Выбрать главу

Ёган Мантгомэры па-ранейшаму сядзеў у той самай апостальскай паставе і час ад часу блузьніў сабе пад нос. Гэта быў суплёт моваў і сэнсаў. Зь яго вуснаў зьляталі ўрыўкі прысягі каралю і вялікаму князю, фрагмэнты эвангельля ад Мацьвея, кавалкі песьняў пра Зыгфрыда і нібэлюнгаў. Ягоныя вочы  шпарка бегалі пад павекамі. Ён бачыў цяжкі сон пра траянскага каня і вертаград мнагацьветны, у травах якога леў, бык, арол ды хтось чацьверты без імя спрачаліся міжсобку, дзелячы яго вопратку і нейкия зусім няўцямныя колоколы непреходящи, што нібыта таксама належалі яму. Самога сябе пан капітан у сьне ня бачыў і ня чуў.

13.

 Алюта  дабралася да казакоў. Гаварыла з Астапам Бульбам, тлумачылася зь Пятром Забелам. Слухаючы яе, палкоўнік пачынаў разумець Лявонавы словы: “Яна ня баба”. Пасьля ўсіх роспытаў ён сабраў сваіх найбольшых зламі-галоваў і, адправіў пад паркан, паясьніўшы, што і як трэба рабіць. Каб ня выдаць сябе ў змроку, тыя, як адзін, абмазалі твары попелам. Прыхапіўшы патрэбную аснаду, казакі зьніклі ў змроку і праз пэўны час аб’явіліся ля гарадзкой сьцяны. Адны зь іх сталі затыкаць дошкамі ніжэйшыя байніцы. Абаронцы не пасьпявалі агоўтацца і апыналіся без магчымасьці страляць. Многія білі па затаўках мушкетамі, і некаторыя дошкі паддаваліся. Але зрабіць стрэлу амаль ніхто не пасьпяваў: як толькі мушкет вытыркаўся вонкі, казацкія спрытнюгі білі абухом па самаму краю рулі, выбіваючы зброю з рук супраціўнікаў. Жаўнеры лаяліся. Казакі сьмяяліся. Гэткай дзёрзкасьці ворага і баяўся пан Іштван. Спрабуючы выратаваць становішча, ён скіраваў да заткнутых байніц ваякаў з гакаўніцамі. Гакаўніца не мушкет – сорак фунтаў так проста з рук ня выб’еш. Да таго ж рулю адразу адводзілі ў бок – туды, дзе мог таіцца супастат – і, як толькі затаўка вылятала, выстрэльвалі. Вялікія кулі разьбівалі абухі, радзей – казацкія пальцы. Струмені гарачага паветра апякалі казакам рукі. Жаўнеры сьмяяліся. Казакі лаяліся. Самыя сьмелыя зь іх совалі трафэйныя мушкеты ў байніцы і пулялі наўздогад. Зьявіліся першыя забітыя. Страляніну чуў увесь горад. Чулі і ўзброеныя мяшчане, якія сабраліся ў доме Дзяніса Дудара. “Яшчэ ня час,– супакойваў парывы таварышаў Лявон. – Зараз Рэчыцкая брама стане сьведкай авантур”.

Другі гурт казакоў падкраўся да брамы, дзе павінны былі вартаваць верныя пану Жураўскаму апалчэнцы. Палкоўнік Забела папярэдзіў іх пра гэта, але наказаў быць асьцярожнымі, бо ніхто так і не даведаўся, ці не памянялі тых на наймітаў-іншаземцаў альбо мяшчан, шчыра адданых каралю і вялікаму князю. Дасягнуўшы вуглавой часткі паркану, казакі падзяліліся: адна палова ўзялася падпілоўваць дубовыя кольлі якраз на рагу агароджы, другая ж ахоўвала першую. Гук ад пілаваньня проста немагчыма было не пачуць, але варта на вежы маўчала.

– Гэй, башта! – пачулася за парканам. – Вы там сьпіцё, трасцу вашай матары, ці як? Што там на рагу робіцца?

– Цмок аб плот сьпіну чэша, – прагучэў адказ зь вежы.

– Вы што там, курва пердалёная, палыноўкі перабралі?! – у голасе большала зласьлівасьці.

– Закасай губу да носу, – крыкнуў вартавы і дапоўніў свой адказ стрэлам.

– Здрада на Рэчыцкай! – ударыў лямант па вушох і недапілаваных кольлях.

– Братанькі, трымайце вяроўку, – зь мяцежнай вежы да казакоў зьвяртаўся вартавы. Колькі чалавек спрытна падняліся наверх. Па вежы стралялі. Сотнік Пац, разьюшаны нечаканым учынкам вартавых, перарывіста хрыпеў: “Мне аднаго. Самаручна пашаткую, як капусту”. Ніхто не цікавіўся, ці ўмеў пан Аўсей насамрэч абыходзіцца з капустай, і яго крык губляўся ў агульным гаманкім гармідары. Казакі адкінулі сьпілаваныя бярвёны і жвава, дарма што навосьлеп, памкнулі ў першую ўтвораную адтуліну. Мушкетныя стрэлы, раз-пораз трапныя, не маглі спыніць іхняга руху. Яны наскокам кідаліся на жаўнераў, не дазваляючы тым перанабіць зброю. Малавопытныя апалчэнцы, не пасьпявалі выхапіць шаблі і, дзе стаялі, паміралі ад сечаных ранаў, якімі іх, не шкадуючы, надзялялі супраціўнікі. Больш дасьведчаныя ваякі спрабавалі трымацца завучаных правілаў бою. Але казацкі націск быў нагэтулькі шчыльным, што спробы баёў па правілах цярпелі амаль поўную паразу. Мусілі секчыся, а то й зусім пераходзіць у рукапашную. Сьвятло паходняў было дужа цьмяным, а дасьвецьце ўражвала сваёй нетаропкасьцю. Мяцежная вежа, прыцэльным агнём, нагадвала пра сябе і сваю мяцежнасьць. Абарона пачынала захлынацца. Пан Пац мусіў клікаць рэзэрвы.

14.

Калі шум калатнечы ля Рэчыцкай брамы зрабіўся наймацнейшым, Лявон з сумнаватай усьмешкай агледзіў твары таварышаў і, нібы на падвесяленьне ці суцяшэньне, прамовіў: “Ну што ж. Пара чорным хмарам даць адпор. Будзьма моцнымі й мужнымі, як зубры, сьветлымі й вольнымі, як сонца. Рушымся, брацьця, хутчэй у бой”. Ён першым выйшаў на двор, і праз хвіліну ўсе адзінаццаць чалавек цугам крочылі да Чачэрскай брамы, удаючы зь сябе дружыну апалчэнцаў. Для вельшай праўдападобнасьці запяялі старадаўнюю песьню гомейскіх ваяроў: