Выбрать главу

…І вось яны пайшлі танчыць. Паказы на сцэне скончыліся. Аркестр "адрываўся" і спяваў. Па роўнай падлозе слізгалі, круціліся ды калыхаліся пары. І Лілі танчыла з маленькім мастаком. Як прывабна ўздымалася яе галоўка над "келіхам" вышытага срэбрам стаячага каўнерыка! Ступаючы і круцячыся спакойна і эластычна, яны рухаліся наўкол у цесным памяшканні; яго твар быў павернуты да яе, і з усмешкай ды стрыманай адданасцю салодкай трывіяльнасці рытмаў яны працягвалі нязмушаную размову.

Раптам у яго, самотнага, рукі прыйшлі ў рух, быццам нешта беручы і фармуючы. Вы ўсё-такі мае, адчуў ён, і я вышэйшы за вас! Хіба ж я з усмешкаю не бачу наскрозь вашыя простыя душы? Хіба ж я не заўважаю і не захоўваю са здзеклівай усмешкай кожнае наіўнае памкненне вашых целаў? Хіба не напружваюцца, гледзячы на вашую несвядомую мітусню, ува мне сілы слова ды іроніі настолькі, што сэрца ў мяне пачынае моцна біцца ад парывання і палкай здольнасці, гуляючы, вылепіць вас ды выставіць ваша неразумнае шчасце судакранання ў святле майго мастацтва перад усім светам.

І потым у ім бяссільна і пажадліва зноў абрынулася ўсё, што так упарта было паднялося. Ах, адзін раз, адну б толькі ноч, такую, як гэтая, не быць мастаком, а толькі чалавекам! Аднойчы пазбегчы пракляцця, якое нязменна гучала: табе нельга быць, ты павінны глядзець, табе нельга жыць, ты павінен тварыць; табе нельга любіць, ты павінен ведаць! Жыць, любіць і хваліць толькі аднойчы ў верным і сціплым пачуцці! Толькі аднойчы быць сярод вас, быць у вас, быць вамі, вы – жывыя! Аднойчы сёрбаць вас замілаванымі глыткамі – вашу асалоду звычайнасці!

Ён схамянуўся, адвярнуўся. У яго з’явілася адчуванне, быццам на ўсіх гэтых прыемных распаленых тварах, як толькі яны яго заўважылі, з’явіўся запытальны гідлівы выраз. Жаданне ўцячы адсюль, пашукаць цішыні і змроку раптам зрабілася ў ім такім моцным, што ён не здолеў стрываць. Узяць ды пайсці адсюль, уцячы без развітання так, як перад гэтым ён уцёк ад суседства з Лілі, і пакласці дома гарачую і нядобра затуманеную галаву на халаднаватую падушку. Ён пашыбаваў да выйсця.

Ці заўважыць яна? З ім так было ўжо: сыход, маўклівае, поўнае гонару і адчаю знікненне з залы, з саду, з якога-небудзь месца вясёлых забаў – з прытоенаю надзеяй выклікаць у светлай істоты, да якой імкнешся ўсёю душой, кароткае імгненне ценю, разгубленага роздуму, спачування… Ён спыніўся, яшчэ раз зірнуў у яе бок. Голас малення загучаў у ім. Застацца, цярпліва вытрываць, пабыць каля яе нават на адлегласці і чакаць непрадбачанага шчасця?.. Дарма. Не было аніякага збліжэння, ніякага ўзаемаразумення, ніякай надзеі. Ідзі, ідзі ў цемру, абшчапі галаву рукамі і заплач, калі можаш, калі ў тваім свеце здранцвення, спустошанасці, зледзянення, духу і мастацтва ёсць слёзы!.. Ён пайшоў з залы.

У грудзях панаваў пякучы боль, які бязгучна пранізваў, і адначасова неасэнсаванае, неразумнае чаканне… Яна ж павінна была ўбачыць, павінна была зразумець, павінна была прыйсці, пайсці за ім, хоць бы дэманструючы спачуванне; павінна была б затрымаць яго на паўдарозе і сказаць яму: "Застанься тут, парадуйся, я кахаю цябе". І ён сцішыў хаду, хоць і ведаў, напэўна ведаў, што яна ні ў якім разе не прыйдзе, маленькая Лілі, якая вунь танчыць і нязмушана балбоча…

Было дзве гадзіны папоўначы. Калідоры апусцелі, а за доўгімі сталамі гардэробаў сонна вадзілі носам наглядчыцы. Ніхто, акрамя яго, не думаў ісці дадому… Ён захутаўся ў паліто, узяў капялюш і кій, выйшаў з тэатра.

На плошчы ў белавата прасвечаным тумане зімовай ночы доўгім шэрагам стаялі карэты. Са звешанымі галовамі, з накінутымі на спіны гунькамі перад вазкамі стаялі коні, а захутаныя рамізнікі тым часам, разбіўшыся на купкі, тупалі на зляжалым снезе. Дэтлеф кіўнуў аднаму з іх, і пакуль чалавек рыхтаваў свайго каня, ён нерухома стаяў у вестыбюлі, выставіўшы сваю галаву, у скроні якой стукала кроў, на халоднае, даўкае паветра.

Посны прысмак пеністага віна выклікаў у яго жаданне закурыць. Ён механічна дастаў цыгарэту, запаліў сярнічку і прыпаліў. І вось, у той момант, калі сярнічка патухала, яму пабачылася штосьці, чаго спачатку ён не зразумеў, перад чым бездапаможна і ў роспачы стаяў з павіслымі рукамі і што не мог потым ані выкінуць з галавы, ані забыць…

З цемры вынырнуў, як толькі зрок прыйшоў у нармальны стан пасля асляплення маленькім полымем, здзічэлы схуднелы твар з рудой барадою, з якога запаленыя, звыродліва аблямаваныя вочы ўтаропіліся ў ягоныя з выразам шалёных кпінаў і з пэўнай пажадліва-запытальнай пранізлівасцю… На адлегласці якіх двух-трох крокаў ад яго, з рукамі ў глыбокіх кішэнях штаноў і з настаўленым каўняром моцна патрапанай курткі ён прытуліўся да аднаго з ліхтарных слупоў, што стаялі абапал дарожкі да самага ўвахода ў тэатр, – чалавек, якому належаў гэты спакутаваны твар. Яго позірк слізгануў па Дэтлефавай постаці, па яго футравым паліто, з якога звісаў долу тэатральны бінокль, аж да самага лакіраванага абутку, каб потым зноў гэтым пажадлівым і прагна-дапытлівым позіркам уцяцца ў яго; толькі адзін раз чалавек коратка і пагардліва выпусціў паветра праз нос… і потым яго цела здрыганулася на марозе, яго азызлыя шчокі, здавалася, яшчэ больш запалі, павекі ж тым часам задрыжалі і заплюшчыліся, а куточкі вуснаў з’едліва і адначасова жахліва коса апусціліся.