Моладзь яшчэ да таго, як сесці за стол, паводзіла сябе незалежна, шумна, на пажылых гасцей не звяртала ўвагі, здавалася — цалкам ігнаравала прысутнасць дзядоў і бацькоў. Хто-ніхто з хлопцаў не саромеўся без запрашэння, без тостаў каштаваць пастаўленае на сталы пітво, але толькі ў тым пакоі, які адводзіўся для моладзі.
Жанчыны падпенсійнага ўзросту ківалі галовамі, уздыхалі, шапталіся паміж сабой: во, маўляў, якія дзеці цяпер!
Івана Васільевіча і Вольгу Усцінаўну нічога ў паводзінах Надзіных сяброў не абурала — яны добра ведалі гэтых хлопцаў і дзяўчат, вось такіх вуглаватых у жыцці, часам нястрымных у выяўленні пачуццяў, але ўпартых у вучобе, у заваяванні такіх глыбінь і таямніц, да якіх яшчэ зусім нядаўна дабіраліся толькі геніі, ды і то вобмацкам.
Бацькоў здзівіла, калі прыйшоў Фелікс Будыка — доўгі сутулы мужчына ў акулярах, у дарагім, але мешкаватым новым касцюме. Ён перадаў нявесце важкі пакунак, нязграбна пацалаваў руку, сказаў: «Віншую». Забыў павіншаваць жаніха ці можа не адразу разабраўся, хто жаніх. Саша адзеў Васілёў цывільны касцюм, трохі кароткі і цесны, і неяк адразу зліўся са студэнцкай грамадой. Адзін Васіль вылучаўся сваёй флоцкай формай.
Фелікс міргаў, праціраў запацелыя акуляры, пакуль Васіль заносіў да суседзяў яго паліто, шапку; доўга не мог рашыць, куды: яму падацца — направа, дзе ў Людзіным пакоі групавалася моладзь, ці налева, у вялікі пакой, дзе чакалі ўсе іншыя госці. Рушыў да моладзі. Але тыя не вельмі яго прынялі — нават пры ціхлі на нейкі час.
Іван Васільевіч спытаў тайком у дачкі:
— Ты запрасіла?
— Я.
— Гэта жорстка.
— Але цікава. Няхай вучыцца, як людзі жэняцца, — засмяялася Лада.
Чакалі Будыкаў старых. Яны былі першыя ў спісачку гасцей, які зрабіла Вольга Усцінаўна перад тым, як параіцца з мужам і дзецьмі. Але раней чым перадалі запрашэнні, якія Лада друкавала на машынцы цэлы вечар, пазваніў сам Валянцін Адамавіч: мабыць, даведаўся ад сына. Лада знарок ашаламіла Фелікса нечаканай навіной — пазваніла яму раней, чым сказала на курсе.
— Іван? — гудзеў басам у трубку Будыка, хоць басу ў яго не было. — Не Васілёў, а чортаў сын! Ад цябе ўсяго чакаў, любой гадасці. Але каб такое!.. Ну, ведаеш!.. Смяртэльна ты нас з Міляй пакрыўдзіў.
— Чым?
— Яшчэ пытаеш — чым! Аддаеш замуж Ладу — і ні слова. Маю любіміцу і хрэсніцу!
— Валянцін, сын Адамаў. Робішся падазроны, траціш веру ў сяброў. І я, і Вольга, і Лада мелі на ўвазе, што на вясельным вечары ты будзеш госць нумар адзін. Ты і Мілана, вядома.
— Праўда! — голас перайшоў на сваю ўласную актаву. — Толькі не госць нумар адзін, а друг нумар адзін! Друг! Не забывай, калі ласка.
— Я не забываю.
— Хочаш сказаць, што я забываю? Не, хлусіш! Я магу ўзяцца загрудкі з табой з-за сваёй ці тваёй работы. Але, як бачыш, застаюся чалавекам ва ўсім іншым. Мой вышэйшы прынцып!
…Агульныя знаёмыя ведалі, каго чакаюць гаспадары.
Паэт, што каўтаў сліну, гледзячы на пітво і закусь, пад якімі гнуліся сталы, не вытрымаў этыкету:
— Іван Васільевіч, давай каманду. Сямёра аднаго не чакаюць.
— Пазвані гэтаму свяцілу, — параіў былы іх камандзір атрада Ціхан Касач. — Начштаба яшчэ тады любіў, каб яго чакалі.
Касач казаў няпраўду: там, у лесе, Будыка быў самы акуратны. Па-вайсковаму. Аднак, выходзіць, цяпер, каб асудзіць, можна прыпісаць чалавеку любыя якасці, любыя заганы, і аспрэчыць іх, бадай, немагчыма. Так прыпісалі некалі яму, Антанюку, памылкі ў рабоце, якіх ён не рабіў.
Іван Васільевіч не запярэчыў Касачу — каму з гасцей цікава, які некалі быў Будыка? Але менавіта, відаць, праз тое, што не запярэчыў, дробязная гэтая, здавалася б, зусім бяскрыўдная заўвага выклікала шмат іншых асацыяцый і навяла на невясёлыя думкі.
Званіць ён не стаў, бо такі званок мог бы пакрыўдзіць іншых гасцей. Паэт і былы партызанскі камандзір — людзі простыя, без бацылаў гонару. А ў некаторых запрошаных жанчын гонар гэты раздзьмуты да шляхецкіх памераў. Дай, напрыклад, па неасцярожнасці зразумець Клаўдзіі Іванаўне, жонцы калегі па былой рабоце, што нехта з гасцей больш пажаданы, чым яна, — зняславіць на паўгорада. Хоць ён, Антанюк, заўсёды ставіўся абыякава да таго, што пра яго могуць сказаць, аднак бестактоўным ніколі не быў. А тым больш, што і няпраўда, нібы Будыка — самы жаданы госць. Некалі, магчыма, было так, а цяпер усё-такі нешта трэснула. Спазненне Будыкаў злавала. Звычайнае хамства! Ён даўно пачаў бы вясельны баль, каб не Вольга Усцінаўна. Яна хітра брала віну на сябе: маўляў, не ўсё гатова, не паспела, не разлічыла. Гаспадыні ў такі дзень усё даруюць. Калі Іван Васільевіч сказаў жонцы на кухні, што трэба пачынаць, яна адказала: