II
Бялявая Інга, Інгеборг Гольм, дачка доктара Гольма, які жыў каля рынку, там, дзе высока, востра і шматразова біў гатычны фантан, была тою, каго Тоніа Крэгер пакахаў, маючы шаснаццаць гадоў.
Як гэта здарылася? Ён бачыў яе тысячу разоў; аднак аднаго разу вечарам ён убачыў яе ў пэўным асвятленні, убачыў, як яна ў размове з сяброўкаю, смеючыся неяк паблажліва, закідвала галаву набок, нейкім пэўным чынам заводзіла сваю не надта тонкую, не вельмі вытанчаную, яшчэ па-дзіцячаму дзявочую руку за патыліцу, прычым белае газавае рукаво саслізгвала з яе локця; ён пачуў, як яна пэўным чынам падкрэслівала слова, зусім звычайна-банальнае слова, прычым у яе голасе было цёплае звонкае гучанне, і захапленне завалодала яго сэрцам, куды больш моцнае за тое, якое ён некалі адчуваў, калі глядзеў на Ганса Ганзэна тады, калі ён яшчэ быў маленькім дурненькім хлопчыкам.
У гэты вечар ён узяў з сабою яе вобраз, разам з тоўстаю бяляваю касой, прадаўгаватымі вясёлымі блакітнымі вачыма і пяшчотна-лёгкім следам рабацінак над носам; ён не мог заснуць, бо чуў пазвоньванне ў яе голасе, паціху спрабаваў падрабіць націск, з якім яна вымаўляла звыклае слова, і пры гэтым жахаўся. Досвед вучыў яго, што гэта мусіла быць каханне. Але хоць ён і дакладна ведаў, што каханне абавязкова прынясе яму шмат болю, бяды і прыніжэнняў, што, акрамя таго, яно парушыць мірнае жыццё і напоўніць сэрца мелодыямі, не даючы спакою, каб можна было давесці пачатае да канца і бестурботна завяршыць штосьці суцэльнае, ён усё-такі ўспрыняў яго з радасцю і песціў яго ўсімі фібрамі сваёй душы, бо ведаў, што яно ўзбагачае і ажыўляе, ён імпэтна імкнуўся быць багатым і актыўным замест таго, каб бестурботна завяршаць штосьці суцэльнае…
Гэтая падзея, калі Тоніа Крэгер страціў галаву ад вясёлай Інгі Гольм, адбылася ў апусцелым салоне жонкі консула Густэдэ, на якую ў той вечар выпала чарга правесці ўрок танцаў; гэта быў прыватны курс, у якім бралі ўдзел толькі тыя, хто належаў да першых сем’яў; таму яны збіраліся па чарзе ў бацькоўскіх дамах, каб павучыцца танцам і прыстойным паводзінам. Адмыслова дзеля гэтай мэты кожны тыдзень прыязджаў з Гамбурга балетмайстар Кнак.
Яго звалі Франсуа Кнак, і што гэта быў за мужчына! "J’ai l’honneur de me vous représenter, – казаў ён, – mon nom est Knaak…[61] І гэта прамаўляецца без нізкага паклону, а толькі стоячы, выпрастаўшыся, – стрымана і ўсё ж выразна. Не кожны дзень трапляеш у становішча, калі ты павінен называць сябе французскім чынам, але калі ты ўмееш гэта рабіць правільна і бездакорна на гэтай мове, то фраза не пашкодзіць і таму, хто размаўляе па-нямецку". Як цудоўна прылягаў шоўкава чорны пінжак да яго тлустых сцёгнаў! Штаны мяккімі фальбонкамі звісалі на лакавыя туфлі, упрыгожаныя шырокімі атласнымі бантамі, а карыя вочы пазіралі з выразам зморанага шчасця ад уласнай прыгажосці…
Любога прыгняталі яго празмерныя самаўпэўненасць і добрапрыстойнасць. Ён рабіў крокі – і ніхто не ўмеў так іх рабіць, як ён: эластычна, хістка, пагойдваючыся, па-каралеўску – у напрамку да гаспадыні дома, схіляўся ў паклоне і чакаў, пакуль яна падасць яму руку. Калі ён яе атрымліваў, то дзякаваў ціхім голасам, пружыніста адступаў, паварочваўся на левай назе, правую з сагнутым уніз мыском хутка адрываў ад зямлі ўбок і аддаляўся, віхляючы сцёгнамі.
Грамаду трэба было пакідаць, ідучы да дзвярэй задам наперад і з паклонамі; нельга падносіць сабе крэсла, ухапіўшы за адну ножку або цягнучы яго па падлозе, а трэба лёгка браць яго за спінку ды ставіць бясшумна на месца. Нельга стаяць, скрыжаваўшы рукі на жываце і варушачы языком у роце; калі гэта ўсё ж адбывалася, то ў пана Кнака была звычка паўтараць тое ж самае такім чынам, што ў чалавека на ўсю рэштку жыцця заставалася агіда да такіх дзеянняў…
Гэта – адносна такту. Што ж да танца, то яго пан Кнак удасканальваў яшчэ ў большай ступені. У прыбраным ад лішніх рэчаў салоне гарэлі газавыя свяцільнікі і свечкі на каміне. Падлога была пасыпана талькам, і на ёй у маўклівым паўколе стаялі партнёры. А з другога боку парцьераў, у суседнім пакоі, у плюшавых фатэлях сядзелі маці ды цёткі і праз свае ларнеты разглядалі пана Кнака – як ён, крыху сагнуўшыся, трымае краі свайго пінжака двума пальцамі з аднаго і другога боку і пругкімі нагамі дэманструе асобныя элементы мазуркі. Але калі ў яго меўся намер па-сапраўднаму здзівіць публіку, то ён раптам і без важкай прычыны адрываўся ад падлогі ўверх, няўлоўна хутка круцячы ў паветры нагамі адна вакол другой, быццам шчоўкаючы імі, пасля чаго са сваёй стрыманаю, але ашаламляльнаю нязмушанасцю, упэўненай ва ўсім, вяртаўся на гэтую зямлю…