— Не, мала яшчэ ў нас парадку ў лясах і на рэках. Знішчаем бязлітасна звяроў, птушак, рыбу. Вы палявалі?
— Так… пачынаў… па-дзіцячаму. Ведаю, як трымаць стрэльбу. Бацька мой усё жыццё пражыў у лесе, але не паляваў. Не любіць. Цялё рэзаць і парасё калоць — лесніка клікаў, а сам з дому сыходзіў. Маці смяялася з яго. Маці ўсё ўмее.
Іван Васільевіч любіў такія размовы — аб усім, у іх малазнаёмы чалавек, непрыкметна для сябе, расказвае і сваю біяграфію, раскрывае свае густы, погляды, характар. Хацелася павесці неяк размову так, каб у хлопца пырснулі гумар, іронія, смех. Чорцікі ў вачах скачуць, але ён гоніць іх прэч. У жартах такая натура, пэўна, адкрылася б паўней, і тады лягчэй было б зразумець яго намеры, ды і спытаць спакваля прасцей.
Шампанскае не выходзіла з галавы. З трывогай чакаў, калі паклічуць за стол. Слухаў галасы Лады, жонкі, Васіля. Заглянуў у суседні пакой. Спытаў:
— Хутка карміць будзеце? Не па-флоцку, жанчыны, у вас выходзіць. Доўга.
Але хацелася, каб гэта ўсё зацягнулася, каб меў больш часу прыгледзецца да нечаканага госця. Не вельмі спадабалася, што стол рыхтуецца залішне па-святочнаму. Лада ці жонка выцягнулі сервіз, якім карысталіся можа раз у год, калі былі асаблівыя госці ці асаблівая ўрачыстасць. Раней ён высмейваў гэтае хаванне дарагіх талерак, супніц: на якое ліха іх тады купляць! Каб пыліліся. А цяпер карцела ўпікнуць жонку: «А гэта навошта? Хіба не хапае штодзённых талерак?» Але адчуваў, што такое пытанне занепакоіць Вольгу: няўжо і ў яго, такога некалі шырокага, шчодрага, з’явілася старэчая сквапнасць — яшчэ адна пенсіянерская рыска? Вольга баіцца пенсіянерства ў характары людзей.
Саша сказаў, гартаючы ўжо другую кнігу-альбом, «Эрмітаж»:
— Васіль збірае кнігі пра мора.
— Заваражыла яго мора.
— Рыхтуецца ў мараходнае.
Укалола трохі: яму, бацьку, сын не сказаў пра гэта. Увогуле, варта радавацца, але ўсё ж крышачку балюча, бо цяпер гэта ўжо не здагадка, не прадчуванне, а перакананне: не адпусціць сына мора, не вернецца ён пад бацькоўскае крыло. Можа таксама пенсіянерская хвароба — гэтае патрыярхальнае жаданне, каб дзеці не разляталіся вельмі далёка?
Усё-такі вельмі хутка сабралі на стол! Колькі прайшло тых хвілін! Перакінуўся з хлопцам дзесяткам фраз, якія нічога не выявілі. На стале не было той пляшкі шампанскага, што не давала спакою. Яна ўсё яшчэ «замарожвалася» ці можа ўжо награвалася. Але высокія бакалы стаялі.
Іван Васільевіч прапанаваў:
— Можа пачнём з шампанскага?
— Гэта ўжо задужа па-інтэлігенцку, бацька, — запярэчыў Васіль. — А мы хочам па-флоцку.
За сталом Васіль быў самы гаваркі і шумлівы. Гаспадарыў. Быццам не ён прыехаў у госці, а да. яго. Але прымаў не бацькоў, а сястру і сябра. Толькі іх. І гэта пабольшыла бацькаву падазронасць.
Лада, звычайна такая шумная, неўгамонная, сцішылася. Але ўся ззяла, свяцілася. І таксама, у сваю чаргу, была гаспадыняй за сталом — аддавала ўсю ўвагу… не, не аднаму Сашу, больш нават брату. Але дзявочая дыпламатыя няхітрая, нават і ў тых, хто вывучае вышэйшую матэматыку і ядзерную фізіку. Не цяжка было ўгледзець, што ўвага яе, гасціннасць праз брата, як праз трансфарматар-узмацняльнік, пасылаецца яго сябру.
Упершыню ў жыцці Іван Васільевіч адчуваў сябе скаваным за ўласным сталом. А маці любавалася сынам, больш яе мала што цікавіла; да таго ж яна часта адлучалася, каб падаць новую страву, замяніць талеркі, і ёй цяжка было прасачыць за ўсімі словамі, усмешкамі, позіркамі, абагуліць іх і асэнсаваць. Мела яшчэ адзін клопат: чаму спазняюцца Мая і зяць? Разы чатыры званіла. Івана Васільевіча гэта мала турбавала, не вельмі хацелася страчацца з зяцем пасля тае размовы.
Калі нарэшце налілі шампанскае і нічога не здарылася, нічога такога не сказалі, акрамя жартаўлівага грузінскага тоста, які па просьбе Васіля сказаў Саша з праўдзівым, а таму і смешным акцэнтам, Іван Васільевіч павесялеў. Не супакоіўся, але ўзрадаваўся, што ў дзяцей стае тактоўнасці не ўзрываць над галовамі бацькоў бомбы.
Прыйшлі Мая і Генадзь. Але цяпер нават зяць не мог сапсаваць добрага настрою. Наадварот. Назіраючы, як Генадзь прагна цэдзіць рэшткі з бутэлек, «выціскае па трыццаць тры кроплі», шкадуе, што спазніўся, — «Усё з-за Маі! Такая капуха!» — Іван Васільевіч усё больш весялеў.
Запрасіў хлопцаў на заўтра на паляванне — на белячка, на ліса. Тыя адразу ж, бадай, з энтузіязмам згадзіліся. Але Лада падумала і рашуча сказала:
— Нікуды яны не паедуць! Вырваліся ў добры горад са сваёй гары на сямі марскіх вятрах — і зноў у лес? Не!
Слова яе для ганарыстых незалежных сп’янелых маракоў — як камандзірскі загад.