Выбрать главу

Туман ярам, туман даліною.

За туманам нічаго нявідна.

Толькі відна дуба зелянога…

Жаўнеры зь ліку наймітаў, што вартавалі каля паркана пры Чачэрскай браме, запатрабавалі ад пеюноў спыніцца. Тыя сталі.

– Хто такія? – спытаў старэйшы з вартавых, верагодна дзесятнік.

– Пан Аўсей Пац казаў ісьці вам на ўспамогу, – басіў Дзяніс Дудар.

– Нам ваш Пац ня ўказ. У нас ёсьць свой ротмістр і яго заступнік.

– Але стан небесьпячэнства вымагае паспалітай чыннасьці валечнай, – нібы з паперы чытаючы, гаварыў Дзяніс. – І ваш ротмістар, і заступнік ягоны ўжо нежывыя. Пан Мантгомэры каначаткова праваліўся ў сон вечны. Пан Заякот ускіпеў ранамі ад шабель галцяёў казацкіх. Хіба ня чуеце стрэлаў па той край горада?

– Чуем, – голас дзесятніка прыкметна набрыняў зьбянтэжанасьцю. Ён выяўна вагаўся: верыць ці ня верыць прыбышам, пра якіх ніхто раней не папярэджваў. Адзінаццатка ўзброеных мяшчанаў напружана чакала ягонага рашэньня.

– Добра, – урэшце сказаў той, – давайце дзяліцеся: адна частка ў помач варце праваруч ад брамы, другая – леваруч. Шыбчэй толькі.

Мяшчане амаль ушчыльную падыйшлі да паркана і, паколькі пачынала віднець, змаглі добра разгледзіць жаўнераў пры байніцах. Лявон Гамелька застаўся на месцы.

– Ты чаго бавішся? – з сапраўдным неўразуменьнем спытаўся дзесятнік.

– Я адзінаццаты, – усьміхнуўся Лявон, – а адзінаццаць сёньня твая самая нешчасьлівая лічба.

Усьмешлівы мешчанін дзіўна махнуў правай рукой, і лязо кароткага меча нарабіла холаду ў грудзях важака вартавых. Адчуць наступную гарачыню небарака не пасьпеў, прыняўшы ў свае абдоймы сьмерць. Адначасова Лявонавы таварышы паднялі мушкеты і ўдарылі па бліжэйшых вартавых. Зь вежы пачулася вуркатаньне: жаўнеры на ёй не імкнуліся вызіраць, затаіліся. Гамелька ступіў пад арку, дастаў ключ, уставіў яго ў замок і  вялікім высілкам пракруціў два разы.

– Шабака, што ты рабіць?! – прагучэлі зьверху скаверканыя словы найміта.

– Татусь твой сабака, крутасёр,  – адказаў Лявон і дадаў. – Калі самі падымеце вароты, абяцаю адпусьціць.

Голас быў настолькі важкім, вострым, бліскуча сталёвым, што здавалася хопіць толькі яго аднаго, каб пасекчы каго-заўгодна на шматкі. На вежы пачалася спрэчка. Вартавыя пару хвілін запальчыва даводзілі нешта адно аднаму. Ажно ўрэшце грымнуў стрэл, і вароты сталі павольна падымацца.

– Цудоўна. Скачы ў роў і давай чосу адсюль да Сажа. За ракой зможаш перачакаць, а можаш адправіцца,  куды захочаш, – пацьвердзіў сваё абяцаньне мешчанін. Вартавы так і зрабіў. Не зважаючы на мітусьню за сьпінай, Лявон выйшаў праз вароты на мост, набраў у грудзі ранішняга паветра і гучна крыкнуў: “Вольны хо-о-д!” Рэха звонка ўторыла яму. Казакі, што стаялі ля садоў, рушылі на ягоны кліч. Бачачы іх набліжэньне, ён сьмяяўся. Сьлёзы міжволі ўпалі з вачэй. Вялікая гакаўнічая куля, што ляцела ззаду, ударыла Лявона ў сьпіну, перабіўшы хрыбет. Ён здолеў павярнуцца і толькі глянуць у зеўру Чачэрскае брамы, скуль ляцелі яшчэ дзьве варожыя кулі…

15.

Капітан Мантгомэры здрыгануўся і ў адно імгненьне падахапіўся з свайго месца. Пераляканы пахолак, як мог, патлумачыў яму сэнс адбыванага ў Гомеі, паказваючы пальцамі ў розныя бакі. З усіх бакоў гучалі стрэлы. Ёган выбег з дому і прыслухаўся. Найбольшы шум далятаў ад Рэчыцкай брамы. Туды ён і прыпусьціў. Казакі тамака перасталі страляць, але не давалі апалчэнцам папусткі, шпурляючы ў іх цяжкімі дубовымі калодкамі. Пабаёвішча было ўсьцелена целамі забітых і цяжкапараненых. Сотнік Пац, страціўшы багата людзей, ня мог пераламіць бой на сваю карысьць. Ці не адзінай удачай быў пачарнелы ад копаці, зрашэчаны кулямі другі паверх мяцежнай вежы.

– Пан Аўсей, каб цябе немарасьць брала, – лаяўся Мантгомэры, – ня стой, як божышча паганскае, а камандуй.

– Камандую я. Толку ніякага. Паглядзі, пане, якое зьвяр’ё перад намі.

Капітан ня стаў разглядваць казакоў, а больш пільна зірнуў на апалчэнцаў – такіх жа горкіх маладзёнаў, як і сам сотнік. Яны стаялі няроўным шэрагамі, ашчапераныя шаблямі, спрабуючы разам адбіць чарговую дзеравяшку. За сьпінай у кожнага вісеў некрануты ў баі бярдыш. Ёгана ледзьве паляруш ад злосьці не хапіў.