Выбрать главу

Ісціны агульнавядомыя, амаль банальныя. Іх лёгка паўтараць. Але нялёгка ажыццяўляць.

Калі дзеці былі малыя, ён, Антанюк, зрэдку расказваў ім пра свае партызанскія справы, безумоўна, пра самае гераічнае. Яны слухалі з захапленнем. Падраслі — пачалі скептычна ўсміхацца: не верылі, што ён такі герой. Бачылі звычайнага чалавека, якому ўласціва ўсё чалавечае. А ён пакрыўдзіўся, што яны абыякавыя да яго мінулага. Аддаліўся. Толькі цяпер вось зблізіўся з дачкой, падружыўся.

А сын далёка. Як зблізіцца з сынам? Што зрабіць, каб зразумець адзін аднаго?

Андрэй Пятровіч усё-такі спытаў на развітанне:

— Калі на работу?

Значыцца, не ведае. Лавіў рыбу.

— Не баішся, што я запатрабую, каб вярнулі на тое ж месца?

Андрэй Пятровіч хмыкнуў.

— Не баюся.

— Ведаеш, што не вернуць? Ці цэліш вышэй?

— Не ведаю. І не цэлю. Сам прашуся на інстытут.

— У навуку?

— Дарэмна я сляпіў вочы над дысертацыяй?

— Модным стала — ісці ў навуку.

— Больш пэўнасці.

— Гэта праўда: пэўнасці больш. Толькі нешта навукі не больш. Нашай, сельскагаспадарчай.

Андрэй Пятровіч засмяяўся зноў.

— Чакай. Скончылі з валюнтарызмам — рушым навуку.

Упэўненасць — пазайздросціць можна. А кіраўнік — пасрэдны. Для справы будзе лепш, калі ён падасца ў навуку. Адтуль толькі рэкамендацыі, а адгэтуль — загады. І колькі іх, непатрэбных, недарэчных!

Жонка сказала з папрокам:

— Дзе ты бадзяўся? Табе званілі. Ад Пятра Фёдаравіча. Просіць зайсці. Заўтра.

— Я паеду да Васі. Уначы. Сімферопальскім.

Вольга Усцінаўна збялела.

— Што здарылася?

— Нічога. Проста мне захацелася пагаварыць з сынам. Маю права на такое жаданне?

— Няпраўда.

Убачыў: Вольга падумала немаведама што. Першы год яна жыла са страхам за здароўе і жыццё сына, пакуль не з’ездзіла да яго, не пабачыла, узмужнелага, бадзёрага.

Іван Васільевіч абняў жонку за плечы.

— Якая ты палахліўка! Клянуся: гэта — мая фантазія. Хадзіў-хадзіў — і надумаўся. Сустрэў аднаго таварыша з сынам. На рыбалку ездзілі.

Яна зазірнула ў вочы — паверыла.

Моўчкі сціснула руку — падзякавала, што ён думае гэтак пра сына і хоча пагаварыць з ім. Але і другое яе хвалявала.

— А як жа там? — кіўнула ўгору.

— Пачакаюць. Абыходзіліся два гады без мяне.

— Ты не задаволены размовай?

— Прапанавалі аддзел… Я адказаў: толькі на сваё месца.

— Так яно патрэбна табе, гэта месца?

— Мне патрэбна, каб некаторыя зразумелі…

— Зноў ваюеш? Божа мой!

— Два гады я ні з кім не ваяваў. Можна, нарэшце, дазволіць сабе такую раскошу?

— Табе здавалася, што не ваяваў. А сёння прыходзіла Мілана. Скардзілася. Нехта ім сказаў, што па тваёй прапанове гарком паслаў камісію правяраць інстытут. Навошта табе яшчэ заядацца з Будыкам?

— Чаму гэта ён так спалохаўся камісіі? Звычайная грамадская група дзяржпарткантролю. Нешта ж нам, пенсіянерам, трэба рабіць.

Вольга Усцінаўна папрасіла няўпэўнена, асцярожна:

— Ваня, а можа пачакаць з паездкай? Цябе просяць зайсці, а ты… нібы ўцякаеш. Што падумаюць?

— Я вольны пенсіянер. У мяне свае планы.

— А ўсё ж… — пачуцці яе дваіліся: так хацелася, каб муж паехаў да сына, але не менш хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся на працу. Цяпер такая сітуацыя!

— Я надакучыў табе дома? — паспрабаваў пажартаваць Іван Васільевіч.

— Не надакучыў. Але я не магла не бачыць, як табе неабходна быць у калектыве, з людзьмі. На любой пасадзе. Навошта табе чыны?

— Не, мне трэба чын! Каб з найбольшым эфектам аддаць свой вопыт, ды і тую энергію, што накапіў за двухгадовы адпачынак.

— Ты на любым месцы ўмееш працаваць.

— Нешта цябе пацягнула на кампліменты. Збяры чамадан.

— А можа хоць заўтра?

— Оля, я рэдка калі адмяняю свае рашэнні. Ты ведаеш. У мяне не часта ўзнікала жаданне пагаварыць з сынам. На жаль, не часта. На жаль.

— Пра што ты хочаш гаварыць з ім?

— Ні пра што. Проста так. Пра жыццё. Можа яму пасля будзе лягчэй служыцца…

У маці вочы напоўніліся слязьмі шчасця.

— …а мне ваяваць, як ты кажаш… з валюнтарыстамі. Якое слова! А?

Жончыны вочы ўміг высахлі.

— Ох, Іван, Іван! Калі ты ўгамонішся?

— Калі накрыюць векам. Ды і тады яшчэ буду пускаць біятокі і не даваць некаму спакойна спаць.

Выйшла Лада са свайго пакоя. Стала ў дзвярах, ускудлачаная, хмурая, як заўсёды пасля таго, калі добра пасядзела над квантавымі тэорыямі. Магчыма, незадаволеная, што галасы бацькоў перашкодзілі.

— Чую, мае продкі вядуць вучоную размову. На сённяшнім узроўні. Пра біятокі.