Дэтлеф стаяў, як здранцвелы. Ён намагаўся нешта зразумець… Выгляд задаволенасці ды камфорту, з якім ён, удзельнік свята, пакідаў вестыбюль, махаў рамізніку, даставаў са срэбнага партабака цыгарэту… "Вось што бачылі іншыя", – раптам дайшло да яго свядомасці. Міжволі ён узняў руку, збіраючыся ляпнуць сабе па галаве. Ён зрабіў адзін крок да чалавека, уздыхнуў, каб пачаць размову, растлумачыць… Але потым ён усё ж моўчкі сеў у пададзеную карэту, ледзь не забыўшыся сказаць рамізніку адрас, разгублены, сам не ў сабе ад немагчымасці разабрацца ў гэтым.
Якая памылка, о Божа… якое жахлівае непаразуменне! Гэты здыхляк і бяздомнік разглядаў яго з прагнасцю і горыччу, з агрэсіўнай пагардаю, з чаго і складаецца зайздрасць і маркота! Ці не выставіў ён сябе крыху напаказ, гэты галодны? Ці не выяўлялася ў яго дрыжыках ад холаду, у яго жахлівай і з’едліва-злоснай усмешцы жаданне стварыць уражанне і паднесці яму, бадзёраму шчасліўчыку, у падарунак імгненне прыцемку, разгубленага роздуму, раскайнага спачування? Ты памыляешся, сябра, ты не дасягнуў эфекту; твой жабрацкі вобраз – не папярэджанне для мяне з чужога жудаснага свету, якое ганьбіць і адпалохвае. Мы ж – браты!
Што, сябрук? Засела над грудзьмі і пячэ? Як добра мне гэта вядома! А чаго ж ты ўсё-такі прыходзіў? Чаму ты, упарты і ганарлівы, не застаўся ў цемры, а займаеш сваё месца пад асветленымі вокнамі, за якімі гучыць музыка і чуцён смех жыцця? Ці ж мне таксама невядома хваравітая патрэба, якая гнала цябе туды, сілкаваць сваю нікчэмнасць, якая ў такой самай ступені можа называцца як любоўю, так і нянавісцю?
Нішто з усяе тае нікчэмнасці, якая натхняе цябе, не ёсць чужым і для мяне, а ты хацеў засароміць мяне! Што такое дух? Удаваная нянавісць! Што такое мастацтва? Выяўленчая жарсць! Наш з табою агульны дом – краіна падманутых, галодных, тых, хто скардзіцца, і тых, хто не згаджаецца, ды і здрадныя гадзіны, поўныя самапагарды, – таксама нашы супольныя, бо мы губляем сябе ў ганебнай любові да жыцця, да неразумнага шчасця. Але ты не прызнаў мяне за свайго.
Памылка! Памылка!.. І калі гэтае шкадаванне апанавала яго ўсяго, недзе ў глыбіні заззяла балючая і адначасова салодкая здагадка… Няўжо і гэты памыляецца? Дзе канец той памылкі? Няўжо ўся жарсць на зямлі толькі памылка, у першую чаргу – мая, якая ўласціва кожнаму жывому, простаму і падпарадкаванаму інстынктам, маўкліваму жыццю, якое не ведае прасвятлення праз дух і мастацтва, вызвалення праз слова? Ах, мы ўсе браты і сёстры, мы – стварэнні трывожна-пакутнай волі; і мы не прызнаём адзін аднаго. Неабходна іншая любоў, іншая…
І ў той час, як ён сядзеў дома сярод кніг, карцін і відушчых бюстаў, яго хвалявала гэтае пяшчотнае слова: "Дзеткі, любіце адно аднаго…"
Тоніа Крэгер
I
Зімовае сонца выглядала толькі як слабае мігценне малочнага колеру, вялае, за пластамі воблакаў над цесным горадам. Было вільготна ў завулках, прадзіманых скразнякамі, і за дамамі пад высокімі дахамі, а час ад часу з неба падала штосьці накшталт граду, не лёд, не снег.
Урокі закончыліся. Цераз брукаваны двор і вароты-краты памкнулася маса; вучні, якія трапілі на волю, збіваліся ў групы і разбіваліся ў купкі, разыходзячыся налева ці направа. Старэйшыя вучні з гонарам прыціскалі ўверсе да левага пляча свае пакункі з кнігамі, махаючы праваю рукою, шыбавалі насупор ветру, каб трапіць на абед; малеча весела пускалася подбегам, так што ледзяная каша толькі пырскала ў бакі, і ў заплечніках з цюленевай скуры бразгаталі вучэбныя прылады. Але то тут, то там раптам з нявіннымі позіркамі зрываліся з галоў шапкі перад шыракаполым капелюшом і юпітэрскай барадой настаўніка старэйшых класаў, які ішоў мернымі крокамі.
"Ну, ці ідзеш ты, Ганс?" – спытаў Тоніа Крэгер, які доўга чакаў на праезнай частцы вуліцы; ён з усмешкай пайшоў насустрач сябру, які, размаўляючы з іншымі таварышамі па вучобе, выйшаў з варотаў і ўжо меў намер пайсці з імі разам далей. "А што? – спытаўся ён і паглядзеў на Тоніа. – А і праўда! Давай пройдзем разам яшчэ трохі".