Выбрать главу

– Бердышы зьняць! – скамандаваў ён. – Да бою!

– Ой, курва… Я, халера мне ў бок, пра іх зусім забыўся, – разгублена прашаптаў пан Аўсей і правочыў калодку, якая ўдарыла яго па галаве. Бердышамі абаронцы адціснулі праціўніка да паркана. Праз адтуліны сталі прабірацца новыя чароды казакоў. Але да апалчэнцаў падасьпела падмога ад паручніка Заякота. Найміты горача віталі свайго ротмістра і папераменна частавалі казакоў мушкетным і гакаўнічым агнём. Апошнім давялося таропка адступіць.

“Арнольд Лэйн, – зьвярнуўся Мантгомэры да свайго жаўнера, калі вораг быў адбіты. – Зьбірайце пахлокаў. Хай хоць чым-небудзь пазабіваюць гэныя дзюркі. Забітых у лядоўню”. Паводдаль капітан заўважыў постаць пана Іштвана і хутка пайшоў яму насустрач.

– Вашаць апрытомнеў? – спытаў пра і так яснае той.

– Чаму не білі з арматаў? – пусьціўшы міма сябе пытаньне, зьлёту пацікавіўся камандзір.

– Не было лобавай атакі. Асобныя пакрыёмыя вылазкі.

– Што-о? Вы мяшчанку ўдаву Лявонаву Алёну адшукалі?

– Ну шукалі спачатку… А потым… Ды мы й ня ведалі дзеля чаго яе трэ’ было шукаць.

– Ясна. Алюту не знайшлі. Лобавай атакі не было. Не было тут… – капітан на хвіліну задумаўся. Ён яшчэ раз успомніў усё, што адбывалася перад двубоем з панам Жураўскім, і нарэшце пакутна вымавіў:

– Вядзьмачка…

– Яны тут усе вядзьмачкі. З самага дзяцінства. Бывае якая адзінаццатка зірне…

– Хварабаццатка! – адцяў Мантгомэры. – Бяры, як мага болей людзей. Казакі праз Чачэрскую браму ў горад уваходзяць.

Ледзьве ён прамовіў гэта, як з вартаўнічага ланцугу данесьлі тое ж самае.

– Усю пяхоту да Чачэрскай! – прагарлапаніў, аж напяўся, Мантгомэры. Не хацелася нічога тлумачыць зьдзіўленаму пану Іштвану. Дый што было казаць, калі ён сам – камандзір гарадзкое залогі – уздатніўся праграчыць ключ? Так, гэта ён вінаваты. Ён даверыўся хітрай мяшчанцы. Ён мала не палюбіў яе. Марнасьць марнасьцяў апаноўвала сэрца. Але розум быў незамутнёны і не дазваляў пачуцьцям плёхкацца вонкі. Прынамсі, у тым выглядзе, які яны мелі насамрэч. Ёган разумеў гэта і намагаўся падабраць такому становішчу якую-небудзь назву. “Дай клопату ймя і напалову вырашыш яго”, – успомніліся словы мудрага дзядулі. Але імя не прыдумвалася. Клопат не зьмяншаўся.

Бой з казакамі быў кароткім, але дужа крывавым. Вартавыя, што забілі Лявона Гамельку, зь нявыкруткі намысьліць штось лепшае, паспрабавалі спаліць мост за брамай. Першыя ж жаўнеры, што падасьпелі сюдых зь іншых частак горада, палічылі іх за пераапранутых ворагаў і забілі. Казацкая хваля набліжалася. Абаронцы залезьлі на вежу і пад несьціханым агнём праціўніка хацелі выстарацца апусьціць вароты. Не атрымалася. Вялікая частка казакоў на конях і пехам пранеслася вуліцай да гандлёвае плошчы. Плошча была пустая, але на ейным краі паўкругам стаялі пашыхтаваныя капітанам Мантгомэры жаўнеры, чакаючы каманды пачынаць бой. Як толькі вораг апынуўся на плошчы, такая каманда прагучэла. Пачаў страляць першы шэраг. Стрэліўшы, ваякі прысядалі, даючы магчымасьць стрэліць другому шэрагу, а сабе – зноў падрыхтавацца да бою. І гэтак чатыры шэрагі па чатыры разы… А потым была іх атака – павольная, але дзейсная: казакі падаліся назад і ўрэшце ўцяклі з Гомея, як чэрці ад сьвяцонай вады.

16.

Пераможцаў, асабліва наймітаў, агарнула эўфарыя. Яны цешыліся з буйной удачы ў абароне горада. Але капітан Мантгомэры быў пануры, як тая хмара ў дзень на сьвятога Ільлю. Ён загадаў праверыць, ці не застаўся хто жывым з вартавых, што першыя прынялі бой. Неўзабаве да яго прынесьлі ледзьве жывога вугорца і той зь цяжкасьцю распавёў пра кагадзе бачанае. Прысутны побач пан Заякот нямала здуміўся, пачуўшы, што бой пачалі мяшчане з гэтага боку. Ня верачы сваім вушам, ён перапытаў жаўнера на роднай мове. Капітан ведаў, што льга было й не перапытваць.

– Ну што, пане Іштван? – змрок валадарыў у ягоным голасе. – Хто дасьць наступны загад: Вашаць ці я?

– Можа абыйдземся? – адразу зразумеў сэнс пытаньня суразмовец і настаўбурыўся.

– Не, не абыйдземся. Яшчэ няведама, колькі казакі трымацьмуць Гомей у аблозе. Нам хоць бы ад іх адбіцца. А калі нехта яшчэ й па гэты бок паркана нам шостку падкідваць будзе, дык зусім швах справа… Дык што ж, Вашаць, скажаш?

– Чакаць загадаў – вось мая ўся справа. Калі пан мне загадае загадаць, то я загадаю. Ды, як па шчырасьці сказаць, ня хочу. Я ўжо аддаваў такі загад у гэтай краіне. Як жа, бач яго, той горад на балоце называўся?..

– Добра. Я сам. Але рэляцыю яго міласьці князю Янушу Радзівілу Вашаць пісаць будзе. Пад маю дыктоўку.

Той згодна прамаўчаў. Мантгомэры павярнуўся да плошчы. Жаўнеры аглядалі забітых ды іх рэчы. Слугі адносілі агледжаныя целы. Капітан угледзіў свайго пахолка, падазваў яго і распарадзіўся склікаць усіх сваіх намесьнікаў, якім пашчасьціла застацца цягам ночы жывымі. Менавіта ім ён меркаваў няголасна аддаць той злашчасны загад, адданьня якога стараўся ўнікнуць пан Іштван. Аднак вакольле раптоўна ахінулася поклічам вартавога: “Мадонна ідзе!”