Выбрать главу

Вярнуўся — Будыка за вячэрай ухмыляецца на ўсю морду:

«А ты хоць ведаеш, што мы не аднаго „языка“ прывезлі?»

«А каго яшчэ?»

«О, не ведаеш? Дзіва! Мадону. Ды яшчэ, здаецца, з младзенцам».

«Якую мадону? Што вярзеш?»

«Праўда. Настаўніцу. Начавалі ў нейкім сяле. Яна прыйшла, на калені перад Паўлам упала. Яны знаёмыя. Або, кажа, вазьміце з сабой, або забіце. Не магу больш. У яе муж у паліцыі. Лепш, кажа, памерці, чым быць жонкай здрадніка».

Мяне быццам ветрам сарвала з месца.

«Вы што, звар’яцелі? Ты за каго там быў? Ты начальнік штаба атрада! Акружэнская ануча!»

Пасля Валянцін прызнаваўся, што ніколі не бачыў мяне такім раз’юшаным. Стаяў, збялелы, навыцяжку. Апраўдваўся, як хлапчук:

«Брат твой яе ведае. І Шугановіч».

«Ты калі мне пра гэта дакладваеш? Хто тут камандзір? Вы што — пахавалі мяне?»

«Камісар нас сустрэў, я думаў — ён сказаў…»

«Хто тут камандзір? — крычаў я ў твар Шугановічу і Паўлу. — Чаму я на другія суткі даведваюся, што ў атрадзе з’явіўся новы чалавек? Хто дазволіў?»

«Я прывёз!»

«Ты думаеш, калі ты мой брат, дык можаш цягнуць у лагер каго хочаш? Хто яна?»

«Жонка Сваяцкага».

Ад здзіўлення нават гнеў мой патух. Я даўно ведаў, што мой калега па райвыканкому — загадчык дарожнага аддзела — зрабіўся намеснікам начальніка раённай паліцыі. А павінен быць з намі, прысутнічаў на нарадзе, якую праводзіў сакратар абкома, залічаўся ў атрад. Адказваў за прадуктовыя склады. Добра, што не за зброю. У лес, калі прыйшлі немцы, не з’явіўся, як, між іншым, не з’явіўся і той чалавек, якога абком назначыў нашым камандзірам. Але той знік бясследна. А гэты вынырнуў. На месцы складаў мы знайшлі пустыя ямы. У нас, адзінаццаці, хто адразу прыйшоў у лес (цяпер ужо дзевяці), з гэтым чалавекам быў свой рахунак. Мы цвёрда вырашылі як-небудзь спытаць у яго: куды дзеліся прадукты і вопратка?

І вось жонка яго ў нас, у лагеры. Ён жыў не ў райцэнтры, а ў Хабылях, кіламетраў за восем, і жонку яго я страчаў рэдка, але помніў. Сваяцкі ажаніўся гады два назад. Неяк неўзабаве пасля вяселля мы са старшынёй выканкома заглянулі ў яго дом — павіншаваць маладых. Далібог, цяпер я сумеўся пасля Паўлавага паведамлення. Можа зрабіць жонку прымаючай на Сваяцкага? А калі яна прыманка на нас, калі гэта хітры ход паліцыі?

«Пры першым жа падазрэнні я расстраляю не толькі яе, але і вас. Усіх траіх. Хто з вас дае гарантыю, што яна не шпіёнка?»

«Якая яна шпіёнка! Яна можа праз тыдзень-два народзіць».

Ну і ну! Хлопцы ўмелі здзіўляць! Тут ужо я зноў, як кажуць, «паставіў свечку».

«Народзіць? Ды вы што — ашалелі?! Што ў нас тут — раддом? Дзіцячыя яслі? Каб да раніцы духу яе не было! Завязаць вочы — і на ўсе чатыры! У любую вёску! Толькі не да нашых сувязных!»

«Немца ты пашкадаваў! — раптам узлавана закрычаў Павел. — А свайго чалавека — на мароз, у завіруху. Такую… А куды яна пойдзе? Сірата. І не тутэйшая. З Віцебшчыны. Мы ёй у тэхнікуме ўсім курсам памагалі. Яна кажа: лепш павешуся, чым назад да паліцая…»

Тое, што яна павесіцца, мяне мала кранула. А вось што брат мой, выходзіць, разам з ёй вучыўся, а значыцца, добра ведае, — трохі супакоіла. І Шугановіч ведае. І таксама — за яе. Бач, як балюча скрывіўся, калі я загадаў вывезці яе з лагера. Толькі Будыка назірае збоку, як старонні глядач, з ухмылачкай сваёй дурацкай — радуецца, пэўна, што віна валіцца не на яго.

Чорт з вамі! Даволі ў мяне клопатаў без вашай бабы!

«Толькі пялёнак вам і не хапае. Ваякі! Спаднічнікі! — і да Паўла: — А за немца мяне не папракай! Гуманіст саплівы!»

А пасля, у той жа вечар, зноў душэўная дэпрэсія. Якія мізэрныя справы! Узялі немца, і таго адпусцілі. Пасварыліся з-за бабы. А заўтра што? Зноў будзем сядзець у зямлянках і слухаць, як вые завіруха? А там ідзе гіганцкая бітва. Паміраюць мільёны. Вырашаецца лёс Радзімы. Што зрабіць, каб памагчы Маскве?

Дасталася ў той вечар і Будыку за яго ўсмешачкі. Доўга ён пасля так не ўсміхаўся.

Распёк Рошчыху за ацеслівы хлеб. Ды з той — што з гусі вада:

«А ты мне печ чалавечую збудаваў, што крычыш, як на жонку?»

Я павінен будаваць ёй печ! Хутка запатрабуюць: чаму няма пялёнак? Ох, даводзілі яны ў той вечар мяне да белага калення, паплечнікі мае!

Але ўсё засланяла адна думка — што рабіць? Не можам спускаць эшалоны. Не маем сілы весці бой з гарнізонамі акупантаў. Няўжо няма больш спраў? Не, ёсць! Смерць тым, хто прадаўся фашыстам! Кобікі і сваяцкія павінны адчуць, што здрада не застаецца непакараная, што ёсць суд народаў. І што гаспадары ў раёне не яны — мы, партызаны!