— Згода. Давай у Іркуцк. Пайшлі, выпісвай! — узяў Будыку за локаць і павёў у калідор.
Валянцін Адамавіч трохі сумеўся.
— Ты што, сур’ёзна намерыўся ехаць?
— Я ж не такі жартаўнік, як ты. Хадзем, хадзем.
— Не будзь ідэалістам, Іван. Як я магу даць такую камандзіроўку чалавеку, які да інстытута не мае адносін?
— Ну дык, тваю… не блазнуй перад людзьмі! А то дам па мордзе — ідзі тады скардзіся на мяне куды хочаш, — Антанюк развярнуўся, як для Ўдару.
Будыка баязліва адступіў — ведаў характар свайго камандзіра. Паківаў галавой, дакараючы:
— Старэеш, Іван. Жарты перастаеш разумець. Дрэнны сімптом. Дружбай не даражыш.
Зноў хацелася сказаць, што даражыць дружбай, вельмі даражыць, і ўсё, што робіць, — стараецца дзеля яго ж, Валянцінавай, карысці, дзеля дружбы іх. Але адчуваў, што няма патрэбных слоў, а са звычайных Будыка пасмяецца: «Піянерскі ідэалізм». Таму не стаў больш гаварыць на гэтую тэму. Хопіць, адзін раз пагутарылі. Але пасля, развітаўшыся, дзён колькі адчуваў сябе пагана, нібыта вінаватым ці пераможаным.
XІ
Лада паведаміла бацькам:
— Адзін гжэчны кавалер прапануе сваё сэрца і просіць маёй рукі.
Лада амаль пра ўсё казала з гумарам. Нават блізкія людзі не заўсёды разумелі, калі яна бывае сур’ёзная, а калі блазнуе.
Сядзелі за сталом. Вячэралі. Маці не прыняла яе слоў усур’ёз. Пасміхнулася ласкава, як з малой свавольніцы, паківала галавой, дакараючы: маўляў, калі ты станеш нарэшце дарослым чалавекам! А Іван Васільевіч насцярожыўся, бо адчуў, што дачка кажа зусім сур’ёзна, бадай з хваляваннем, якое хоча схаваць за гумарком.
Лада пранікліва паглядзела бацьку ў вочы, спытала крыху раздражнёна:
— Чаму вы не пытаеце — хто? Вас гэта мала цікавіць?
— Чакаем, што скажаш сама. Сказаўшы «а», трэба сказаць «б».
— Але, «б»! Жаніх трывала стаіць на нагах. Мае цвёрдую аснову. У асобе бацькоў. І сваю ўласную — вучоную ступень. Праўда, першую яшчэ. Але можна не сумнявацца: будзе мець і другую. Усё будзе мець!
Антанюк здагадаўся, пра каго ідзе размова. Вялікай неспадзяванкі ў гэтым не было.
— Фелікс?
— Ты на дзіва здагадлівы, тата.
— Гэта сур’ёзна?
— Наколькі я разумею, з яго боку — вельмі сур’ёзна.
— Будыкаў? — ашаломлена перапытала маці, уцяміўшы раптам, што Лада не жартуе.
— Здаецца, дарагія бацькі, вы вельмі здзіўлены. Чаму? — во што цікава. Мне — дваццаць тры гады. Я — што пераспелая вішня, вось-вось сарвуся і невядома ў чый рот траплю. А мне хочацца трапіць у надзейныя рукі. Ні вышэйшая матэматыка, ні ядзерная фізіка не ратуюць ад біялагічных законаў. Яны дзейнічаюць аднолькава на ўсіх. Не варта забываць пра гэта. Нарэшце, што вы можаце сказаць супраць такога саюза? Я — дзіця горада, дзіця адноснай раскошы. Я прывыкла, каб жыццё маё было на ўзроўні сучаснай цывілізацыі. Я атрымаю для гэтага ўсё: кватэру, дачу, машыну.
Цяпер ужо і ён, бацька, не разумеў: ці Лада здзекуецца са свайго магчымага замужжа, ці пераконвае самую сябе? Калі пераконвае, то гэта будзе яшчэ адно яго паражэнне, яшчэ адно расчараванне, магчыма, самае цяжкае. Нават і ў тым выпадку, калі замуж яна за Будыку не выйдзе. Няхай выходзіць за каго хоча, але толькі без такіх вось пераконанняў, без такой філасофіі.
— Акрамя ўсяго таго, што ты пералічыла, патрэбна яшчэ адна рэч — каханне. І яно, між іншым, не дзеліцца ні на якія этапы і перыяды, — прыгадаў ён нядаўнюю іх размову, каб далікатна, не ў лоб, напомніць пра марака.
— А можа гэта перажытак, ад якога чалавецтва павінна пазбавіцца?
Не, здаецца, яна жартуе. Калі так, то, бадай, можна пераходзіць на такі ж тон.
— Ты рашыла задачу?
— Не ведаю, ці правільна, але рашыла.
Вольга Усцінаўна пляснула далонямі:
— Дала згоду?
Лада ў адказ на матчын спалох падарыла ёй бадзёрую ўсмешку, а на бацьку паглядзела ўсё з той жа праніклівасцю, як бы жадаючы здагадацца, чаго ён чакае.
— Не. Я сказала, што параюся з вамі. Што вы параіце?
— Фелікс будзе добры муж, — не задумваючыся, сказала Вольга Усцінаўна і цяжка ўздыхнула: — Перастарак, праўда. І занудзісты трохі.
Лада зарагатала.
— Цудоўна, мамачка! Найлепшая атэстацыя! Пасля такой — нельга не выйсці за яго замуж!
Што ёй параіць? Што сказаць? Недарэчна думаць, што Будыка жаніцьбай сына замысляе нейкую падэсць, жадае ўлашчыць яго, Антанюка, ці паставіць у няёмкае становішча, прымусіць адмовіцца ад удзелу ў праверцы. Што Будыку баяцца нейкай, па сутнасці, паўафіцыйнай самадзейнай праверкі? Так, некалькі блышыных укусаў: непрыемна, але небяспекі — ніякай. Хутчэй цяпер можна падумаць, што ўсё якраз наадварот: у Будыкаў даўно жыло жаданне парадніцца з імі, Антанюкамі, замацаваць доўгую дружбу сваяцтвам, таму Валянціна і нерваваў яго ўдзел у камісіі. Запрашэнне Генадзя таксама магло быць шчырым — ад жадання зрабіць сям’і нешта прыемнае. Не, апошняе — наўрад. Не такі Будыка наіўны. Добра ведаючы яго, Антанюка, Валянцін не мог не здагадвацца, як сябру «падабаецца» гісторыя з зяцем. Там, безумоўна, была хітрасць, двайная ці трайная. Але якая хітрасць можа быць тут, у жаніцьбе сына? Што адказаць Ладзе? А чаго ламаць галаву? Ён можа адказаць толькі адно!