Выбрать главу

— Паехаў бы на паляванне, — параіла Вольга.

— Паляванне ўжо забаронена. Час табе ведаць.

— На ваўка не забаронена. Пахадзіў бы па лесе. Лес цябе бадзёрыць.

Вольга ведае: лес бадзёрыць. Але цяпер яму нікуды не хочацца — ні ў лес, ні ў поле. Ні гуляць па горадзе.

Увайшла Лада.

— Ты нездаровы, тата?

Іван Васільевіч хутка падняўся з канапы, расцёр рукамі твар, быццам са сну.

— Не, здаецца, здаровы. А што?

— Ты ніколі столькі не ляжаў. Што з табой?

— Нічога.

— Ты стаў нейкі не такі, як заўсёды.

— А ты? Ты таксама не такая.

— Я? — Лада задумалася, стоячы пасярод пакоя.

— Мы ні разу не пагутарылі пасля вяселля. Так, як раней.

Лада прысела на край крэсла, пасля скінула тапкі і залезла ў крэсла з нагамі, падкурчыла іх — зусім па-дзіцячаму і па-хатняму. І ўжо праз адно гэта бацька адчуў яе даверлівую блізкасць.

— Я не такая… — з роздумам прызналася Лада і тут жа горача запэўніла: — Але не стала горшая, тата! Не! Не думай… Я люблю цябе… гэтак жа…

Як чалавеку мала трэба: даччыно прызнанне ў любові — і ў застылае сэрца быццам ўліўся цёплы жывы струмень. Іван Васільевіч удзячна, але бадай збянтэжана ўсміхнуўся дачцэ.

— Але… ведаеш… як табе растлумачыць?.. Замужжа шмат што змяніла. Я легкадумна ставілася да яго. О, гэта ўсё больш сур’ёзна!.. Табе я прызнаюся… Праводзячы іх, Сашу і Васю, я раўла на вакзале, як баба. Хіба падобна гэта на сучаснага фізіка? Смех… Ці адносіны да цябе… Помніш, я звыкла яшчэ са школы, і гэта працягвалася ўсе гады ва універсітэце… ідучы раніцой на заняткі, я залазіла ў кішэні твайго паліто і выграбала дробязь — на пончык, на каву, на кіно. Зрэдку ты злаваўся: сядзеш у тралейбус, памацаеш у кішэнях, а там — ні капейкі. А то… на нейкі дзень пасля вяселля… па інерцыі пацягнулася была да твайго паліто і адхапіла руку. Сорамна зрабілася. Цяпер я не растрачу стыпендыю за два дні, як раней…

Зусім расчуліла такое прызнанне. Трохі не да слёз. Але адказаў з грубаватай разважлівасцю:

— Мужыцкая псіхалогія ў цябе абуджаецца. Плюнь на такія ўмоўнасці. Ты ведаеш мае адносіны да грошай. Марнатраўства не люблю. Але каб дачка не магла ўзяць на снеданне… Чаму? Глупства!

Лада памаўчала, падумала, гледзячы на бацьку; у вачах таіўся смутак, быццам развітвалася з нечым дарагім.

— А можа гэта добра, тата?

— Што ж тут добрага?

— Чалавек павінен мяняцца. Ты кажаш — «мужыцкая псіхалогія». У мяне абуджаецца штосьці іншае. Ці прыходзіць запознена сталасць. Ведаеш, у мяне цяпер такое адчуванне, быццам я, нарэшце, ступіла на зямлю. Пад нагамі стала цвёрда. Не гайдае, не калыша, не адносіць убок… Я кпіла з нашых геніяў. Аднак сама глядзела на іншых людзей як бы з вышыні. Я адганяла іх, такія думкі, але ўсё адно яны наведваліся — аб нашай выключнасці. Мы, фізікі, ведаем, пазнаём тое, чаго не ведае дзевяноста дзевяць працэнтаў людзей. Больш, мабыць. Нам адкрываюцца тайны сусвету. Мы яшчэ здзівім чалавецтва! Чым? Над гэтым я часцей і часцей задумваюся цяпер. І вось пасля замужжа я адчула сябе звычайным чалавекам сярод звычайных людзей. Кропляй у моры. І нічога іншага мне не хочацца. Ніякай выключнасці. Навошта? Выключнасць аддаляе ад людзей. А я ні ад каго не хачу аддаляцца. Плакала на вакзале — і мне не было сорамна, людзі разумелі. Пішу Сашу наіўныя пісьмы, нешта накшталт таго, што пісалі тургенеўскія гераіні,— і мне хораша. Хіба толькі смешна самой: я — і такія старасвецкія пачуцці! Што сказаў бы Віцька Дзюба, каб даведаўся?! — Лада, камічна прыжмурыўшыся, паківала галавой.

— Мяне радуюць твае адчуванні. Звычайна закаханыя ўзнімаюцца ў неба і нічога не бачаць на зямлі. У цябе — наадварот. Гэта добра. Але я баюся, каб усё тое, што абуджаецца ў цябе, не адціснула фізіку, не зменшыла твайго захаплення…

— Захаплення квантавай тэорыяй? — Тата! Фізікай не захапляюцца! Гэта не музыка. Таму, хто не ведае, яна здаецца бог ведае якой рамантычнай. Як мне ў школе. Але тое дзіцячае захапленне даўно мінула. Цяпер я катаржанка. Прыкута да навукі, як да галеры. Няспынна, звыш сіл маіх, мушу грабсці. Не рукамі. Мазгамі! А куды плывем? — Лада ўздыхнула. — Куды мы плывем? Мая любоў дала трохі свабоды. І радасці.

Іван Васільевіч са смуткам падумаў: «Любоў да бацькоў і наша да цябе, выходзіць, не давала гэтай радасці. Пакуль не з’явіўся ён, гэты хлапчына». Але крыўды не было — лёгкі смутак і здзіўленне перад адвечным цудам, які робіць каханне.