Аднаго не цяміў гэты «нехта недзе», што ён, Антанюк, згадзіўся правяраць і настойліва працягвае працу зусім не дзеля таго, каб утапіць дырэктара ці яшчэ каго, а для таго, каб Валянцін, стары сябра, сапраўды не дурны чалавек, здольны канструктар, зразумеў свае памылкі, навёў парадак у інстытуце і не лез далей у балота, у якое цягнулі яго розныя жукі і кляпні-сляпні.
Антанюка не абуралі людзі, якія націскалі непрыкметна, ціха, хітра на розныя тайныя рычагі і кнопкі. У іх не хапала рашучасці дзейнічаць адкрыта. Не той час — не тая ўпэўненасць у сваёй непагрэшнасці. Ён глядзеў на іх дзейнасць з гумарам. Абураў Будыка: усё ідзе ад яго націску, ад яго ўпартай упэўненасці ў сваёй непагрэшнасці. Не, дробныя недахопы, памылкі Валянцін Адамавіч прызнаваў — усе тыя, якія не краналі яго славы вучонага, якія можна зваліць на падначаленых: за ўсім, маўляў, не ўгледзіш. Але менавіта гэтая паблажлівая ўступка — «на табе костачку і адчапіся!» — увесь Будыкаў націск, захады, накшталт гісторыі з Генадзем больш за ўсё злавалі Івана Васільевіча, рабілі зацятым і неадступным. Выконваў даручэнне камітэта па ахове прыроды і зноў ішоў у інстытут. Здаралася, што з шасці членаў камісіі з’яўляўся ён адзін. Бачыў: супрацоўнікі з яго пасміхаюцца. А Валянцін зноў зрабіўся добры і прыветлівы.
— На ліха табе здаўся мой зяць? — спытаў яго Антанюк.
Будыка пераможна рагатнуў.
— Думаеш, цябе хачу ўлашчыць? Не. Добра ведаю: такога чорта, як ты, нічым не ўлашчыш. А ты так падумаў? Прызнавайся. Перабольшваеш, Іван, сваю ролю. Узяў я твайго зяця са сваіх эгаістычных меркаванняў. Можаш запісаць у акт. Спатрэбіўся інжынер у сакрэтную лабараторыю. Навошта мне шукаць невядома каго, браць па рэкамендацыі Жука ці Кляпнёва? Каб ты яшчэ адзін факт запісаў? Я ўзяў чалавека, якога добра ведаю, члена партыі, з чысценькай біяграфіяй, сына калгасніка, зяця персанальнага пенсіянера. Хітры Будыка? Хітры. Асцярожны. Але і смелы! Не баюся адказнасці! Не баюся плётак! Нават тваёй камісіі не баюся. З’еў?
Пасля гэтай размовы з’явіліся-такі ў Антанюка сумненні: можа сапраўды ўсе факты, якія яны выявілі і якія здаюцца яму значнымі,— для Будыкі як вучонага, для развіцця аўтаматызацыі — дробязь. У вялікай справе і вялікія абмашкі можна дараваць. Няхай апошнія аўтаматы не арыгінальныя па канструкцыі, але, відаць, карысць прамысловасці яны прынясуць немалую — тут Валянцін, напэўна, мае рацыю.
Але ад сумненняў нічога не засталося пасля таго, як неўзабаве Іван Васільевіч папрысутнічаў на партыйным сходзе ў інстытуце. Абмяркоўвалі навуковыя вынікі мінулага года. Сам па сабе сход як сход. Інструктар райкома запісаў яго ў актыў работы парткома і сваёй уласнай. Актыўна выступалі. Былі крытыка і самакрытыка. Але што ўразіла Антанюка — амаль у кожным выступленні, адкрыта ці ў падтэксце, гучала: пад кіраўніцтвам Валянціна Адамавіча, дзякуючы Валянціну Адамавічу, толькі Валянцін Адамавіч мог дамагчыся…
Антанюк сядзеў збоку, углядаўся ў твары камуністаў і бачыў: ёсць людзі, якія трымаюцца іншай думкі, хоць, магчыма, і не адмаўляюць аўтарытэт Будыкі — скептычна не ўсміхаюцца. Але такія маўчаць. Чаму? Дзіўна, што сам дырэктар прымае гэтыя выступленні як зусім натуральныя. Не падобна, што ён арганізаваў іх знарок для райкома, для камісіі. Не, хутчэй за ўсё такія выступленні сталі тут звычайнай з’явай. З імі звыкліся. На іх, бадай, глядзяць, як на прапаганду дасягненняў усяго інстытута. Мала хто думае, як гэта небяспечна. Для Будыкі. Для калектыву. Не, хвароба гэта такая, што пілюлямі не вылечыш. Трэба аперацыя. А на аперацыю не згодны ні сам пацыент, ні блізкія і далёкія. Як пераканаць? Каго трэба ў першую чаргу пераконваць?
Пасля сходу Будыка, здаецца, зрабіўся яшчэ больш самаўпэўнены. Даведаўся, што Антанюк у інстытуце, знарок, відаць, прыйшоў у планавы аддзел, пачаў кпіць пры супрацоўніках:
— Адзін? Нешта твая камісія распаўзаецца. Лейцаў няма. Няма. Слабы ты стаў, Іван. У нас у буфеце выяўлена растрата. Во козыр! Займіся. Вельмі можа быць, што гэта вучоныя, абжоры і п’янюгі, аблічылі няшчасную буфетчыцу. Доктар навук Будыка… Бачыш, як адгадаваўся? — паляпаў сябе па жываце. — Во, кандыдат Барэцкая… яна па дзве курыцы з’ядала… Які буфет вытрымае!
Планавікі і эканамісты весела смяяліся. Любілі дырэктара, асабліва жанчыны, — за прастату, дасціпнасць. Ды і за выгляд: мужчына што трэба!
Антанюк не падтрымаў яго. Сказаў сур’ёзна:
— Парай, Валянцін Адамавіч, на якім заводзе лепш праверыць эканамічную выгаднасць замены старога абсталявання на вашы аўтаматы.
— На якім? Можаш паехаць у Іркуцк. Далёка? У Каір. Не дадуць дазвол? У Ерэван. Няма камандзіровачных? Я магу выдаць са сваіх сродкаў. Нам такія даныя таксама спатрэбяцца. Згода?