Выбрать главу

Іншыя з той дваццаткі заставаліся ў сваіх дамох, але ня спалі. Яны таксама мелі надзею на чыёсьці слоўца, якое б ясна вызначыла наступны цяг іх учынкаў. Проста выйсьці і рушыць да паркана ці брамы не ставала адвагі. Бессэнсоўнай пагібелі ніхто не хацеў. Але кожны быў гатовы аддаць жыцьцё, дапамагаючы тым войскам, што аблажылі Гомей з трох бакоў. “Паміраць, дык толькі пад граньне сурмаў баявых”, – думаў ці адзін зь іх. Найбольшых ваганьняў зазнаў Дзяніс Дудар, які перахоўваў скрадзены ў Мантгомэры ключ. І думалася яму, што яшчэ ўдзень ён мог перастрэць пана Аляксандра і хоць намякнуць, куды на ноч трэба ставіць верных людцаў з апалчэньня. Але наўпрост, без пасярэдніка, рабіць гэта яму забаранялася. Пасярэдікам быў Такеша. Раптоўнае зьнікненьне апошняга, гойсаньне немцаў з вугорцамі па гораду ў пошуках удавы Лявонавай Алёны, няўцямнае забойства Жураўскага няшчадна кроілі ўсе разьлікі, падбівалі нават самыя простыя спадзевы.

У дзьверы Дзянісавага дома пастукалі. Ён ні на міг не ўсумніўся, што пачуў умоўны стук, але не было пэўнасьці, ці сапраўды знадворку нехта з супольнікаў.

– Хто? – сувора спытаў гаспадар, стаўшы вустарань ад уваходу.

– Дзядуля Хто-б-ні-быў і бабка Пацалуйка, – прагучэла ў адказ. Дудар пазнаў голас і адчыніў дзьверы. Лявон і Алюта ўвайшлі ў хату. Узрадаванаму, але разам з тым зьдзіўленаму, Дзянісу давялося тое-сёе патлумачыць.

– Падземныя хады? – перапытаў ён, пачуўшы пра спосаб, якім іх спрытны верхавод патрапіў у горад. – А чаго ж мы тады калтавэхаемся?  Хай бы казакі па падзямельлі ў Гомей і ўвайшлі.

Лявоніха запытальна зірнула на мужа, маўляў, як самі не даўмеліся да такога. Той на сэкунду сьціснуў зубы, кашлянуў, не разяўляючы рота, і потым прамовіў:

– Гэта немагчыма. Пачатак ходу з таго боку вельмі вузкі нават для аднаго чалавека пры поўным баявым рыштунку. Да таго ж  уваход ляжыць пад вадой. Вось і ўяві, як некалькі казацкіх загонаў паспрабуюць тайком даць нырца ў Гамяюк. Што будзе? Варта пастраляе бальшыню, быццам качак.

– Угу, у ліхі час ліхі і квас, – прамармытаў Дзяніс і распавёў пра тую няпэўнасьць, якая спаўзла на плечы ўсёй таемнай мяшчанскай суполцы.

– Нешта падобнае мне і ўяўлялася, – гаварыў Лявон, гледзячы на агонь лучыны. – Нам нічога не застаецца, як браць зброю і рушыць да Чачэрскай брамы. Але сьпярша Аля па падземцы выправіцца да казакоў…

– Я?! – з роспаччу ўсклікнула жанчына.

– Ты. Дзяніс табе даць мужчынскі строй. Я правяду цябе да самае вады. Нырнеш. Асьцярожна выберашся на той бераг Гамеюка. Прапаўзеш (лепш прапаўзі!) сажняў дзьвесьце да бліжэйшага густога кустоўя. Цябе спытаюць: “Якія там жахі?”, ты адкажаш: “Зазвычай аксамітныя”. Калі апынешся за кустамі, назавешся жонкай Лявона Гамелькі (так мяне ў іх мянуюць), спытаеш Астапа Бульбу і скажаш, што я прасіў пачынаць надуманае. Зразумела?

Лявоніха сумна кіўнула і пайшла пераапранацца.

– Зьбірай дзецюкоў, – загадаў Лявон паплечніку.

Дзяніс выйшаў на падворак і гучна закрычэў пугачом. Дзевяць гамеян адчулі з гэтым крыкам доўгачаканую палёгку і шпарка пачалі ўскрываць свае хованкі са зброяй.

12.

 Даведаўшыся пра ўчынак Лявона Гамелькі, Забела не на жарты ўсходзіўся  і лаяўся самымі брыдкімі словамі з усіх моваў, якія толькі ведаў. Вылаяўшыся, ён астыў і ўважліва выслухаў Астапа Бульбу. Пераказаная ім Лявонава задума прыпала казацкаму палкоўніку да смаку. Ён аддаў патрэбныя загады, і заставалася толькі дачакацца пасланца з абложанага горада.

Абаронцы Гомея марнавалі сябе няспаньнем. Ні паручнік Заякот, ні сотнік Пац нават на волас не задрамалі і не давалі рабіць гэтага сваім падначаленым. На колькі атрымлівалася, яны выглядвалі, што робіцца за парканам. Панавала цемра. Апроч паходняў, якія давалі зусім мала сьвятла, адзінай вялікай сьвяцільняй служыў месяц. Але ягонага зьзяньня было недастаткова, каб добра разгледзіць немалы абшар да казацкіх намётаў. Там палалі вогнішчы. Там раз-пораз выбухаў рогат. Ад гэтага рогату абаронцам горада рабілася непамысна вусьцішна, нібы цемра між імі і казакамі была ня проста полем, а мостам паміж зямною явай і безданьню апраметнай. Іштван Заякот у думках прысьпешваў надыход сьвітаньня. Ворага ён хацеў бачыць у твар і пры неабходнасьці перайсьці да чыннай абароны, пакуль не ачомаўся асьцярожнік Мантгомэры.