, святло, якое напоўніла шыкоўнае памяшканне, надало вачам прысутных яркае ззянне, прычым усе пачалі паспешлівымі, беспрычынна пажадлівымі ўдыхамі ўцягваць у сябе цёплы пах, які хваляваў, зыходзячы ад кветак і віна, ад страў, пылу, пудры, парфумы ды святочна распаленых целаў.