Выбрать главу

— Я старамодны чалавек, але паўтараю, што сказаў ужо. Я прызнаю толькі адзін матыў для замужжа ці жаніцьбы — каханне. Але я ведаю, што да Фелікса ў цябе не было, няма і…

— Ды адкуль ты ведаеш, Іван? — паспрабавала змякчыць катэгарычнасць яго слоў жонка.

Лада спытала ў маці:

— Ты, мама, за тое, каб я згадзілася?

Вольга Усцінаўна сумелася. Заўсёды спакойная, упэўненая, што для дзяцей — яна найвышэйшы аўтарытэт і суддзя, маці раптам адчула сябе бездапаможнай, як бы пабочнай тут, а таму ўзлавалася:

— Не мне жыць з ім. І машына яго мне не трэба!

А дзён праз некалькі пасля гэтай размовы, без тэлеграмы, прыляцелі на пабыўку Васіль і сябра яго, Саша Павельеў — той самы вясёлы вартавы, што першы затрымаў Антанюка ў гарах. Што маці расплакалася ад радасці — то гэта зусім натуральна, жанчына ёсць жанчына. Але і сам Іван Васільевіч узрадаваўся прыезду сына незвычайна — да нязвыклай, не ўласцівай яму расчуленасці, ад якой пасля нават трохі было няёмка. Не, ён не праслязіўся. Але ціскаў хлопцаў у абдымках, тоўк кулакамі ў плечы, у жывот, без прычыны смяяўся.

Лады дома не было. Хлопцы пайшлі шукаць яе, нават адмовіліся ад абеду, толькі пагаліліся.

Тады ў Івана Васільевіча з’явілася здагадка, і іншы сэнс набылі Ладзіны словы пра этапы кахання. Ён нічога не сказаў жонцы, але яму хацелася паглядзець, як яны сустрэнуцца, Саша і Лада. З нецярплівасцю чакаў іх звароту. Моладзь не спяшалася дадому. Вольга Усцінаўна, заклапочаная, што стынуць стравы, скардзілася:

— Прыехаў сын і не даў на сябе паглядзець. Дзе можна гэтулькі блукаць? У такі мароз!

Ртутны слупок на градусніку за акном апусціўся да 25. Студзень выдаўся снежны і марозны. Нават Антанюку, загартаванаму паляўнічаму, не вельмі хацелася на двор з цёплай кватэры.

Дзеці вярнуліся пад вячэру.

— Былі ў рэстаране? — з крыўдай спытала Вольга Усцінаўна.

— Мама, не былі,— адказаў Васіль. — Мы ж ведалі, колькі смакаты нагатуеш. Нагульвалі апетыт. Цяпер падавай нам хоць вала!

Лада і Васіль памагалі маці збіраць на стол, «замарожвалі» на балконе прынесеную бутэльку шампанскага. Між іншым, шампанскае гэтае таксама насцярожыла Івана Васільевіча. Нават спалохала: «Няўжо так, адразу, з ходу, без размовы з маці, са мной?»

На нейкі час яны засталіся ўдвух з Сашай. Хлопец, такі востры на язык там, у гарах, зрабіўся маўклівы, збянтэжаны.

— Прабачце, што я вось так… не папярэдзіўшы.

— Што вы, Саша. Сябра нашага сына — наш сябра. І жаданы госць.

— У вас багатая бібліятэка. Можна паглядзець?

— Калі ласка.

«Хочаш схаваць ад мяне твар. Няўжо табе так няёмка глядзець мне ў вочы?»

Марак павярнуўся спіной, адчыніў дзверцы шафы, выцягнуў з цеснай шарэнгі тоўстую кнігу ў скураным пераплёце з непаблеклым залатым цісненнем — «Императорские охоты в Беловежской пуще».

— У вас многа літаратуры пра лес.

— Я аграном і паляўнічы. Член калегіі Камітэта па ахове прыроды.

— Я вырас у лесе. Мой бацька ляснічы. Люблю лес. Хачу вучыцца на лесавода. Калі ўдасца. Адзін раз зрэзаўся.

— Чаму не ўдасца? Тым, хто адслужыў у арміі, на флоце, дзверы адчыняюць шырэй…

— І ўсё роўна колькі нас спатыкаецца ў гэтых дзвярах! — весела засмяяўся Саша, павярнуўшыся да гаспадара з кнігай у руцэ. І зноў як бы збянтэжыўся, разгарнуў кнігу.

Іван Васільевіч параіў:

— Будзе час — гросбух гэты раю пагартаць. Цікавыя факты ёсць. Чулі пра нашых зуброў?

— А як жа!

— Дык вось у часе аднаго імператарскага палявання госць царскай сям’і — пляменнічак кайзера — забіў за тыдзень сорак зуброў. І гэта выдаецца за доблесць! Праслаўляецца бойня. Мяснікі!

Саша слухаў, ківаў галавой, павольна перагортваючы старонкі.

— У нас, у Валагодскіх лясах, ласёў многа. Было, што некаторыя высокія браканьеры таксама наладжвалі бойню, — і, быццам спалохаўшыся, што гаворыць не тое, тут жа заключыў: — Цяпер навялі парадак.